Беларускую выцінанку ўключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА
Гэта шосты беларускі элемент, які дадалі ў гэты спіс.
Пра ўключэнне беларускай выцінанкі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА паведаміла МЗС Беларусі.
Выцінанка — гэта мастацтва выразання карункавых узораў з паперы, якое бярэ свой пачатак у XVI стагоддзі, набыло шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя як спосаб аздаблення інтэр’еру традыцыйнага жылля і было адноўлена як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы ХХ стагоддзя.
Другое нараджэнне выцінанкі мастацтвазнаўцы звязваюць з творчасцю Вячаслава Дубінкі. Ён называў свой улюбёны занятак выразаннем казак.
Калі Дубінка працаваў фотакарэспандэнтам у газеце «Звязда» (1966-1971 гады), ён шмат паездзіў па Беларусі і за яе межамі.
— А часу марна трацілася. На пераезды, у чаканні цягніка, самалёта. Вось і знайшоў занятак, крышыў нажніцамі паперу, — успамінаў Вячаслаў Дубінка ў сваім апошнім інтэрв’ю «Інфа-Кур’еру». — Спачатаку простыя зімовыя сняжынкі, а пасля ўзяўся і за сюжэтныя.
Падчас выцінання ў Жлобіне, калі чакаў цягніка, да мяне прычапіўся дзяжурны міліцыянт з пытаннем: «Што вы робіце?». – «Выразаю казку», — адказваю. – «Для чаго?» – насядае служывы. – «Для душы». – «Пройдземце са мной», — цягне мяне ў пастарунак і тлумачыць дзяжурнаму капітану: «Падазроны. Бачыце, усе людзі як людзі — сядзяць, піва п’юць, семкі плююць, у карты рэжуцца… А гэты ненармальны — з нажніцамі…».
Паводле Вячаслава Дубінкі, выцінанкі ў такім выглядзе, як цяпер, даўней і не было.
— Выцінанкай упрыгожвалі хату да Каляд, на Вялікдзень. Сціплыя фіранкі на вокны, разеткавыя рушнічкі для абразоў, палічак. Сюжэтных кампазіцый не рабілі, хіба культавыя — для касцёлаў. На жаль, узораў амаль не захавалася.
Читайте еще
Избранное