Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Словы Лукашэнкі пра нафту былі маскіроўкай сур’ёзных тэмаў, якія абмяркоўваліся на Валааме»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст падзяліўся з Филином думкамі пра прычыны сакрэтнасці нядаўніх перамоваў у Расіі.

Юрый Дракахруст

— Пасля вяртання Лукашэнкі з Валаама стала вядома, што тэмай размовы з Пуціным нібыта была формула цэнаўтварэння на нафту.

А неўзабаве мы даведаліся пра імклівае памілаванне немца Рыка Крыгера, якое здарылася на фоне знікнення з турмаў расійскіх палітзняволеных. Папаўзлі чуткі пра магчымы абмен з Захадам па ініцыятыве Масквы. І што вырашэнне энергетычных пытанняў — гэта суцяшальны прыз Мінску, які, магчыма, трымаў у галаве ўласную гульню з Берлінам.

На вашу думку, пра што насамрэч маглі размаўляць на Валааме? І ці ёсць пэўная сувязь паміж гэтымі падзеямі?

— Пачнём з таго, што на Валааме ўсё адбывался вельмі сакрэтна. Звычайна бывае нейкі выхад да прэсы, а тут нічога не было. Але з іншага боку, як таксама адзначаюць многія эксперты, фактычна два дні Пуцін размаўляў з Лукашэнкам.

А ён мала з кім размаўляе так доўга — і з замежнымі лідарамі, і нават з расійскімі чыноўнікамі. А тут вось такая ўвага. Гэта сведчыць пра тое, што Лукашэнка важны для Пуціна.

Каб яму штосьці загадаць ці адчытаць, два дні не трэба. І не трэба ўсяго гэтага антуражу валаамскага. Гэта даволі важны момант, на мой погляд, які варта адзначыць.

Што тычыцца парадку дня, я не выключаю, што гэты расповяд Лукашэнкі пра нафту быў маскіроўкай тых сур’ёзных тэмаў, якія там абмяркоўваліся. То бок, сама па сабе гэтая тэма магла абмяркоўвацца. Але сказаць, што толькі яна — гэта неяк мала праўдападобна.

І гэта магла быць маскіроўка рознага кшталту тэмаў, датычных бяспекі. Пра што, дарэчы, Лукашэнка і сам сказаў на нарадзе ў гэты панядзелак. Маўляў, гаварылі пра гарантыі бяспекі. То, напэўна, бяспекі гэта ўсё і тычылася. Якіх канкрэтна аспектаў? Магчыма, розных.

Думаю, вы маеце рацыю ў тым, што памілаванне Рыка Крыгера было часткай гэтых размоваў. І паколькі падзеі развіваюцца яшчэ хутчэй, чым мы думаем, ужо з’яўляецца інфармацыя пра магчымы вялікі абмен.

Абмен, у якім удзельнічаюць і расійскія палітвязні, і, магчыма, Крыгер. Справа ў тым, што з ягоным памілаваннем ёсць пытанне. Бо памілаванне, фармальна кажучы, гэта змяншэнне пакарання. Гэта не вызваленне. І таму, што далей будзе з гэтым немцам, мы не ведаем, па-шчырасці.

Памілаванне можа палягаць у тым, што смяротнае пакаранне змянілі на пажыццёвае зняволенне. Здаецца, у Беларусі ўжо быў выпадак, калі Лукашэнка змяніў пакаранне асуджанаму на смерць на пажыццёвае.

Ці так гэта ў дадзеным выпадку? Можа быць, я не выключаў бы такога. Тады гэта, хутчэй, не так звязана з сустрэчай на Валааме. У такім выпадку магчымае ператварэнне Крыгера ў чарговага Пратасевіча, ці польскага суддзю Шмідта, які будзе па беларускім тэлебачанні рэгулярна расказаваць пра жахлівыя нямецкія ўлады, якія пра яго не дбаюць. Гэта адзін з магчымых сцэнароў.

Але другі сцэнар, больш імаверны, гаворыць пра тое, што памілаванне Крыгера было часткай больш складанай схемы абмену, у якой удзельнічаюць і немец, і расійскія дысідэнты, якія сядзяць у турме. А таксама нейкія расійскія шпіёны, ці той жа Красікаў, пра якога шмат гаворыцца.

Таму, калі яго насамрэч абмяняюць, а тым больш, калі памяняюць на Красікава, то гэта і праўда сур’ёзная тэма. І, магчыма, яна таксама абмяркоўвалася на Валааме.

Я маю ўласную гіпотэзу пра тое, што яшчэ маглі абмяркоўваць у часе той сустрэчы — размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскіх ракет сярэдняй дальнасці. На пачатку ліпеня ЗША заявілі пра намер размясціць ракеты сярэдняй дальнасці ў Еўропе. У прыватнасці, у Нямеччыне. Праўда, толькі ў 2026-м.

Магчыма, размова не ідзе пра ядзерную зброю. Але, магчыма, што і пра яе. Пуцін ужо на днях адрэагаваў. Маўляў, у такім выпадку і мы адкажам адпаведна. Але не сказаў, дзе менавіта. Дык вось, Беларусь можа быць адным з варыянтаў.

Бо калі для стратэгічных ракет усё адно, адкуль ляцець, яны ляцяць на другі бок Зямлі, то для ракет сярэдняй дальнасці дыстанцыя мае значэнне.

І ў гэтым сэнсе прасоўванне на 600 км ад мяжы Расіі з Беларуссю да мяжы Беларусі з Польшчай — істотнае. У гэтым выпадку такія ракеты могуць і да нямецка-французскай мяжы дацягнуцца.

Гэта мая версія, але сама гэтая тэма актуальная ўласна падзеямі і заявамі. І гэта цалкам магчыма, бо калі з боку Масквы гэта не блеф, калі яна і праўда плануе размясціць такія ракеты, то Беларусь — адно з самых прыдатных для гэтага месцаў.

У савецкія часы такія ракеты былі размешчаныя ў нас. І тут ёсць сімвалічны момант: 23 траўня 1990 года апошняя савецкая ракета сярэдняй дальнасці была дэмантаваная на палігоне «Лясны» пад Баранавічамі. Тады гэта скончылася, а зараз гэтая эпоха можа пачацца ізноў.

Вось гэтая тэма мне падаецца сур’ёзнай. Якія яшчэ маглі быць тэмы? Выбары? Я не ведаю, што за нечаканасці тут могуць быць, і чаго ў сувязі з гэтым Лукашэнка можа хацець ад Крамля. Каб яму дазволілі? Дык наўрад ці хтосьці яму не дазваляе ісці на гэтыя выбары.

Магчымы таксама сюжэт пра вельмі дзіўную заяву Лукашэнкі, зробленую 13 ліпеня ў Лунінецкім раёне. Калі, па яго словам, беларусы раптам памірыліся з украінцамі. А пасля ў Беларусь пачалі залятаць расійскія дроны.

Яшчэ адна опцыя — магчымая роля Лукашэнкі ў мірных перамовах. Гэта не азначае, што Беларусь ізноў стане міратворчай пляцоўкай, а мірныя перамовы назавуць «Мінск-3».

Гэта практычна немагчыма. І тым не менш, у нейкіх элементах гэтых схемаў Беларусь можа паўдзельнічаць. Літаральна нядаўна Міхаіл Падаляк заявіў, што Кіеў гатовы, што ён можа весці перамовы. Таму і гэта магло абгаворвацца на сустрэчы.

Паколькі ўсе пералічаныя мной тэмы вельмі далікатныя, таму і створаны вакол іх абмеркавання рэжым інкамунікада. Звычайна гэты тэрмін ужываюць датычна ізаляцыі палітычных зняволеных. А тут ён датычыць рэжыму камунікацыі Лукашэнкі і Пуціна.

 — Калі на Валааме святары развітваліся з гасцямі, адзін з іх сказаў Лукашэнку: «Не пакідайце нас». Улічваючы і нечаканае «замірэнне» з Украінай, і спробы наладзіць адносіны з Захадам, наколькі надзейным партнёрам ён выглядае ў вачах расейцаў?

— Пакуль што выглядае надзейным. У рэшце рэшт, у выпадку з той жа Украінай было сказана, што ўкраінцы сканцэнтравалі войскі, мы ў адказ таксама сканцэнтравалі сілы на мяжы. У выніку Украіна прыбрала свае сілы і мы тады таксама адвялі войскі.

То бок, гэта вяртанне да статус-кво. І таму казаць, што гэта нейкі паварот у нейкім напрамку, не выпадае. А тут яшчэ такі цікавы інфармацыйны малюнак. Пасля той заявы Лукашэнкі загрымела кананада з боку пэўнай колькасці расійскіх z-каналаў і турбапатрыётаў.

Гэта доўжылася літаральна дзень-два і ўсё, выключылася. І ніякія федэральныя каналы не падхапілі гэтую тэму, там яе не сталі развіваць. Гэта выглядала хутчэй на нейкае папярэджанне. І ўсё.

Хаця, ведаеце, я думаю, што недзе ў падкорцы ў расейцаў ёсць такі страх. А раптам? Гэта ж суверэнная краіна, асобная юрысдыкцыя, як было сказана падчас мяцяжу Прыгожына. Але Лукашэнка ўвесь час дэманструе жэсты: «Не-не, я з вамі».

Дарэчы, нядаўна бачыў вынікі даследавання расійскага «Левада-цэнтра» пра стаўленне расейцаў да іншых краінаў свету, прычым, некаторыя апытанні вяліся ад пачатку 1990-х.

Ну, то Беларусь тут бясспрэчна ні з кім і ніколі непараўнальная. Кітай у свой час узнімаўся, Украіна была даволі высока ў 90-я, але Беларусь была заўсёды на першым месцы. Гэта кантэкст расійскай свядомасці.

Для іх, безумоўна, адпадзенне Беларусі было б велізарнай драмай. Прычым, гэта ўжо маё ўласнае меркаванне, не факт, што яны ўспрымаюць Беларусь, як «нашу» тэрыторыю.

У свой час я размаўляў з дырэктарам «Левада-цэнтра» Львом Гудковым. І ён расказаў, што паводле іх апытанняў, што ладзіліся з пачатку 90-х, большасць расейцаў лічыла Крым рускай зямлёй. Што і выкарысталі ў 2014 годзе.

А я яго спытаў, ці гэтак жа ўспрымаецца Беларусь. На што ён адказаў: «Не». Маўляў, гэта добрая краіна, гэта браты, свае. Але так, каб Віцебск ці Брэст — гэта «русская земля», то не.

Так што, тут ёсць пэўна дваістасць: з аднаго боку — «амаль мы», а з другога — «не зусім мы». Гэта прысутнічае ў расійскай грамадскай свядомасці.

Таксама я размаўляў з расійскімі сацыёлагамі. І яны расказалі пра тое, як успрымалі Лукашэнку ў Расіі да падзей 2020-га, калі ў яго там быў вельмі высокі рэйтынг. Расейцы тады казалі: «Так, Лукашэнка вельмі класны лідар. Але для Беларусі, а не для нас». Так што і тут ёсць свая дваістасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(7)