Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Лукашэнка можа пасадзіць любую колькасць чыноўнікаў. Але ён не можа знішчыць чынавенскі апарат»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра пачатак выбарчай кампаніі і апетыты сілавікоў.

Юрый Дракахруст

— Лукашэнка паабяцаў «ставіць да сценкі» чыноўнікаў-карупцыянераў. А незадоўга да гэтага прыгразіў кіраўнікам абласцей рэпрэсіямі. Пра што можа сведчыць гэтае прынамсі рытарычнае падвышэнне градуса? Ці гатовы сёння ён пайсці далей за словы? Ці мы маем справу з банальным рымейкам кампаніі-1994?

— Магчыма, тут мае месца і адно, і другое. З аднаго боку, не выключана, што гэта такая доўгая, далёкая падрыхтоўка да выбараў 2025-га. Вось ён сустракаўся з Карпенкам, фактычна была абвешчаная кампанія.

І ў часе таго разгону Лукашэнка заявіў, што яму не трэба падтрымка чыноўнікаў, што ў яго ёсць падтрымка народа. Ну вось падтрымка народа часткова і дасягаецца такімі пагромамі чыноўнікаў, злых баяр. А цар добры, цар харошы.

Іншая справа, што ў гэтым усім ёсць пэўная хітрасць. Так, ён можа пасадзіць любую колькасць чыноўнікаў. Але ён не можа адмовіцца ад чынавенскага апарату, знішчыць яго. І ў гэтым сэнсе ягонае апірышча — гэта той самы апарат. 

Гэта, дарэчы, пацвярджаюць шматлікія апытанні. Калі той жа Chatham House задаваў пытанне, на каго абапіраецца Лукашэнка, нават ягоныя верныя прыхільнікі казалі — на сілавікоў, на чыноўнікаў.

Нават у іх просты народ стаіць на трэцім месцы. А калі ў цэлым, то зразумела, што першае месца — гэта сілавікі і чыноўнікі. Так што іх падтрымка яму таксама патрэбная, ён на іх абапіраецца.

Але як на саслоўе, а не на канкрэтных людзей. Канкрэтных людзей можна і прыбраць, каб зрабіць прыемнае простаму народу.

І я б тут не выключаў такі чыннік: рэпрэсіі, якія віруюць у краіне чацвёрты год, зніжаюць планку дапушчальнага. Цяпер дапушчальна многае, у тым ліку і датычна чыноўнікаў.

Бо механізм зразумела які. Лукашэнка ж не сам вызначае, хто там вінаваты, хто скраў, а хто не скраў. Гэта вызначаюць сілавікі, а яны ж могуць і тым, і тым.

Асноўнае прызначэнне ГУБАЗіК — змаганне з карупцыяй. Адпаведна, калі ты так абыходзішся з палітычнымі, то чаму чыноўнікі павінныя быць нейкімі недатыкальнымі? Яны таксама датыкальныя, вось да іх і датыкаюцца.

Наколькі гэта ўсё будзе маштабна? Цяжка сказаць, бо мы з вамі памятаем, што такога кшталту пагрозы, разгоны здараліся шмат разоў пасля 1994-га. Строга кажучы, яны ішлі ўвесь час роўным фонам.

Зараз мы назіраем невялікую ўспышку, якую можна патлумачыць і набліжэннем выбраў, каб народу прадявіць пакараных баяр, і пэўнай логікай дзеянняў сілавікоў, якія так ужо натрэніраваліся на палітычных, што не прападаць жа такім навыкам.

А ці не былі чарговыя антысеміцкія выказванні Лукашэнкі спробай змясціць фокус, змякчыць свой выпад на адрас чыноўнікаў? Ці ўсё ж гэта быў чарговы банальны ляп?

— Мне здаецца, што гэта хутчэй за ўсё ляп. Я не бачу тут нейкага глыбокага разліку, напрыклад, на значную частку заходняй грамадскай думкі. Бы мы ведаем, што зараз прапалестынскія і антыізраільскія настроі даволі папулярныя ў ЗША і Еўропе.

Я, па-шчырасці, не думаю, што ён так далёка пралічвае. Мы памятаем, што і раней былі такія агаворкі, той жа скандал з Бабруйскам.

Калі пачытаць кнігу Грыгорыя Іофэ, які рабіў з Лукашэнкам два вялікія інтэрв’ю, то бачна, што для яго гэта абсалютна арганічна, ён так бачыць свет. Можна прыгадаць ягоныя разборкі з Юрыем Зісерам, заклікі «нармалізаваць» яго, «нармалізаваць» габрэяў.

То бок, гэта не першы такі выпад. Можа ён аказаўся самым гучным, але ён так бачыць свет. І ў дадзеным выпадку такое ягонае бачанне проста вырвалася вокні.

— Акрамя чыноўнікаў мы маем сігнал і простым грамадзянам: ліцэй БДУ «по просьбам трудящихся» атрымаў такі імя Фелікса Дзяржынскага. Што гэта было — насамрэч ініцыятыва асобных энтузіястаў ці гэта працяг агульнай кампаніі па нармалізацыі дзяржаўнага гвалту?

— Я думаю, што тут справа не толькі ў асобе Дзяржынскага, які сапраўды быў вярхоўным катам СССР, а ў працэсе рэсаветызацыі. І пра гэта кажуць некаторыя прапагандысты. Той жа Дзермант так і кажа: «Так, гэта рэсаветызацыя».

Для Лукашэнкі гэта ніколі не было чужым, гэтыя пасылы, гэтая ідэалогія. Але зараз гэта ўсё ўзмацняецца. Мы бачым і ў Расіі гэтую лінію. Праўда, там гэта спаборніцтва, а ў Беларусі гэта прамая лінія.

Бо ў Беларусі ва ўладаў няма ніякай альтэрнатывы рэсаветызацыі. Няма нейкай іншай спадчыны беларускай, да якой яны апелявалі б. А гэта такая дастаткова цэласная сістэма.

І ў яе ўбудаваныя рэпрэсіі. Так, не ўсё толькі да іх зводзіцца, але гэта і такое апраўданне рэпрэсій. І гэты левы марш можна пабачыць у допісах прапагандыстаў, таго ж Азаронка з ягонымі «Лістамі да Сталіна».

І таму перайменаванне ліцэя абсалютна арганічнае, яно ўпісваецца ў такую логіку. І ў гэтым сэнсе цікава тое, што менавіта перайменаванае. Па-першае, гэта навучальная ўстанова. Па-другое, гэта знакавая навучальная ўстанова.

Таму што вельмі многія людзі выйшлі са сценаў гэтага ліцэя, у тым ліку і тыя, хто ўдзельнічаў у пратэстах. А вось вам! Мы зараз гэты ліцэй перарабляем на стары капыл.