«Для Лукашэнкі на даляглядзе замаячыў прывід Мілошавіча. Таму што гэта ўпершыню так сур’ёзна»

Юрысткі — пра тое, што будзе далей са справай у Міжнародным крымінальным судзе супраць правіцеля Беларусі.

Літва перадала ў Міжнародны крымінальны суд позву аб разглядзе злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці. Наколькі гэта важная падзея і якіх дзеянняў ад МКС чакаць далей, разважаюць у эфіры Еўрарадыё адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна і юрыстка, сузаснавальніца дабрачыннай ініцыятывы «Партызанка» Ганна Маціеўская.

— Дакументы сабралі, перадалі пракурору — зараз ён будзе вырашаць, што далей па справе, і потым ужо стане вядома, якія меры могуць быць прынятыя ў дачыненні Лукашэнкі і іншых асоб, ці будуць выдадзеныя ордэры. Але паўстае пытанне, як хутка гэта  будзе, — тлумачыць Марыя Колесава-Гудзіліна.

Нават звярнуцца у МКС не так проста: гэта можа зрабіць краіна, якая ўдзельнічае ў Рымскім статуце, а таксама некаторыя арганізацыі.

Беларусь — не ўдзельніца гэтай канвенцыі, дарэчы, і не ўсе дэмакратычныя краіны далучыліся да Рымскага статуту. І ўсё ж ёсць юрыдычная магчымасць, калі злачынства, альбо нават адзін яго элемент, адбываецца на тэрыторыі краіны- удзельніцы Рымскага статуту, звярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд. І акурат для тых людзей, хто вымушаны быў з’ехаць з Беларусі з-за пераследу, гэта магчымасць абараніць сябе.

Пракурор МКС, дадае адвакатка, у працэсе разгляду справы мае права апытваць людзей, удакладняць пададзеныя звесткі, ладзіць кансультацыю з краінай, якая падала пазоў. А абвінавачаны бок, у тым ліку, мае права на адвакатаў — і, паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, рэжым такога прафесіянала па міжнародным крымінальным праве загадзя шукаў і нават знайшоў у еўрапейскай краіне.

— Але гэта добра, — пераканана Ганна Маціеўская. — Калі мы кажам пра справядлівы суд, то ў кожнага павінен быць абаронца, каб потым нам ніхто не сказаў, што мы дзейнічаем гэтак сама, як і рэжым. І каб кожны панёс пакаранне ў сувязі са сваімі дзеяннямі.

Пры гэтым трэба разумець: не ўсе тыя злачынствы, якія адбываліся ў Беларусі, будуць часткай міжнароднай справы, якая будзе разглядацца менавіта ў МКС. Аднак я лічу, што гэта не замінае <запуску справы> ўніверсальнай юрысдыкцыі, і абодва працэсы могуць ісці ў тым жа вымярэнні, разглядацца паралельна розныя склады злачынстваў і розныя іх выканаўцы.

У любым разе, па сутнасці — гэта вельмі важны крок, і я рада за калег-юрыстаў, якія правялі такую вялікую і значную працу.

— Але нас — адвакатаў, юрыстаў, праваабаронцаў, — яшчэ чакае выпрабаванне падрыхтоўкі, — зазначае Марыя Колесава-Гудзіліна. — Таму што Літва, рыхтуючы дакументы, паглядзела на ўсе сабраныя  факты, справы аб злачынствах супраць беларусаў, з некаторымі паразмаўляла; потым тое самае будзе рабіць пракурор, а потым — суд, у паседжаннях, дзе будуць адвакаты, у тым ліку адвакат ад беларускага рэжыму, і г.д.

Мы абмяркоўвалі, як можа абараняцца са свайго боку рэжым, але вырашылі гэта не агучваць, каб не даваць ім падказкі. Прапаную, напрыклад, Лукашэнку наняць Швакава, старшыню нашай беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў — хай ён прыедзе ў Міжнародны крымінальны суд і пакажа свой прафесіяналізм.

Згодная з меркаваннем, што для Лукашэнкі на даляглядзе замаячыў прывід Слабадана Мілошавіча. Таму што гэта ўпершыню так сур’ёзна. Ён можа рабіць спробы паказваць, што ўвесь з сябе прадэмакратычны, і ні ў чым не вінаваты — але што б ён ні рабіў, калі атрымаецца да выбараў прыняць нейкі меры, будзе вельмі цікава.

Было бачна па выказваннях яшчэ два тыдні таму, як гэта нервуе рэжым. І ў яго насамрэч ёсць падставы нервавацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)