«Пасля выбараў у 2025-м у любым выпадку прыйдзе момант ісціны»
Якую гульню вядуць прадстаўнікі рэжыму, якія выступаюць за «перагортванне старонкі».
Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА прысвяціла цэлы артыкул тлумачэнням, навошта былі вызваленыя 37 палітзняволеных акурат да так званага «Дня народнага адзінства», а таксама асэнсаванню падзей 2020-га.
Па версіі аўтара, Лукашэнка такім чынам засведчыў давер да вызваленых, даў ім «аванс і шанец будаваць будучыню краіны разам з народам».
Як гэта можна перакласці на чалавечую мову? І што гэта ўвогуле было? З гэтымі пытаннямі Филин звярнуўся да палітычнага аглядальніка «Радыё Свабода» Юрыя Дракахруста.
— Я не настойваю на сваёй версіі, якую не магу на 100% даказаць, але ў мяне ёсць адчуванне, уяўленне, што ва ўладзе ёсць накірунак, думка пра тое, што старонку 2020-га трэба сапраўды перагарнуць.
Перагарнуць у тым сэнсе, што не працягваць той канфлікт, тое супрацьстаянне, якое было тады. Бо, па-сутнасці, гэты бесперапынны тэрор — гэта працяг 2020 года, працяг таго змагання.
А не выключана, што ёсць людзі, якія разважаюць так: 2020 год быў адхіленнем ад нормы, але і тэрор, рэакцыя, выкліканыя тымі падзеямі, таксама не былі нормай. А трэба вярнуцца да нормы, да аўтарытарызму, безумоўна.
Трэба захаваць аўтарытарызм, але без усіх гэтых эксцэсаў, без палявання на людзей, без соцен і тысяч палітвязняў. І з больш мірнымі ўзаемаадносінамі ўнутры грамадства.
Магчыма, ёсць людзі, якія адстойваюць такую пазіцыю. Магчыма, такая думка ёсць і ў самаго Лукашэнкі, ці яму яе укладаюць у галаву. Гэта думка ў рэчышчы дыскурсу ўлады.
Гэта зусім не заклік да пабудовы дэмакратыі, руху на Захад і адгароджвання ад Расіі. Не, усё гэта цалкам у рэчышчы ўладных падыходаў.
Я не выключаю, што гэтае вызваленне і, увогуле, увесь гэты курс дробных крокаў, па-сутнасці, насустрач Захаду, быў ініцыяваны гэтымі людзьмі, ці гэтай паловай мозгу ў галаве Лукашэнкі.
І ў гэтым сэнсе, калі казаць, за што Захад мог бы зрабіць нейкія крокі насустрач адносна санкцый, стасункаў агулам, непрызнання, якое можна было хаця бы прынамсі мадыфікаваць, то гаворка хутчэй пра больш шырокі праект.
Больш шырокі праект нармалізацыі, а не проста «мы вызвалім 10-20, а мо і тысячу вязняў». Ну, сёння вызвалілі тысячу, а заўтра набралі тысячу новых. Дзе гарантыі?
А калі курс бярэцца на нармалізацыю, фігуральны вобраз — вяртанне ў 2019-ы, то гэта прынамсі можна прадаць Захаду у якасці больш шырокай палітычнай лініі, а не проста нейкі гандаль: мы выпусцім пэўную колькасць вязняў, а вы здыміце санкцыі.
Я думаю, што такі прымітыўны гандаль насамрэч малацікавы Захаду. Бо дзе тут гарантыі? Паўтаруся, яны і сёння могуць выпусціць, а заўтра схапіць новых.
Тон гэтага каментара БЕЛТА адлюстроўвае, на мой погляд, прынамсі наяўнасць такога падыходу. І я не выключаю, што людзі, нядаўна прызначаныя — Рыжанкоў, Пяткевіч, Маркаў — яны хутчэй такога кшталту.
Але зусім не факт, што яны выйграюць. Бо пэўна ж ёсць людзі, якія лічаць, што ад дабра дабра не шукаюць. Што гэта так ці інакш адпусканне лейцаў, гэта разгойдванне чоўна. Яны могуць сказаць: «Вы яго можаце разгайдаць і мы ізноў атрымаем 2020 год. А нам яно трэба?»
Тут жа гаворка пра асабістыя і службовыя інтарэсы сілавікоў, якім гэта не даспадобы.
Пры чым, абодва гэтыя лагеры апелююць да неабходнасці выжывання рэжыму. Ніхто з іх не гаворыць, што мы за дэмакратыю. Там такія аргументы не праходзць наогул. А вось як лепей захавацца, выжыць рэжыму — гэта аргумент. Гэта спрэчка ў рамках іх дыскурсу.
Таму, мне падаецца, мы назіраем працэс стварэння новай раўнавагі і збірання дробных перавагаў, якія можа і атрымаецца канвертаваць. Бо пасля выбараў у 2025-м у любым выпадку наступіць момант ісціны, прынамсі для Захаду.
Людзі будуць думаць: «Нам трэба прымаць нейкае рашэнне. Ці варта нам працягваць ранейшую лінію, робячы выгляд, што нібыта нічога не адбылося?»
А сёе-тое адбудзецца. Акрамя таго, будзе агульны кантэкст. Людзі будуць задаваць пытанні: «А што далей з санкцыямі. А Мінск зрабіў тыя, тыя і тыя крокі, агучыў пэўныя намёкі, запусціў пробныя шары. Мы павінны на гэта неяк рэагаваць?
Калі мы не будзем рэагаваць, то што мы ад гэтага выйграем? А што выйграем, калі пачнём дазавана адказваць на гэта?»
І ў дадзеным выпадку, я думаю, пэўным фактарам будзе таксама крызіс, які мы назіраем у дэмакратычных сілах. Апошняй ягонай праявай стала адстаўка Вольгі Гарбуновай. Гэта не катастрофа, не правал і не сведчанне таго, што Ціханоўская ніхто.
Але крызіс навідавоку. Бо практычна з 2020-га не было такога, каб унутры мэйнстрыму абазначылася другая ідэалагічная плынь. Ціханоўскую, зразумела, аблайвалі ад самага пачатку, але зараз мы бачым новую плынь.
І калі ў 2025-м будзе падводзіцца нейкі баланс, сальда, прынамсі ў заходніх сталіцах гэта таксама будуць мець на ўвазе. Будуць мець на ўвазе ў тым ліку галасы таго ж Ягорава, Гарбуновай ды іншых, якія будуць падштурхоўваць да адпаведных крокаў.
Які будзе вынік у гэтага ўсяго, ніхто не ведае. Па-першае, да таго часу ўжо адбудуцца выбары ў ЗША. А там да апошняга абсалютна невядома будзе, хто пераможа.
Да таго ж, мы не ведаем, як будуць разгортвацца падзеі вакол Украіны. Як будуць ісці баявыя, а таксама дыпламатычныя дзеянні.
Ёсць таксама меркаванні, што вось гэтая стэйніцаўская тактыка накаплення невялікіх дасягненняў у тым ліку выкарыстоўваецца і пад перамовы па Украіне. Што такімі крокамі Лукашэнка выгандлюе сабе месца за гэтым сталом.
І ён пра гэта ўскосна намякнуў у сваёй прамове. Маўляў, у 1921-м слабая ўлада была, вось Рыжскую дамову і заключылі, нічога не спытаўшы ў беларусаў.
Што ў перакладзе азначае: «А зараз хацелася б, каб спыталі. Прынамсі, каб гэты стульчык, хоць і прыстаўны, але каб быў — для мяне. Таму я і раблю жэсты туды і туды».
Ён Маскву пры гэтым не крыўдзіць, прамых выклікаў ёй не кідае. А вось маленькія жэсты і жэсцікі робіць, у тым ліку і дзеля гэтага стульчыка. Хоць там невядома, ці будзе нават стол.
І тут ёсць яшчэ адзін цікавы момант у рэчышчы гэтых крокаў. Я павывучаў дынаміку знаходжання палітвязняў у турмах. Колькасць тых, хто на канец пэўнага месяца або квартала былі ў Беларусі ў няволі.
І там вымалёўваецца вельмі цікавая траекторыя. З лета 2020-га па лістапад 2022-га гэта проста экспанента — ад 22 чалавек і да 1500. А пасля гэтага фактычна ваганні — плюс-мінус 50 чалавек вакол лічбы 1400.
Зразумела, што ў пачатку было шмат адносна невялікіх тэрмінаў — людзям давалі год, два, тры. Многія ўжо паспелі выйсці. Але я думаю, што тады, напрыканцы 2022-га, гэта было зроблена свядома.
Ну так, у нас ёсць палітвязні, іх шмат. Але гэта не імклівы рост. Гэта не так, як было з 2020-га па канец 2022-га. У нас стабільная колькасць. Так, у нас садзяць людзей, але і выпускаюць. Былых палітвязняў у Беларусі ўжо насамрэч больш, чым тых, хто сядзіць проста зараз.
Мы проста на гэта неяк не надта зважаем. Думаю, што гэта таксама ў свой час было вызначана, як пэўны такі жэст. Так, у нас ёсць палітвязні, мы дыктатура. Але мы ведаем межы. І яны вось такія.
Калі зірнуць на графік, то трэнд цяпер істотна іншы, чым ён быў на працягу больш чым 2,5 гадоў. Канечне, можна сказаць, што гэта супадзенне. Бо сапраўды было шмат даволі невялікіх тэрмінаў. І яны пачалі проста вычэрпвацца пасля 2022-га.
Але мая тэорыя ў тым, што гэта невыпадкова было зроблена. Што гэта, як і міграцыйны крызіс, рэгулюецца. Дарэчы, лічбу 1400 чалавек, як стабільную, агучваў хтосьці з прапагандыстаў. Так, яны даволі хутка набіралі новых зняволеных, але і многіх адпускалі. Таму і ўтрымліваецца баланс.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное