Даследванне: Беларускія студэнты замест навучання ў Расіі сталі выбіраць Еўропу

Новае даследаванне «Беларускія студэнты ў Еўропе і Расіі: трэнды адукацыйнай міграцыі» ад Інстытута «Палітычная сфера» прадэманстравала: моладзь усё часцей выбірае адукацыю ў ЕС, нягледзячы на тое, што палітычныя адносіны паміж Беларуссю і заходнімі краінамі значна пагоршыліся.

У 2023/24 навучальным годзе больш за 18 000 беларускіх студэнтаў навучаліся ў еўрапейскіх універсітэтах (у асноўным у Польшчы, Літве, Чэхіі і Германіі). За апошняе дзесяцігоддзе гэтая лічба вырасла амаль у два разы.

Тэндэнцыя ж студэнцкай эміграцыі ў Расію адваротная: яна скарацілася ўдвая – цяпер у РФ налічваецца каля 10 тысяч беларусаў, што параўнальна з колькасцю беларускіх студэнтаў у Польшчы.

Пры тым, што колькасць беларускіх студэнтаў за мяжою пастаянна расце (асабліва пасля 2020 і 2022 гадоў), у Беларусі яна штогод скарачаецца на прыкладна на 5%.

– Асноўнымі накірункамі для студэнцкай міграцыі застаюцца Польша і Расія. Трэба далей сачыць, ці зменіцца парытэт. 10 гадоў таму беларускія студэнты ў асноўным абіралі Расію, зараз яны абіраюць Польшчу… Але ў РФ ідзе гульня з беларусамі, яна працягвае пошук інтэлектуальных рэсурсаў для сябе, выдзяляе фінансавыя сродкі для прыцягнення беларусаў, – адзначыла даследчыца «Палітычнай сферы» Лізавета Пракопчык.

Дырэктар інстытута Андрэй Казакевіч падсумаваў:

– Прыцягальнасць заходняй адукацыі (установаў, якія знаходзяцца ў ЕС) з’яўляецца сярод беларусаў вельмі высокай. І цікавасць да яе павялічваецца, нягледзячы на тое, што адносіны паміж Беларуссю і суседнімі краінамі значна пагоршыліся за апошнія гады. Мы бачым вялікі разрыў паміж палітыкай беларускай дзяржавы і імкненнямі многіх беларускіх грамадзян.

Але гэтую тэндэнцыю нельга лічыць абсалютна пазітыўнай. Па-першае, яна сведчыць пра тое, што ўнутры краіны адукацыя, напэўна, становіцца менш прывабнай. Па-другое, адукацыя за мяжою вельмі часта, на жаль, азначае эміграцыю... Гэта значыць, што Беларусь губляе значную частку моладзі.

Што датычыцца геапалітычнага выбару, то лічбы паказваюць, што прыцягальнасць Расіі ў якасці накірунку для адукацыі крытычна знізілася за апошнія 10 год.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)