Филин

Юлія Кот

Ці чакаць беларусам палёгкі ад перагляду Крымінальнага кодэксу?

Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Святлана Галаўнёва — пра тое, чаго чакаць ад перагляду Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Беларускія ўлады збіраюцца ў чарговы раз змяніць Крымінальны кодэкс. 30 мая адбылося паседжанне міжведамаснай камісіі, дзе, паводле слоў намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольгі Чупрыс, разглядалі каля 350 прапаноў ад дзяржорганаў, суддзяў, дэпутатаў і правазнаўцаў-вучоных.

— У мэтах выпрацоўкі найбольш аптымальных прававых мадэляў вывучаўся замежны досвед, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі і навуковыя напрацоўкі. У асобных выпадках мы звярталіся да вопыту Крымінальнага кодэксу БССР 1960 года, — сказала Чупрыс.

Таксама яна паведаміла, што плануецца змякчыць пакаранне па больш як 90 складах злачынства — кодэкс збіраюцца дапоўніць пакараннямі, якія не звязаны з пазбаўленнем волі.

Нагадаем, «пералапаціць» крымінальнае заканадаўства патрабаваў Лукашэнка на нарадзе па амністыі ў студзені бягучага года. Тады гучалі заклікі пра «індывідуальнага падыходу» і «справядлівасці, якая павінна пранізваць увесь крымінальны закон і практыку ягонага прымянення». Але да чаго насамрэч прывядзе перагляд КК — ці не атрымаецца так, што для «палітычных» жорсткасць пакарання застанецца ранейшай ці нават узмоцніцца, а зменшыцца адказнасць для сапраўдных злачынцаў?

— Такое ў прынцыпе можа быць, — адзначае ў каментары Филину юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Святлана Галаўнёва.

— Але важна разумець, што пакуль гаворка ідзе толькі пра падрыхтоўку праекту заканадаўства, і разважаць на гэты конт мы можам вельмі агульна — пакуль паправак як такіх яшчэ няма, і законапраект нават не ў стадыі разгляду. Дый тады шмат чые меркаванні ўплываюць на тое, у якім аб’ёме і выглядзе ён будзе прыняты.

Прыкладам, можа быць, што парламент у першым чытанне прыме папраўкі, а ў другім — не. Такая сітуацыя была прынамсі па змякчэнні адказнасці па «наркатычным» артыкуле 328 у 2018-2019 годзе, калі ўладам трэба было паказаць, што яны рэагуюць на грамадскі запыт, быў вельмі моцны «Матчын Рух 328», шмат пра гэта казалі і пісалі. Але па выніку ніякіх палёгкаў не адбылося, праўкі ў КК не прынялі ў другім чытанні.

Таму ў дадатак да тых рэчаў, якія зараз абмяркоўвала міжведамасная камісія, можа быць прынята яшчэ шмат чаго, не вельмі добрага.

Агулам, калі ацэньваць спрошчана (добра ці кепска) тое, што прапануецца змякчыць пакаранне па цэлым шэрагу злачынстваў і прызначаць не толькі пазбаўленне волі, але і іншыя віды адказнасці, то я мяркую, гэта заўсёды добра. Бо пазбаўленне волі мусіць быць крайняй мерай, калі сапраўды нічога іншага не дапаможа.

Так, ёсць шмат злачынстваў, адносна выканаўцаў якіх мы б не вельмі хацелі, каб гэтыя людзі вольна хадзілі па вуліцы — але ўсё ж гэта не значыць, што заўсёды і ўсіх трэба саджаць у турму.

— Праваабаронцы неаднаразова казалі, што беларуская пенітэнцыярная сістэма насамрэч не садзейнічае выпраўленню і «перавыхаванню»…

— Так, менавіта, яна не выпраўляе. Гэта асобная вялікая тэма і праблема — стан пенітэнцыярнай сістэмы. Наогул, патрэбная вельмі добрая сістэма, каб яна не проста не траўмавала чалавека, а сапраўды выпраўляла яго і давала пазітыўны вынік для грамадства.

Таму, паўтаруся, няма нічога кепскага ў тым, каб па нейкіх артыкулах дадалі больш варыятыўнасці, не толькі пазбаўленне волі. Нават калі гэта не закране абвінавачаных па палітычных матывах.

Іншая рэч, што мы сёння жывём з такой дзяржавай, ад якой заўсёды чакаем горшага і міжволі думаем, што нават нейкія добрыя рэчы могуць павярнуцца ў горшы бок — на жаль, такая ў Беларусі практыка, такая існая праваахоўчая і судовая сістэма.

Зрэшты, дадае Святлана Галаўнёва, абвяшчэнне амністыі, якой даволі даўно не было, «разнос» правіцелем прапагандыстаў на медыяфоруме нібыта за вал негатыву на адрас Украіны, планаваныя змены ў КК і верагоднае змякчэнне пакарання для многіх — усё гэта пакідае выразнае ўражанне: улады хочуць зрабіць выгляд, быццам бы ідуць на саступкі.

— Прынамсі ў маім уяўленні гэта ўсё пэўныя сігналы: глядзіце, вось мы ідзём на кампрамісы, пачынаем дыялог, нават са злачынцамі, — кажа юрыстка. — Хоць, вядома, пакуль гэта не дзеянні, толькі намёкі.

— У навіне пра будучыя змены КК зачапіла ўдакладненне, што «ў асобных выпадках звярталіся да вопыту Крымінальнага кодэксу БССР 1960 года». Але ж відавочна, што тыя нормы і рашэнні састарэлі.

— Згодная, цікава, на якія менавіта нормы і артыкулы глядзелі — бо відавочна, што кодэкс 60-гадовай даўніны, сфармуляваны паводле заканадаўства СССР, састарэў. І нават бягучы Крымінальны кодэкс шмат у чым састарэў, бо гэта досыць непаваротлівая машына.

Зварот да мінулага мне падаецца не вельмі добрым фактарам — лагічна было б глядзець на сучасную судовую практыку, больш звязаныя з рэчаіснасцю рэчы, а не тое, што сёння відавочна не актуальнае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(5)