Ці пісаў Васіль Быкаў вершы
Што гучала на архіўнай аўдыёкасеце і што знайшлі даследчыкі. 100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.
Колькі год таму адзін сумнавядомы палітык заявіў, што вырас на вершах Васіля Быкава. Тады тыя словы выклікалі смех, але потым былі публікацыі з каментарамі даследчыкаў.
Справа ў тым, што ў архівах пісьменніка адшукалася аўдыёкасета з запісам калядкі. Удава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна казала журналістам, што Быкаў напісаў яе ў пачатку 80-х для Уладзіміра Караткевіча.
Гучала яна так:
«Шчодры вечар, шчасьлівы вечар,
багаты вечар, шаноўны пан.
Гарыць на куце паўтузін сьвечак,
Хрыстос нам сьвеціць і гоніць зман.
Хрыстосу слава і славай слава,
Цярпліўцам моцы ў цярпеньні дам,
Галодным хлеба, убогім веры,
Жыцьця і шчасьця ўсім людзям».
Пазней даследчык літаратурнай спадчыны пісьменніка Сяргей Шапран адшукаў у архіве Рыгора Барадуліна віншаванне з Раством, напісанае Быкавым. Цікава, што падпісаны ён «Васіль Быкаў, паэта».
А ў 2012-м здарыўся канфуз. «Гродзенская тыпаграфія» паспела надрукаваць наклад вучнёўскіх сшыткаў з партрэтам аўтара «Жураўлінага крыку» і вершаваным чатырохрадкоўем па-расійску.
Вельмі хутка выявілася, што аўтар таго верша і праўда Васіль Быкаў, але не той, пра каго падумалі ў тыпаграфіі, а поўны цёзка з Расіі, малады паэт.
А вось, што ўспамінала сястра пісьменніка Валянціна пра іх дзяцінства:
— Аднойчы мы знайшлі сшытак, спісаны дробным Васілёвым почыркам. Там было нейкае апавяданне, добра не памятаю аб чым. Пачынаў ён пісаць і вершы, але хутка кінуў, нешта не пайшло ў яго. Помню, нават пасылаў свае вершы ў газету «Чырвоная змена». Увесь час бавіў за кніжкай, усю Кубліцкую бібліятэку перабраў.
Дакладна вядома, што ў «Гродзенскай праўдзе» праз рукі Быкава прайшлі вершы не аднаго паэта і паэткі, якія потым здабылі сабе імя.
Вось як ён сам згадваў той час у сваіх мемуарах:
— Рэдакцыйныя справы на тую пару мяне ня надта даймалі. Звычайна на дні прымаў маладых паэтаў зь іх вершамі, пісаў адказы на іхнія допісы, рабіў агляды паэзіі, што дасылалася ў газэту.
Раз у месяц або ў квартал газэта друкавала літаратурную старонку, на якую трэба было падабраць тузін вершаў і адно-два апавяданьні. Увогуле тое было няцяжка і не рабіла клопату. У Горадні няблага пісалі маладыя.
Гэтымі маладымі, па словах Быкава, былі студэнтка Данута Бічэль, якая «ішла ў літаратуру са сваім адметным голасам», «спрытненькая школьніца Вольга Iпатава», уласны карэспандэнт газэты з Навагрудка Валянцін Блакіт ды іншыя.
Выглядае, што народны пісьменнік уласнымі вершамі займаўся нядоўга і несур’ёзна. Але цалкам магчыма, што ён спрычыніўся да з’яўлення на літаратурным небасхіле Беларусі не адной паэтычнай зоркі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное