Филин

Юлія Кот

Алена Агарэлышава: «На сёння сістэма так зладжана, што ў падлеткаў выбар — альбо ўтойваць свае стасункі, альбо атрымаць крымінальную адказнасць і пакаранне»

Гендарная даследчыца — пра тое, чаму простай матэматыкі недастаткова, каб вырашыць вялікую праблему ў грамадстве.

Журналісты незалежных медыя звярнулі ўвагу, што ў Беларусі прадстаўнікі МУС абмяркоўвалі змяншэнне ўзросту сексуальнай згоды (цяпер, паводле Крымінальнага кодэксу, гэта 16 год).

На гэты конт нават было праведзена адмысловае даследаванне, аўтар якога вывучыў, хто трапле пад адзін з распаўсюджаных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, і прапанаваў унесці ў будучым змены ў заканадаўства — у тым ліку і знізіць планку ўзросту згоды, і ўвесці крытэрыі, якія дазволяць адасобіць злачынстваў ад «законапаслухмяных грамадзян маладзёжнага ўзросту».

Патлумачым: гаворка ідзе перадусім пра артыкул 168 КК —«Палавое дачыненне і іншы дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16 год».

Сёння паводле яе сувязь паміж падлеткамі, скажам, 15 і 18 гадоў лічыцца злачынствам — а між тым, паводле звестак МУС, акурат на гэты артыкул у 2018-2020 гадах прыпадала каля 50% злачынстваў «педафілічнага накірунку».

Пры тым да публічнага меркавання гэтая тэма не дайшла. І ўсё ж — чаму ведамства наогул яе ўзняло, у той час як у цывілізаваным свеце, наадварот, імкнуцца падвышаць мінімальную планку?

І ці вырашыць праблему крыміналізацыі падлеткавых стасункаў змяншэнне ўзросту сексуальнай згоды, ці створыць новыя рызыкі? На гэты конт Филин пагутарыў з гендарнай даследчыцай, заснавальніцай Фемгрупы Беларусь Аленай Агарэлышавай.

Photo: svaboda.org

— Адметна, што ў самім законе па гэтым артыкуле ўказваецца, што гаворка ідзе пра выключна добраахвотныя стасункі паміж асобамі, адной з якіх больш за 18, а другой менш за 16, — звяртае ўвагу даследчыца. — Але ўсё адно такія стасункі кваліфікуюцца як злачынства.

Атрымліваецца: калі чалавеку ўжо ёсць 16, то дзяржава і мы як грамадства давяраем яму ў рашэннях, з кім мець адносіны, а калі ты яшчэ не дасягнуў/ла сексуальнай згоды — у нас ёсць сумневы, што не аказвалася ніякага гвалту і ціску.

Але, па тым жа артыкуле, калі заключаецца шлюб паміж пацярпелым/пацярпелай і асобай, што ўчыніла злачынства — крымінальная адказнасць здымаецца. Гэта цяпер не злачынства, а маладая сям’я. «Жывіце і спраўджвайце беларускую мару». То бок асоба да 16, згодна з законам, не дастаткова дарослая каб прыняць рашэнне пра сексуальныя стасункі, але дастаткова дарослая, каб пашлюбавацца. Гэта як?

Пры тым само па сабе даследаванне такой праблемы, падкрэслівае Алена Агарэлышава, — памкненне добрае, бо заўважаная недасканаласць дзейнага закону і ідзе гаворка, якім чынам можна яго палепшыць.

— Іншая рэч, што шырокага публічнага абмеркавання не было, што ў прынцыпе ўласціва сучаснай Беларусі, да таго ж даследаванню, на маю думку, не хапае істотнай інфармацыі.

Напрыклад, колькі дагэтуль сустракаліся, кажучы буквай закону, ахвяра і злачынца? Магчыма, стасункі завязаліся, калі абодва яны былі непаўнагадовымі і ўсё па законе было ок, а праз час падпалі пад дзеянне артыкулу 168? Гэты момант важна прымаць пад увагу.

І самае важнае, што ў даследаванні мы не бачым іншы бок. Працоўная група МУС анкетавала тых, хто быў асуджаны за злачынства супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх (станам на 2020 год — 638 чалавек, з іх 4 жанчыны — Ф.), і зразумела, што так ці інакш іх адказы ангажаваныя, выкліканыя жаданнем паказаць сябе ў лепшым святле, магчыма, раней выйсці на волю.

Таму многія сцвярджалі, што ў іх былі «сур’ёзныя адносіны», што яны хацелі б удзельнічаць у выхаванні дзіця, калі яно нарадзілася ў выніку такой сувязі, і г.д. Пры тым, факт таго, што яны былі асуджаныя — вынік таго, што ў іх выпадку справа не дайшла да шлюбу. Такім чынам, гэта не вельмі супадае з іх адказамі.

Аўтары даследавання не спыталі ахвяр, што адбылося, па версіі другога боку: ці праўда кожны пяты меў намер стварыць сям’ю, ці насамрэч у трэці выпадкаў бацькі ведалі пра стасункі сваіх дзяцей?

Калі галоўная ідэя закону — абараніць людзей, якія яшчэ не дасягнулі ўзросту сексуальнай згоды, то чаму ў дыскусіі мы не пачулі меркавання гэтай мэтавай групы?

Ці вось такі аспект. Згодна з законам, беларусы і беларускі ва ўзросце да 16 год лічацца недастаткова дарослымі, каб даць згоду на секс, нават калі гэта было добраахвотнае жаданне падлетка. Прытым падаць заяву на ўзбуджэнне справы могуць нават людзі, не знаёмыя блізка з сітуацыяй — умоўна кажучы, пільны сусед ці суседка, якія западозрылі, што аднаму з пары няма 16 год.

— На мой погляд, у дзейным законе агулам шмат «але», шмат пытанняў па практыцы яго прымянення, — зазначае Алена Агарэлышава. — Што мы можам рабіць з гэтымі недасканаласцямі, і ці вырашыць сітуацыю тое, што ўзростам згоды стане не 16, а 15 год? Зноў жа, недастаткова дадзеных, каб даць адназначны адказ.

Статыстычна, магчыма, колькасць кейсаў па гэтым артыкуле зменшыцца, — але, на мой погляд, кожны выпадак мусіць разглядацца асобна.

Многія ў 15-18 год не вельмі разумеюць, што яны робяць, якія наступствы могуць мець іх учынкі, але хтосьці, з прычыны асабістых абставін, характару і г.д., ужо дастаткова дарослы, каб прымаць самастойныя рашэнні.

Таму ўзрост не мае агульнага значэння — варта ісці ад справы да справы.

І тут дакладна трэба працаваць не толькі міліцыянтам, але і псіхолагам, і сацыяльным работнікам. Аднак, калі ў Беларусі апошнія ўключаны ў сістэму адбірання дзяцей з сем’яў, наколькі яны прафесійныя і этычныя?

Тым не менш, у ідэальным сусвеце, я б сказала, з гэтым пытаннем трэба працаваць комплексна, са спецыялістамі па дзіцячай псіхалогіі, з тымі, хто можа дакладна зразумець, ці меў месца не толькі фізічны, але і псіхалагічны гвалт — наколькі падлеткі разумеюць, што яны маюць права як пагадзіцца на сексуальны дэбют, так і адмовіць, пачакаць, і ніхто не мае права іх прымусіць.

Гэтаксама трэба працаваць і з наступствамі: на сёння сістэма так зладжана, што ў падлеткаў выбар — альбо ўтойваць свае стасункі і, калі што, экстранна пабрацца шлюбам, альбо атрымаць крымінальную адказнасць і пакаранне па КК.

Магчыма, патрэбная публічная кампанія, ці лінія ананімнага кансультавання падлеткаў, каб яны ведалі, што могуць звярнуцца, пагутарыць з кваліфікаваным спецыялістам наконт кантрацэпцыі, пачатку сексуальнага жыцця, пытання згоды і адстойвання ўласных межаў, у тым ліку перад бацькамі і настаўнікамі, якія, зразумела, будуць вельмі стыгматызаваць падлеткаў за стасункі з непаўнагадовым ці, наадварот, старэйшым партнёрам.

Патрэбныя тыя ж самыя заняткі па сексасвеце, супраць якіх зараз выступае перадусім праваслаўная царква. А паралельна ў школах штогод уводзяцца «духоўныя» факультатывы і  размовы пра сям’ю, пра абавязкі мужа і жонкі.

І мне хочацца вельмі неэтычна пажартаваць: хіба што вы рыхтуеце дзяцей для таго, каб яны ўступалі ў шлюб са школы, бо настолькі дзяржаве неабходны ўздым нараджальнасці?

— Выглядае так, што ў сучаснай Беларусі дзве рознаскіраваныя ўстаноўкі: з аднаго боку — аўтарытарызм ва ўсіх сферах, слухацца, выконваць, не задаваць пытанняў, а з другога — падлеткам, маладым людзям даводзяць, што заўтра ім «трымаць у руках краіну», прымаць рашэнні, то бок, быць самастойнымі і моцнымі.

— Згаджуся: у падлеткаў выбар паміж тым, каб стаць больш падпарадкаваным, ці прыкласці дадатковыя высілкі, каб выбудаваць сваю незалежнасць, пры тым не вельмі разумеючы, якім дарослым ён не мусіць ні ў якім разе казаць «не», а якім мусіць і мае поўнае права. Такая крыху шызафрэнічная рэальнасць: «гэта тое ж самае, але іншае».

Вяртаючыся зноў да даследавання, застаецца пытанне:

  • Ці дэкрыміналізацыя стасункаў паміж падлеткамі палепшыць сітуацыю ў грамадстве, ці мы хочам імітацыі нармальнасці, каб расла колькасць беларускіх сем’яў, нават калі маці — 16 год і менш?
  • Ці мы жадаем росту колькасці абортаў у такім узросце? Альбо неабходна ўсё ж працаваць не толькі з наступствамі, але і размаўляць з падлеткамі больш і пра секс, і пра кантрацэпцыю, бо табу на такія размовы мае прамы ўплыў на іх далейшае жыццё?

Рэзюмуючы — класна, што ў прынцыпе ідзе гаворка на гэтую тэму, але не хапае вельмі шмат складнікаў, калі мы хочам атрымаць якасны вынік, а не толькі лепшую статыстыку. Адно зніжэнне ўзросту сексуальнай згоды праблему карэнным чынам не вырашыць.

Без працы ў комплексе, без размоў пра тое, што ёсць згода, што такое гвалт і які розны ён бывае, без гутаркі пра асертыўнасць, уласныя межы, нават калі чалавеку толькі 14-15 год — без гэтага вельмі складана змяніць сітуацыю да лепшага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(3)