«Адбылося шмат такога, што Лукашэнка не зможа адкруціць назад, таму мы не вернемся ў 2019 год»

Кіраўнік НАУ, намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету агучыў прагноз на наступныя 5 гадоў.

— Лукашэнка зараз мае два галоўных выклікі, — адзначыў Павел Латушка на канале ТОК. — Першы — дэмаграфія, з якой склалася крытычная сітуацыя.

На апошняй сустрэчы з міністрам адукацыі Польшчы я пачуў, што 31 тысяча беларускіх дзетак навучаюцца там у школах і ходзяць у дзіцячыя садкі. Гэта лічба насельніцтва некалькіх раённых цэнтраў!

З-за палітыкі Лукашэнкі сотні тысяч беларусаў з’язджаюць з краіны. Па ацэнках Еўрапейскага парламенту, гэта 500 тысяч, некаторыя называюць лічбы нават да мільёна.

І выязджае найбольш праактыўная, мабільная, адукаваная частка грамадства, якая не можа сабе рэалізаваць у сённяшняй Беларусі. Гэта не значыць, што застаюцца толькі дрэнныя, але з’язджаюць тыя, хто хоча развівацца далей.

Другі выклік — жудасны, велічэзны адток капіталу. Калі паглядзець на тое, колькі грошай прыходзіць у краіну і колькі выходзіць, то можна заўважыць, што адбываецца вымыванне. У гандлі, і таварамі, і паслугамі, аказалася крытычная сітуацыя з адмоўным сальда. Кожны год скарачаюцца інвестыцыі.

Латушка лічыць, што каб выправіць сітуацыю, Лукашэнку давядзецца мяняць палітыку. Палітык даў свой прагноз на бліжэйшы час.

— Я перакананы ў тым, што змены адбудуцца. Працягнецца вызваленне палітвязняў. Яно ўжо адбываецца, але не адбываецца галоўнае — спыненне рэпрэсій. Яны могуць спыніць узбуджаць крымінальныя справы, а пакінуць толькі адміністрацыйныя. У турмы будуць саджаць значна менш людзей.

Транзіт магчымы толькі ў сітуацыі, калі ў Лукашэнкі пагоршыцца здароўе.

У знешняй палітыцы для яго прыярытэтам застанецца Кітай. Ён будзе са скуры прэч лезці, каб атрымаць ад іх больш дывідэндаў, інвестыцый, крэдытных рэсурсаў, і паспрабаваць збалансавацца з РФ.

Захаду ён будзе спрабаваць прадаць вызваленне палітзняволеных і памяншэнне рэпрэсій у краіне.

Але Лукашэнка не вызваліць усіх палітзняволеных, не адновіць дзейнасць апазіцыйных партый і незалежных СМІ.

Не думаю, што і журналісты гатовыя будуць працаваць у Беларусі, разумеючы, што кожны дзень іх могуць пасадзіць толькі за іх дзейнасць.

Не ўяўляю сабе, што адновяць дзейнасць 1800 пазаўрадавых арганізацый, вернуць канфіскаваную ў людзей маёмасць, што пакараюць тых, хто забіваў і рэпрэсаваў беларусаў.

Адбылося шмат такога, што Лукашэнка не зможа адкруціць назад, таму мы не вернемся ў 2019 год. Гэта ілюзіі, — разважае палітык.

Латушка ўпэўнены, што ціск на рэжым можа быць больш прадукцыйным, чым перамовы.

— Мы можам ціснуць і трэба больш ціснуць, каб прымушаць Лукашэнку змяняць унутраную палітыку, каб вызваляць людзей. Але працаваць гэта будзе толькі праз ціск.

Не трэба лічыць, што Лукашэнка патрабуе камунікацыі, нейкіх дадатковых сігналаў. Ён самы лепшы эксперт у санкцыйнай палітыцы, бо прайшоў праз гэта пяць разоў.

Лукашэнка дасканала ведае, за што ўводзяцца санкцыі і як іх зняць. Ведае, што калі ты хочаш зняць санкцыі за праваабарончую тэматыку, ты мусіш спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў.

Калі хочаш, каб знялі санкцыі за вайну, не дапамагай Расіі ў вайне. Хочаш спыніць санкцыі за гібрыдную вайну супраць Польшчы, Літвы, Латвіі, спыняй выкарыстанне нелегальных мігрантаў. Хочаш спыніць санкцыі за самалёт, правядзі расследаванне.

І ўсё ж я перакананы, што шмат чаго памяняецца ў Беларусі да 2030 года, — сказаў Латушка.