Филин

Юлія Кот

«Час, калі спатрэбіцца вяртаць маёмасць, прыйдзе значна хутчэй, чым многія лічаць»

Юрыст Міхаіл Кірылюк — пра перспектывы закону аб аднаўленні правоў уласнасці беларусаў на нерухомасць, якую сёння з імпэтам канфіскуюць беларускія ўлады.

Блок «Еўрапейскі выбар» рыхтуе рэзалюцыю Каардынацыйнай рады аб намеры вяртаць уласнасць актывістаў і лідараў дэмакратычнага руху, канфіскаваную цяперашнім рэжымам з палітычных прычын.

У перспектыве плануецца распрацаваць закон «Аб парадку і ўмовах аднаўлення правоў уласнасці грамадзян на захаваную нерухомасць, а таксама на выплату кампенсацый». У падмурак новых прапаноў лёг закон Літвы ад 1994 года, паводле якога да 2001 года ўласнікам вярталася іхняя маёмасць, канфіскаваная савецкімі ўладамі.

Па сутнасці, ідэя пашырае прадстаўленую летась Офісам Святланы Ціханоўскай канцэпцыю кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным падчас праўлення Аляксандра Лукашэнкі.

Ініцыятары праекту мяркуюць ужо цяпер пачаць ствараць адзіны рэестр (на бягучы час ён не публічны) арыштаванай і канфіскаванай маёмасці на падставе зваротаў грамадзян і распрацоўваць інструменты, каб вярнуць яе законным уласнікам, калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца ў лепшы бок.

Пра маштабы канфіскацыі маёмасці беларускім рэжымам і перспектывы планаванага закону Филин пагутарыў з юрыстам НАУ, чальцом абноўленай Каардынацыйнай Рады Міхаілам Кірылюком.

Фота Наша Ніва.

— Пасля 2020 года ўлады ўжо канфіскавалі і прадалі кватэры і лецішчы Сяргея і Святланы  Ціханоўскіх, Валерыя і Веранікі Цапкалаў, Уладзіміра Лабковіча, Ніны Багінскай, Алены Янушкоўскай, шмат у каго з актывістаў на нерухомасць накладзены арышт. Таксама вядома пра крымінальныя справы, заведзеныя ў РБ на прыкладна 200 беларусаў замежжа і 257 удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду.

То бок, лік можа пайсці на сотні канфіскацый. Ці былі ў сучаснай гісторыі падобныя маштабы незаконнага ціску на «няўгодных», з часоў Савецкага Саюза і нацысцкай Германіі?

—  Адказ на гэтае пытанне залежыць ад юрысдыкцыі. Калі браць цывілізаваны свет, Заходнюю Еўропу, ЗША, — то наўрад ці. Калі ж улічваць, напрыклад, некаторы краіны Афрыкі, то там былі прыклады і страшнейшых генацыдаў і пераследу.

І гэта пацвярджае тэндэнцыю, куды рухаецца і дзе сёння знаходзіцца Беларусь у праўным рэйтынгу (летась РБ была на 104 са 142 пазіцый у Індэксе вяршэнства закону — Ф). Дзяржава, тыя яе органы, якія павінны выконваць законы, знаходзяцца на трэцім месцы з канца, а самі беларусы, як грамадства, — значна вышэй.

Такі парадокс: грамадства ў нас больш еўрапейскае, а ўлады ўжо нават не азіяцкія, а больш афрыканскія ў сэнсе вяршэнства закону.

Наогул, апошнія дзеянні ўладаў — адбіранне маёмасці, пагрозы сваякам тых беларусаў, хто з’ехаў з краіны — асацыююцца больш з тэрарыстычнымі групоўкамі, для якіх звыклая справа браць у закладнікі радню сваіх ворагаў, чым з уладамі.

— З гледзішча праўніка, якія перспектывы ў планаванай рэзалюцыі КР і закону аб аднаўленні права ўласнасці і кампенсацыі ахвярам рэпрэсій: проста цяпер гэта ўспрымаецца як спадзеў на справядлівасць, а ў будучым?

— Я бачу сэнс рабіць праўную працу ў гэтым напрамку і ўхваляю ініцыятыву нашых калег. Таму што нават тое, што выпрацоўваецца сёння і зараз, мае праўныя наступствы не толькі для будучыні, але і для тых спраў, што адбываюцца ў Беларусі цяпер.

Растлумачу, чаму. Калі чалавек купляе нейкую нерухомасць, памяшканне — ён разлічвае, што ніхто гэты набытак не адбярэ. І калі нават прыйдуць да ўлады іншыя людзі і вернуць гэтае памяшканне папярэдняму ўладальнікі, то пакупнік будзе спадзявацца, што ён, як добрасумленны ўдзельнік здзелкі, будзе мець права на кампенсацыю.

Але ж добрасумленным можа лічыцца той чалавек, які, паводле закона, не ведаў і не мог ведаць, што набывае маёмасць, атрыманую заведама незаконным шляхам.

Для мяне відавочна, што кватэры, іншая маёмасць, якая цяпер канфіскуецца ў палітвязняў, грамадскіх актывістаў і палітыкаў, якія за мяжой, канфіскуюцца неправавым, незаконным шляхам. І, на маю думку, трэба людзям, якія маюць намер такую маёмасць купіць, аб гэтым даводзіць. Спадзяюся, кагосьці гэта спыніць — па-першае, такая здзелка неэтычная, а па-другое, агульнадаступныя публікацыі і тлумачэнні законаў даюць разуменне, у ва што такім чынам пакупнікі ўцягваюцца.

І вось каб яны разумелі: калі, нягледзячы на ўсе папярэджанні, чалавек набудзе маёмасць палітвязня, а інфармацыя пра наступствы такой пакупкі была распаўсюджаная ў медыях — то сцвярджэнні «я не ведаў, не быў у курсе» суд можа не прыняць як абгрунтаваныя. Таму гэта важна і карысна, не толькі на будучыню, але і зараз, што ў незалежных медыя растлумачваюцца не адзін раз прававыя наступствы, і падрабязна распавядаецца, што зараз адбываюцца незаконныя канфіскацыі, і пакупнікі незаконна канфіскаванай маёмасці таксама рызыкуюць аказацца ў стане пакупніка скрадзенага.

Што да пытання перспектыў і тэрмінаў, калі падобны закон спатрэбіцца — на мой погляд, сёння ў Еўропе склалася ўнікальная сітуацыя, калі ідзе маштабная вайна, развязаная Пуціным супраць Украіны. Яна, мабыць, больш маштабная, чым была Югаслаўская вайна, і найбольшая з часоў Другой сусветнай — і гэта адзіны фактар, які ўтрымлівае Лукашэнку пры ўладзе.

Так вось, калі ўзяць ці Югаслаўскую, ці Другую сусветную — яны працягваліся менш за 10 год, а зараз усё ж такі, дзякуючы тэхналогіям, абмен інфармацыяй і прыняцце рашэнняў ідзе хутчэй

Калі гэтая вайна скончыцца паразай Расіі — я ўпэўнены, Лукашэнка пры ўладзе не ўтрымаецца. А гэта значыць, што час, калі спатрэбіцца вяртаць маёмасць, прыйдзе значна хутчэй, чым многія лічаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(35)