Я таксама адчуваю гэты боль: больш за 640 дзён я не магу даведацца пра лёс майго мужа.
Ціханоўская: «Напішыце сёння ліст ці паштоўку зняволеным, працягніце руку дапамогі беларусам, якія толькі што вымушана эмігравалі»
Лідарка дэмсіл — да Дня правоў чалавека.
— 10 снежня 1948 года была прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, якая стала сімвалам надзеі для людзей ва ўсім свеце. Але сёння, нават у сэрцы Еўропы, гэтыя відавочныя правы пад пагрозай, — напісала Святлана Ціханоўская.
— Тыя прынцыпы, што павінны былі быць непахіснымі, ставяцца пад сумнеў, а людзі, якія змагаюцца за свабоду, самі становяцца ахвярамі.
Замест таго, каб быць гарантам нашых правоў, дзяржава ператварылася ў інструмент прыгнёту. Тысячы беларусаў былі кінутыя за краты за тое, што адважыліся абараняць сваю свабоду і годнасць. Іх трымаюць у жахлівых умовах, адбіраюць свабоду і здароўе, пазбаўляюць сувязі з роднымі.
Пад пагрозай, ціскам і несправядлівасцю апынуліся і тыя, хто прысвяціў сваё жыццё абароне правоў іншых. Праваабаронцы, якія змагаюцца за гуманнасць і справядлівасць, сёння самі становяцца ахвярамі рэжыму. Іх пераследуюць, ізалююць, кідаюць за краты і выціскаюць з краіны за тое, што яны выконваюць сваю працу.
Але каб змяніць сітуацыю, кожны з нас можа зрабіць свой унёсак. Напішыце сёння ліст ці паштоўку зняволеным, паклапаціцеся пра суседзяў, што засталіся адныя, працягніце руку дапамогі беларусам, якія толькі што вымушана эмігравалі і намагаюцца адаптавацца ў новай краіне.
Гэта невялікія жэсты, але здольныя падарыць цяпло і надзею. Разам мы пераадолеем гэты крызіс і вернем Беларусь да свабоды, годнасці і павагі да правоў чалавека.
Читайте еще
Избранное