Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Наменклатура будзе трымацца за цела Лукашэнкі да самага канца»

Як і з чым лукашэнкаўскі рэжым ідзе на выбары-2025. Пра гэта ў каментары Филину расказаў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

Юрый Дракахруст

— Лукашэнка відавочна пачаў уласную выбарчую кампанію. І тут узнікае пытанне пра ягоны стан, бо да падзей 2020-га ён быў у заўважна лепшай фізічнай форме.

Ці можна сказаць, што зараз мы назіраем спробы стварэння нейкага новага вобразу, адпаведнага ўзросту і стану? Свежы прыклад: у часе адкрыцця спартыўна-аздараўленчага комплекса ў Дзяржынску яму падабралі масоўку пад ягоны ўзрост. І ён сам акцэнтаваў на гэтым увагу.

— Гэта магчыма. Справа ў тым, што раней яго паказвалі на хакеі, ён і сам гуляў. А цяпер гэтага, падаецца, няма. Ягоныя хваробы прыцягваюць увагу.

І калі ён на парадзе ў Маскве кепска выглядаў, яго на кары падвозілі, а потым на парадзе ў Мінску замест яго выступаў міністр Хрэнін. І калі ён то сіпеў, то хрыпеў у часе нарадаў. Відаць, усё гэта схаваць было складана.

Я тут не спецыяліст. Можна прыгадаць каментары прафесійных лекараў, якія казалі, што гаворка збольшага пра звычайныя ўзроставыя з’явы. Гэта не праявы нейкай хранічнай ці, наадварот, вострай асобнай хваробы.

Гэта ўзрост. Калі чалавеку пад семдзясят, то ён не будзе, умоўна кажучы, бегаць як трыццацігадовы.

Што тычыцца новага вобраза, то так, гэта магчыма. Але і ў цэлым, калі глянуць на прапаганду, то ён «мудры, вельмі вопытны кіраўнік, які прайшоў праз многае». І тут такая логіка: значыць, ён незаменны, а таму — якія тут могуць быць яшчэ варыянты?

Хоць у цяперашняй Беларусі гэта па сваёй сутнасці даволі абсурдная сітуацыя. Бо зразумела, што ён цалкам выпаліў палітычнае поле. Што тут не будзе хоць якіх альтэрнатыўных кандыдатаў.

Мы памятаем кейс Дзмітрыя Кучука, які спрабаваў пайсці на парламенцкія выбары. Дык нават групу ягоную не зарэгістравалі, а самаго яго неўзабаве арыштавалі. І, мяркуючы па ўсім, ён дагэтуль сядзіць.

А ўявіць сабе, што нехта іншы зможа пайсці на выбары? Магчыма, Гайдукевіч у якасці спарынг-партнёра. Таму тут цяжка сабе ўявіць з’яўленне нейкай альтэрнатывы, паўтарэнне сцэнару 2020-га.

І нават тыя ж Чэрачань ці Канапацкая, якая ад іх пагроза? А вось так трэба, бо гэта логіка аўтарытарнай сістэмы. Бо прэзідэнцкія выбары — гэта такое акно легітымнасці, у якое немаведама якія дэманы могуць заляцець.

І таму да гэтага трэба рыхтавацца, як да сапраўдных выбараў, пры тым, што іх не будзе.

— Незалежныя эксперты не бяруцца ў сённяшніх умовах вывучаць сапраўдны рэйтынг Лукашэнкі. А наколькі яму самому гэта сёння можа быць важна, калі і так зразумела, што ніякай канкурэнцыі ў часе гэтай кампаніі і блізка не чакаецца? І ці намалюе ён сабе 90%, каб пераўзысці Пуціна?

— Думаю, што хутчэй не важна. Мне неяк расказвалі дасведчаныя людзі гісторыю пра тое, як яшчэ да 2020-га адно з закрытых аналітычных падраздзяленняў, якое ладзіла апытанні, зрабіла апытанне і пра рэйтынг.

Не ведаю, які ён там быў. Магчыма, не такі і маленькі. Але і не такі высокі, як, відаць, хацелася. Яны гэта зрабілі, прынеслі і паклалалі на стол.

Ім пры гэтым не сказалі, што гэта нейкі не такі рэйтынг. Але ў іх ці не адразу пачаліся праблемы. І яны зразумелі, чаму тыя праблемы пачаліся. І проста перасталі рабіць такія апытанні.

Што тычыцца незалежнай сацыялогіі, то зараз гэта не робіцца з той прычыны, што фактар страху, фактар сацыяльнай пажаданасці настолькі моцны, што скажае ўсе лічбы.

Бо калі сацыёлагі пытаюць, за каго вы будзеце галасаваць на выбарах, ці будзеце вы галасаваць за Лукашэнку, то атрымліваецца такое моцнае скажэнне, што гэтыя лічбы адразу перастаюць нешта значыць.

А што да самога Лукашэнкі, то ў яго ўжо склалася ў пэўным сэнсе манархічная свядомасць. Ён жа неяк казаў, што прэзідэнтамі не робяцца, а нараджаюцца.

То бок, у мяне мандат ад вечнага беларускага народа, ад яго ідэі, а не ад таго народа, які ходзіць па вуліцах, валюту мяняе і ездзіць у аўтобусах.

Думаю, што па вялікім рахунку яго гэта ўжо не цікавіць. Магчыма, у нейкай вострай сітуацыі, калі, напрыклад, цалкам абрынецца эканоміка, ці рускія яго захочуць па нейкай прычыне скінуць, тады яго гэта можа зацікавіць. А зараз, мне здаецца, яму гэта проста нецікава.

Хоць, як я кажу, пра гэта і тым людзям складана даведацца. Любы афіцыйны сацыялагічны цэнтр сутыкнецца з той жа праблемай — ім таксама праўду ніхто не скажа.

Нават калі яны будуць абяцаць ананімнасць, ці працаваць не ад свайго імя, усё адно гэта велізарная праблема — пераадолець страх і недавер.

Калі казаць пра 90%, то я неяк глядзеў дынаміку па выбарах ад 2001-га да 2020-га. Там ад выбараў да выбараў моцна нарастала доля тых, хто галасаваў датэрмінова. Ад лічаных працэнтаў у пачатку і ледзь не да 35% у 2020-м.

А што тычыцца яўкі і колькасці галасоў за Лукашэнку, то гэтая лічба не ўзлятала да нябёсаў. Яны была недзе каля 80%. Я не думаю, што ён будзе маляваць 90%. Бо гэта ўжо нейкая Цэнтральная Азія.

Тут акурат трэба звяртаць увагу на тую логіку, пад якой ідуць гэтыя выбары: у нас нічога не мяняецца. У тым ліку і гэта. І ў гэтым сэнсе тыя самыя 90% стварылі б уражанне, што тут ужо нейкі Туркменістан. А навошта нам гэта?

Перабіць Пуціна? Але пройдзе час, некалькі год. Калі б гэтыя выбары ішлі адны за другімі, то мог быць у гэтага нейкі матыў.

А вось які можа быць сапраўдны матыў? Думаю, гэта можа адна з галоўных тэмаў побач са змаганнем з карупцыяй — «Бацька ўратаваў ад вайны». Мы, маўляў, не ваюем толькі таму, што Аляксандр Рыгоравіч такі ў нас цудоўны.

Пры чым, бачна па сацыялогіі, што гэтая думка многім заходзіць. Але, каб выкарыстоўваць гэта і падымаць лічбу да 90 і вышэй, мне падаецца, гэта будзе поўны Савецкі Саюз і канчатковае выпустошванне выбараў. Яны і так ужо выхалашчаныя, але ў дадзеным выпадку гэта будзе дзеяннем супраць тых мэтаў, якія на выбары ўсё ж такі ўскладаюцца.

А мэта гэтая — легітымацыя, так ці інакш. Калі ўзгадаць СССР, то ніхто там не ўспрымаў выбары ў якасці легітымацыі савецкага ладу, камуністычнай партыі. Яна была, безумоўна. Але ў свядомасці людзей яна грунтавалася на іншым, але не на выбарах.

А тут усё ж такі часткова на выбарах грунтуецца. Прынамсі, для нейкай часткі грамадства. І калі будзе 90%, гэта спрацуе супраць, гэта будзе квазі-СССР.

— Наколькі прадказальнае сённяшняе атачэнне Лукашэнкі? Што можна чакаць ад ягонага апарату, кіраўніцтва сілавых структур у выпадку, калі цягам гэтага перадвыбарчага года ён пачне рэзка здаваць, знікаць з публічнай прасторы па стане здароўя ці наогул стане недзеяздольным?

— Што тычыцца асобных людзей, то, я думаю, немагчыма чакаць ад іх нейкіх дзеянняў. А калі казаць пра апарат у цэлым, мяркую, хутчэй за ўсё яны будуць працягваць тое, што ёсць. У якім бы стане ён ні быў, акрамя ягонай смерці.

Я тут прыгадаў біяграфію Брэжнева. Калісьці людзі майго пакалення смяяліся з яго — і як ён словы вымаўляў, і над тым, што выглядаў як поўная разваліна. Дык вось у гэтых мемуарах напісана, што ён усе гэта разумеў.

Ён не быў дурнем, усе разумеў. І прасіў у палітбюро адстаўку. А яго не адпускалі. Таму што ён на гэтым месцы задавальняў усіх, нават у такім стане. А як толькі ён сыйшоў, утварылася пустое месца. А гэта адразу няпэўнасць, гэта змаганне за ўладу.

І я думаю, падобнае будзе і ў нас. Тым больш, улічваючы асаблівасці беларускай наменклатуры: ім неахвота біцца. А давядзецца, калі на першым месцы апынецца не Лукашэнка. Бо адна справа фармальныя правілы пераемнасці, а зусім іншае — рэальная барацьба за ўладу.

Па-першае, у кагосьці могуць прачнуцца амбіцыі. А па-другое, у многіх можа прачнуцца страх: калі не я выйграю гэтую бойку, мне можа быць кепска.

І таму, калі коратка, я думаю, што яны будуць трымацца за ягонае цела да апошняга. Магчыма, калі ён знікне ці ўпадзе ў кому, не выключаныя з іх боку і нейкія рашучыя дзеянні.

Але, не выключана, што нават варыянт з комай будзе выглядаць так, што нехта будзе выконваць ягоныя абавязкі, але казаць, што Аляксандр Рыгоравіч ужо не з намі, яны не будуць да самага ягонага фізічнага канца.