«Цяпер расейцам ізноў хочацца гэтай канфрантацыі»
Пра што Васіль Быкаў папярэджваў тры дзясяткі гадоў таму. 100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.
У маі-чэрвені 1995-га ў газеце «Свабода» была надрукаваная серыя гутарак журналіста Юрася Залоскі з народным пісьменнікам Васілём Быкавым.
У Беларусі тады адбыўся рэванш прарасійскіх сілаў, ганебны рэферэндум прывёў да змены нацыянальнай сімволікі, статус дзяржаўнай атрымала расійская мова, што адразу ж ударыла па мове тытульнай нацыі, пазіцыі якой і без таго былі не самымі трывалымі.
А ў Расіі з канца 1994-га ішла вайна ў Чачні, якая захацела незалежнасці. Каб зразумець, як выглядаў тады Грозны, дастаткова пабачыць кадры з Марыупаля ў сакавіку 2022-га.
У тых гутарках Быкаў разважаў пра прычыны паразы нацыянальнага руху ў Беларусі, пра перспектывы самастойнага існавання краіны і пагрозы імперскага рэваншу ў Расіі. А таксама дзяліўся сваім бачаннем магчымай будучыні нашай краіны.
«Салідарнасць» прапануе некалькі ўрыўкаў, якія і сёння, праз тры дзесяцігоддзі, гучаць надзвычай актуальна. Некаторыя моманты, фактычна прадказаныя Быкавым, мы сёння перажываем.
Пра змаганне з ідэямі
— У гэткiх абставiнах, асаблiва ў палiтычных абставiнах апошняга часу, — адзiнае, што, можа быць, застаецца для дзеячоў культуры, — гэта кансерваваць тое, што ёсць — у галiне культуры, нацыянальнай iдэалогii.
Таму што калi i надалей справа пойдзе гэтак жа, то будуць зроблены захады дзеля таго, каб матэрыяльна панiшчыць тое, што напрацавана за гэты час: забяруць з бiблiятэк, пахаваюць у «спецхраны» выданнi Ластоўскага, нацыянал-дэмакратаў, незалежную гiстарыяграфiю, пэўныя творы мастацкай лiтаратуры.
А ў дадатак будзе разгорнута шалёная кампанiя па дыскрэдытацыi — спярша iдэй, затым канкрэтных твораў, а пасля — iх аўтараў. Калi жывых яшчэ можна пасадзiць, то ў нябожчыкаў будуць знаходзiць нейкi кампрамат i таксама бэсцiць, для таго, каб скасаваць iх прыцягальны iмiдж.
Пра вяртанне да халоднай вайны
Гэта абсалютна магчыма. Вы ж бачыце, што адбываецца ў Расіі, як ім, імперскім расейцам, нашкодзіла знікненне канфрантацыі, супрацьстаяння з Амерыкай. Цяпер ім ізноў хочацца гэтай канфрантацыі.
Яны заходзяць з розных бакоў, дзе толькі магчыма, шукаюць хоць якую маленькую шчылінку, каб толькі туды ўціснуць кавалак дынаміту і падарваць. (…)
Я ўжо не кажу пра тое, што гэтага вымагае не толькі ідэалогія, але і эканоміка. Што рабіць з гэтай мілітарызаванай на 80% эканомікай, якая цяпер завалілася і стаіць?
Рабочыя, мільёны работнікаў у Расіі і Беларусі, што былі занятыя, — патрабуюць работы і хлеба. Але нічога іншага, апроч ракет, танкаў, аўтаматаў і кулямётаў, ГРАДаў і «тунгусак» і да т.п. яны не ўмеюць рабіць. Яшчэ Гарбачоў пачынаў размову пра канверсію, ды нічога з яе не абылося.
Таму адзінае выйсце — зноў канфрантацыя, зноў наладжванне ваеннай вытворчасці, мілітарызацыя эканомікі. Вось гэта нармальны стан — стан, пры якім мы жылі.
Пра гістарычную вартасць здабыткаў першых гадоў Незалежнасці
— Тое, што напрацавалi за гэты час i нацыянальныя сiлы, i нацыянальныя палiтыкi, — гэтае «апярэджанне», гэта вялiзны капiтал, маральны, палiтычны капiтал для нацыi. Можа, у гэтай галiне за 70 гадоў столькi не зроблена, колькi зроблена за апошнiя пяць гадоў.
Памятаеце тое кароценькае еўрапейскае Адраджэнне, драматычнае, трагiчнае — абвяшчэнне БНР у 1918 годзе? Якiя наступствы з яго? Амаль нiякiх у соцыуме. Тым не менш, вунь як яно важнае цяпер.
I чым далей аддаляецца Беларусь ад таго моманту, ад той падзеi 25 сакавiка, тым гэта, быццам дыямент, блiшчыць усё ярчэй, усё больш кошту мае, як усялякi рарытэт.
Так i сучаснае. Рарытэт будзе вельмi каштоўны. Сiмволiка ў тым лiку. Ужо нiхто не скажа: «Гэты сцяг прыдуманы». Ужо гiсторыя, мiфалогiя ствараюцца вакол бел-чырвона-белага сцяга. I ён будзе яшчэ даражэйшы...
Читайте еще
Избранное