Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне
Калі ў верасні 2021-га сілавікі ламіліся ў кватэру айцішніка Андрэя Зельцара і яго жонкі Марыі, хутчэй за ўсё, яны шукалі не іх. Брат Марыі, Максім Юрчанка, перакананы — кадэбэшнікі ішлі па яго.
Праз тры гады пасля трагедыі ён расказаў пра сястру і згадаў падзеі тых дзён, піша Наша Ніва.
«Сказалі, мяне шукаюць, лічаць, што я тэрарыст»
Максім прапісаны ў кватэры, дзе жылі Андрэй Зельцар і Марыя Успенская. Ён лічыць, што ў той злашчасны дзень шукалі менавіта яго. Бо за два дні да гэтага, 26 верасня 2021 года, ён апублікаваў у інстаграме відэа акцыі групы беларускіх партызан «Чорны бусел» аб атацы дронам базы АМАП ва Уруччы.
Пра тое, што ішлі па брата, публічна заяўляў і Лукашэнка.
— Кватэра адпрацоўвалася і правяралася — у плане праверкі была, як я вам сказаў, — якая не належыць гэтаму мярзотніку і жонцы (так зневажальна Лукашэнка выказаўся пра Зельцара. — НН).
Гэта была кватэра брата гэтай жонкі, якая там здымала. І сёння нам абсалютна дакладна вядома, што гэта не проста актыўны ўдзельнік гэтага пратэснага, як мы мякка кажам, удзельнік мяцяжу, а самы сапраўдны… — выказваўся правіцель.
Максім на той момант быў у Расіі.
— Адтуль з’ехаў у снежні 2021 года. За гэтыя два месяцы, канечне, ледзь не звар’яцеў, — дзеліцца ён.
Пра перастрэлку ў кватэры ён даведаўся на наступны дзень пасля гібелі Зельцара.
— Я 29 верасня ад сяброўкі атрымаў спасылку на «Нехту» з пытаннем: «Гэта Маша ці не?». Я адказаў: канечне, так. Звязаўся з мамай. Яна сказала, што бабуля вельмі хворая пасля аперацыі, мяне шукаюць, лічаць, што я тэрарыст. Пасля гэтага тэлеграм выдаліўся з усёй перапіскай, і з таго моманту з маці я не размаўляў, амаль тры гады.
У перастрэлцы загінулі Андрэй Зельцар і кадэбэшнік Дзмітрый «Нірвана» Федасюк. Марыі ж прысудзілі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы (тэрміну няма — у бальніцы яна будзе да таго часу, пакуль камісія не вызначыць, што яна выздаравела).
10 кастрычніка 2024 года ў судзе было чарговае пасяджэнне па справе Марыі — разглядалі змену прымусовых мер лячэння (інфармацыю пра гэта ў раскладзе судоў заўважыў Dissidentby). Што было на судзе, невядома.
«Кожны мой прыезд у Беларусь сканчваўся скандаламі»
Максім расказвае пра сябе: чацвёра дзяцей, працуе айцішнікам, даўно стала не жыве ў Беларусі. Удзельнічаў у пратэстах у 2006-м, прыязджаў на Плошчу ў 2010-м.
— У мяне лукашысцкая сям’я. Кожны мой прыезд у Беларусь, дзе я з 17 гадоў не жыў, сканчаўся скандаламі. Мы апошні раз камунікавалі вясной 2020-га, калі я быў у Беларусі, таксама са скандаламі.
Максім на 7 гадоў маладзейшы за сястру. Апісвае Марыю як «жорсткага чалавека» і тлумачыць гэта ўмовамі, у якіх яны раслі: бацька — алкаголік, дзяцей практычна выхоўвала адна маці.
Марыя — эканаміст, працавала па дзяржаўных прадпрыемствах. Падчас працы і пазнаёмілася з Андрэем (гэта яе другі муж, прозвішча Успенская засталося ад першага). Пасля нарадзіла сына і доўгі час не працавала, пакуль дзіця не споўнілася 7 гадоў. Апошняе яе вядомае месца працы — прадавачка ў «Міле».
Пра Андрэя Зельцара Максім адгукаецца станоўча: «Цудоўны хлопец, добры бацька».
Ён кажа, што яго сястра, як і сям’я, раней падтрымлівала рэжым. Але 2020-ты, магчыма, змяніў яе стаўленне.
У дзень, калі ў кватэру ўламіліся сілавікі, Зельцар з жонкай не ведалі, што гэта супрацоўнікі КДБ, мяркуе Максім. Таму і званілі ў міліцыю. А здымаць відэа сталі, каб усё зафіксаваць.
— Яны [кадэбэшнікі], напэўна, думалі, што ідзе трансляцыя. Таму хутка выклалі сваю змантаваную версію відэа, напужаліся, — выказвае сваё бачанне Максім.
Поўнае відэа з камеры Зельцара сілавікі так і не апублікавалі. Не паказалі і таго, што зняла на тэлефон яго жонка. Таму дагэтуль застаецца пытанне, што ж насамрэч здарылася ў кватэры на Якубоўскага.
З роднымі ў Беларусі Максім кантакт цяпер не падтрымлівае, таму пра тое, што адбывалася пасля затрымання сястры, практычна не ведае. 11-гадовага сына Марыі і Андрэя, наколькі вядома, цяпер даглядае маці Марыі.
Сам Максім з сям’ёй у Грузіі. Ён падаваўся на міжнародную ахову, але яму адмовілі. «Напісаў скаргі ў суд, збіраю ўсе доказы», — дзеліцца ён. Калі не атрымаецца абскардзіць, спадзяецца легалізавацца ў бяспечнай еўрапейскай краіне.
Читайте еще
Избранное