Будущее

Марк Дзюба

Дракахруст: «Калі Лукашэнка занадта зацягне выбар пераемніка, можа адбыцца бойка за ўладу»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у інтэрв'ю «Салідарнасці» – пра тое, якая будучыня можа чакаць нашу краіну.

– Як вы думаеце, які ў Лукашэнкі план на будучыню?

– Адзін з верагодных планаў – узмацненне ўсіх сённяшніх тэндэнцый, гэта значыць стварэнне чагосьці кшталту сталінскага СССР. Курс на стварэнне з дапамогай Расіі таталітарнай сістэмы.

Аднак некаторыя апошнія яго рухі цела сведчаць пра тое, што частка людзей (у сістэме – С.) бачыць будучыню па-іншаму, жадаюць вяртання ў больш мяккі і памяркоўны аўтарытарызм узрору 2010-х гадоў. Гэта не абавязкова вяртанне ў 2019-ты, але паўтарэнне сцэнару, які рэалізоўваўся пасля Плошчаў 2006-га і 2010-га гадоў. То бок прысутнасць рэпрэсій, але без надрыву.

Думаю, у галаве Лукашэнкі абодва гэтыя варыянты прысутнічаюць.

І, канешне, вельмі важны момант – транзіт улады. Пры Лукашэнку ці пасля яго. Плаўны транзіт – гэта вельмі складаная задача для яго.

– Каго ж правіцель можа бачыць у ролі пераемніка, калі, напрыклад, праблемы са здароўем больш не дазволяць яму аператыўна кіраваць краінай?

– Нашае вялікае апытанне 43 экспертаў паказала некалькі варыянтаў. Адзін з іх – Лукашэнка пакідае запавет, у якім будзе імя яго старэйшага сына Віктара. Але такі запавет павінен суправаджацца пэўнымі крокамі.

На досведзе Азербайджана, Туркменістана, Паўночнай Карэі мы бачым, што такі транзіт павінен рыхтавацца, грамадства прывучаюць да яго загадзя. Але сёння Віктар Лукашэнка – ніхто.

(Нагадаем, што МАК не прызнае Віктара Лукашэнку кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта – С.).

Іншы варыянт (пры Лукашэнку ці без яго) – прызначэнне не сына, а кагосьці з тройкі Качанава, Галоўчанка, Круты. Некаторыя эксперты лічаць, што прызначаны можа быць хутчэй нават цяперашні кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта: Круты малады, толькі заняў высокую пасаду. Праўда, з часам яго могуць з’есці.  

Відавочнага фаварыта на сёння няма, і Лукашэнка як мага далей будзе адцягваць сваё рашэнне. Пакуль ён адчувае сябе даволі нармальна, і разумее, што абвесціць цяпер імя пераемніка – гэта зрабіць сябе кульгавай качкай, ініцытыяваць дэстабілізацыю ў сістэме, калі людзі пачнуць арыентавацца на пераемніка, а не на сённяшняга фактычнага кіраўніка.

І, канешне, нельга выключаць варыянт, пры якім Лукашэнка так зацягне свой выбар, што здарацца падзеі, у выніку якіх ён перастане быць кіраўніком, і тады можа адбыцца бойка за ўладу. Ясна, што і Расія ў баку не будзе стаяць.

– Як, на вашую думку, змяняецца і будзе змяняцца беларускае грамадства – з улікам рэпрэсій, ад'езду з краіны соцень тысяч актыўных людзей, падпарадкавання Расіі? Ці магчыма ў такіх умовах развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці?

– Як ні дзіўна, нават у цяперашніх умовах ідэнтычнасць фармуецца. Пра вайну на поўдні кажуць, што гэта «не наша вайна». Сярод беларусаў ёсць абсалютны кансэнсус пра тое, што наша армія не павінна ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. Хаця здавалася б: а чаму не? Калі беларусы тыя ж рускія, толькі «са знакам якасці»? Чаму б тады не паваяваць?

Але не, аказваецца, беларусы – не рускія, «гэта не наша вайна». І так гаворыць у тым ліку частка тых, хто падтрымлівае Лукашэнку.

Сацыёлаг Філіп Біканаў у даследванні пра ідэнтычнасць беларусаў указаў: ёсць празаходняя беларуская ідэнтычнасць, але ёсць і лукашэнкаўская квазісавецкая, але таксама беларуская ідэнтычнасць.

Ідэнтычнасць «Белоруссия», «Мы – те же русские» распаўсюджана вельмі мала. Нашмат больш распаўсюджаны думкі: так, мы сябруем з Расіяй, гэта наш брат, але ж брат – гэта не я.

Як будзе развівацца такая ідэнтычнасць, да чаго яна прывядзе – гэта складанае пытанне.

Але ў тым ліку па гэтай прычыне, я не бачу моцнага падмурка для паглынання Беларусі Расіяй. Зрабіць гэта могуць: войскі ўвойдуць – і ўсё. Могуць паставіць сваю марыянетку. Але каб гэта ўвайшло арганічна, каб беларусы адчувалі сябе так жа, як жыхары Разані ці Тамбова – такога не будзе.

Цікава, што на пачатку 1990-х выглядала па-іншаму. Я глядзеў апытанне НІСЭПД за лістапад 1993-га: больш за 50% хацела аднаўлення СССР. Здавалася б: бярыце тады Беларусь голымі рукамі. На мяжы 2000-х прапорцыя змянілася: большасць была ўжо супраць аднаўлення СССР.  

Але выключаць, што Расія можа паспрабаваць забраць Беларусь у будучыні, нельга. Прычым пры розным развіцці падзеяў. Калі раптам рускія выйграюць вайну супраць Украіны: «Ну каб два разы не ўставаць».

І пры адваротным сцэнары. Пры поўным разгроме і маршы ЗСУ па Краснай плошчы, канешне, планаў на Беларусь у Масквы ўжо не будзе. Канешне, калі Расія пасыпецца, то будзе не да нас. А што калі не пасыпецца?

Можа ўзнікнуць спакуса: раз з Украінай не атрымалася, дык давайце хаця б Беларусь забяром. У XIX стагоддзі Расія прайграла Крымскую вайну, прыйшоў цар Аляксандр II, стаў праводзіць рэформы, скасаваў прыгоннае права, але калі Паўночна-Заходні край і Польшча паўсталі ў 1863 годзе – то, нягледзячы на ўвесь лібералізм, патапілі паўстанне ў крыві.

Іншы прыклад: пасля смерці Сталіна прыйшоў Хрушчоў, правёў ліберальныя рэформы, але калі ў 1956 годзе Венгрыя паспрабавала дзёрнуцца, паўстанне ў Будапешце задушылі.

Так, ёсць прыклад з лібералізацыяй у СССР у канцы 1980-х і абрынання камуністычных рэжымаў у краінах-сатэлітах, але ёсць і адмоўныя прыклады. Гісторыя паказвае, што калі Расія робіцца ліберальнай, гэта не абавязкова значыць, што яе лібералізм распаўсюджваецца на астатніх. І гэта варта ўлічваць.

Калі ж Расія выйграе вайну з Украінай, то, па шчырасці, перспектывы для Беларусі праглядаюцца кепскія. Хаця можа быць і спакойная рэакцыя: «Няхай Лукашэнка працягвае правіць, не будзем лезці».

– А якім можа быць пазітыўны сцэнар для Беларусі ў доўгатэрміновай будучыні?

– Магу ўзгадаць, што ў кіслым 1983 годзе ніхто не ўяўляў сабе падзеяў 1991-га. Ніхто і нідзе, паверце. Ніякія Бжазінскія і Кісенджары падумаць пра гэта не маглі. Былі гіпотэзы, што савецкая сістэма можа аслабіць хватку, але што яна зусім разваліцца ўшчэнт і без усякай вайны – ніхто падумаць не мог.

Таму калі казаць пра далёкую, а можа і не далёкую будучыню, то трэба трымаць у галаве варыянт, што здарыцца можа ўсё што заўгодна.

Разам з тым пры тэндэнцыях, якія мы сёння назіраем унутры соцыўма і ўнутры эліт, я не бачу магчымасці, груба кажучы, паўтарэння 2020 года. Усё так заціснута, што новаму 2020 году няма з чаго расці, да таго ж выбух энергіі адбыўся, яе ў большасці людзей ужо няма.

Яны думаюць пра тое, як пражыць сваё жыццё, як зарабіць грошай, як выгадаваць дзяцей.   

Але калі нават праз існуючыя ўладныя механізмы прыходзіць новая асоба на месца Лукашэнкі (умоўная Качанава ці Галоўчанка), у яе можа не знайсціся сіл, каб правіць як Лукашэнка. Не любы можа функцыі дыктатара выконваць, для гэта патрэбныя асаблівыя якасці. Гісторыя поўная эпізодаў, калі пры змене дыктатара ў новага правіцеля ўлада высыпаецца як пясок скрозь пальцы.