Политика

Юлія Кот

Брухан: «Стаць у позу Лукашэнка, канешне, можа. Але…»

«Вызваленне ўсіх палітвязняў Беларусі — гэта будзе важкі поінт». Спікер КР распавядае Филину, ці не паспяшаўся Лукашэнка адмаўляцца ляцець у Вашынгтон. І чаму самаўлюбёнасць Трампа можа нават пайсці беларусам на карысць.

Неўзабаве (меркавана ўжо на наступным тыдні) у ЗША мусіць адбыцца першае паседжанне «Рады міру», скліканай Дональдам Трампам. Аднак прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, які адным з першых запісаўся ў шэрагі гэтай арганізацыі, паведаміла ўжо, што сам правіцель быць у Вашынгтоне не зможа. Спаслаліся на «загружаны графік» і «лагістычныя складанасці», што гучыць вельмі дзіўна.

читайте также

А яшчэ, калі па шчырасці, гэты крок можа быць рызыкоўным. Калі Лукашэнка не стаў, як мяркуюць некаторыя аналітыкі, раздражняць Крэмль — гэта зусім не значыць, што ён не раззлуе сваёй няяўкай Дональда Трампа.

Хто ведае, ці не пакрыўдзіцца імпульсіўны прэзідэнт ЗША на тое, што да яго адпраўляюць усяго толькі міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова (і, заўважце, без мільярда долараў)? І як вынік — ці не сарвецца альбо запаволіцца для афіцыйнага Мінска дыялог з Вашынгтонам, «вялікая здзелка», пра якую шмат казаў Лукашэнка, а галоўнае — ці не замарудзяцца альбо адсунуцца на няпэўны час новыя вызваленні палітвязняў?

Спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан, зрэшты, спрабуе паглядзець на сітуацыю з пазітыўнага ракурсу і мяркуе, што самаўлюбёнасць Трампа можа нават пайсці беларусам на карысць.

Арцём Брухан. Фота: «Радыё Свабода»

— Рабіць прагнозы адносна паводзінаў Дональда Трампа — справа няўдзячная, але я ўсё ж такі паспрабую. На мой погляд, усё будзе залежаць ад таго, наколькі ЗША, дый сам Трамп, зацікаўленыя ў тым, каб трошкі падціснуць Лукашэнку.

І мне падаецца, гэта <адмова Лукашэнкі> можа быць выкарыстана. Маўляў, вы не пайшлі нам насустрач — мы запрасілі на такое важнае мерапрыемства, а вы прыслалі ўсяго толькі міністра, а не прэзідэнта. Таму, каб ладзіць далейшую супрацу, вам трэба зрабіць больш моцныя крокі, прынамсі — вызваліць больш значную колькасць палітвязняў.

Гэта пазітыўны сцэнар. І я спадзяюся, што дзякуючы працы таго ж Джона Коўла, а да яго Крыстафера Сміта, мы пабачым неўзабаве менавіта такія адносіны да Лукашэнкі. У тым сэнсе, што яго падціснуць, каб ён паскорыў вызваленне палітвязняў — бо ён і так зацягнуў, шчыра кажучы.

Наўрад ці беларускае пытанне знаходзіцца цяпер у фокусе ўвагі Трампа, дадае суразмоўца «Филина» — аднак ягоныя памочнікі і спецпасланнікі зацікаўленыя ў тым, каб хутчэй яго развязаць:

— Гэта нават банальная бюракратыя: ёсць пэўныя прызначаныя асобы, і яны хочуць дэманстраваць вынік. У іх інтарэсах нагадваць Трампу, што ёсць і вось такія варыянты ўздзеяння.

Тым больш, я на 100% упэўнены, што ён яшчэ не адмовіўся ад мары атрымаць Нобелеўскую прэмію міру. А вызваленне ўсіх палітвязняў Беларусі — гэта будзе важкі поінт да атрымання гэтай прэміі.

— Але ж Лукашэнка вельмі не любіць ісці на саступкі, каб не падалося, што яго «прагнулі» і ён праявіў слабасць — і чым больш на яго ціснуць, тым больш ён будзе станавіцца ў позу і зацягваць працэс?

— Стаць у позу перад Трампам Лукашэнка, канешне, можа, але…

Нават калі ў яго ёсць такая думка — мяркую, яму параяць гэтага не рабіць. Бо можна сапраўды аказацца ў зусім іншым становішчы і іншай позе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)