Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Найбольш важным у прамове Лукашэнкі да 17 верасня было прызнанне расійскіх беспілотнікаў у беларускім небе

Пра што сведчыць тактыка малых крокаў лукашэнкаўскага атачэння.

У сваёй прамове 17 верасня Аляксандр Лукашэнка шмат гаварыў пра вайну. Пасля вялікай паўзы ён нарэшце адгукнуўся на гісторыю з расійскімі беспілотнікамі.

Акрамя таго, была закранутая тэма Гаагскага трыбунала, куды нібыта беларуская апазіцыя сумесна з Літвой вырашыла яго прыцягнуць да адказнасці, каб перашкодзіць яму паўдзельнічаць у мірных перамовах па Украіне.

Пракаментаваць гэтыя заявы Филин папрасіў палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Юрыя Дракахруста.

Юры Дракахруст

— Думаю, што самым важным у гэтых заявах было прызнанне таго, што ў Беларусь прылятаюць расійскія беспілотнікі. Бо цалкам гэты блок заяваў, усё, што там было сказана, больш падобна на дымавую заслону.

У тым сэнсе, што ён казаў і пра ўкраінскія беспілотнікі, якія да нас залятаюць. І што ўвогуле гэта нейкі план захопу Беларусі. Хтосьці кагосьці нацкоўвае. І праз коску было сказана, што гэта магла быць выпадковасць, наступствы радыёэлектроннай барацьбы.

І разам з тым нібы мімаходзь прагучала: украінскія дроны залятаюць, і расійскія часам таксама. Магчыма, акурат гэта і самае галоўнае — было прызнана, што расійскія беспілотнікі залятаюць у Беларусь.

А пытанні, чаму і як гэта здарылася, былі схаваныя гэтай дымавой заслонай. Гэта такая моцна зашыфраваная, замаскаваная прэтэнзія да расейцаў — маўляў, з якой радасці яны да нас залятаюць.

Усё астатняе было гучнай рыторыкай. Вось як нападуць на Беларусь, то здарыцца Трэцяя сусветная вайна. Зусім неабавязкова, але яму пра такое можна казаць, бо ён усё ж палітык, а не палітолаг ці акадэмік. Нейкія рытарычныя фігуры ў прамове палітыка — рэч натуральная.

Што тычыцца таго, што Літва яго хоча здаць у Гаагу, то мне здаецца, што гэтага хоча Павел Латушка, а не Літва. Так, розныя дзяржавы прад’яўляюць прэтэнзіі, гавораць пра вываз украінскіх дзяцей.

Але каб за гэтым пазовам у Міжнародны крымінальны суд стаяла нейкая дзяржава, мы пра гэта не ведаем. Прынамсі, на публічным узроўні мы гэтага не бачым. І, самае галоўнае, няма ордэру. І невядома, ці ён будзе.  

Яшчэ б я звярнуў увагу на тое, што з боку Лукашэнкі не было той агрэсіі ў бок палякаў, як у папярэднія некалькі год, якую ён дэманстраваў падчас прыдуманага ім Дня адзінства. Яна калі і была гэтым разам, то ў вельмі малой ступені.

Я думаю, што гэта стасуецца і з ягонай нядаўняй заявай наконт міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай. Маўляў, мы яго рэгулюем, кажам афганцам не ісці на мяжу.

Тое самае датычыць і яго слоў пра Пачобута, які нібыта сам не хоча на свабоду, і Польшча таксама не спяшаецца вырашаць пытанне. Усё гэта абазначэнне таго, што мы размаўляем і дамаўляемся. Таксама згадаем канферэнцыю па міграцыі, якую міністр Рыжанкоў ладзіць.

Такое ўражанне, што афіцыйны Мінск робіць пэўныя невялікія крокі, з дапамогай якіх прапануе Захаду прынамсі падумаць наконт нейкай здзелкі. Дарэчы, у сваёй прамове Лукашэнка казаў і пра дыялог з Украінай, пра пэўныя дамоўленасці.

І вось мы маем намёкі і жэсты ў адрас Польшчы, канферэнцыю па мігрантам, можна прыгадаць яшчэ бязвіз для 35 краін Еўрасаюза, а таксама чатыры вызваленні палітвязняў на працягу трох месяцаў.

У свой час першы чэмпіён свету па шахматах Вільгельм Стэйніц распрацаваў уласную тэорыю гульні, галоўны прынцып якой быў у тым, каб набіраць у працэсе дробныя перавагі. Заняць адкрытую лінію, атрымаць двух сланоў, зрабіць праціўніку вісячую пешку.

Ідэя ў тым, што накапленне дробных пераваг у рэшце рэшт ператворыцца ў адну вялікую, адкрые магчымасць для пераможнай атакі.

І такое ўражанне, што беларускія ўлады дзейнічаюць паводле такой стратэгіі Стэйніца. Яны набіраюць дробныя перавагі. Робяць розныя жэсты ў розных накірунках. Невялікія жэсты. Магчыма, адзін з момантаў, чаму яны невялікія, палягае ў тым, што вялікі і сур’ёзны жэст адразу бы стаў званочкам Крамлю: саюзнік хоча збегчы, хоча здрадзіць. З адпаведнымі наступствамі.

А так кожны крок сам па сабе нічога не значыць. Кожны асобны крок не павінен выглядаць, як перасячэнне пэўнай чырвонай лініі ва ўяўленні Масквы.

Акрамя таго, ёсць уласны бетон, свае ястрабы, якія таксама глядзяць на кожны крок у той бок з падазрэннем. І разглядаюць гэта, як замах на іх інтарэсы. А калі крокі гэтыя маленечкія, калі яны ніжэй за радары, то не так заўважна.

Але ідэя палягае, магчыма, у тым, што паводле Стэйніца, ці паводле Гегеля (пераход колькасці ў якасць), маленечкія крокі і жэсты ўсе разам дадуць нейкі вынік.

Магчыма, гэта нейкім чынам звязана і з 2025 годам. Маўляў, мы набяром пэўную колькасць такога кшталту жэстаў, а тут у нас выбары, новы адлік, старонка перагортваецца. Прынамсі, такая задума можа быць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(15)