Дзве страшныя лічбы, якія паўплывалі на творчасць Васіля Быкава
100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.
Вядомы факт — у студзені 1944-га падчас Кіраваградскай аперацыі Васіль Быкаў быў паранены ў нагу і жывот, яго памылкова запісалі ў загінулым.
Ягоныя бацькі нават атрымалі пахаронку: «Лейтенант Быков Василий Владимирович погиб смертью храбрых при освобождении села Великая Северинка Кировоградской области Кировоградского района. Там и похоронен».
Але гаравалі зусім нядоўга, бо хутка зразумелі, што на апошнім лісце ад сына з фронта стаяла пазнейшая дата.
Менш вядомы факт — у выпуску Быкава ў Саратаўскай пяхотнай вучэльні было 80 курсантаў, з якіх у баях выжылі толькі чацьвёра.
Быкаў часта звяртаўся ў сваіх творах да тэмы масавай гібелі савецкіх салдатаў у Другой сусветнай, пра бяздарнасць і поўную абыякавасць да лёсаў людзей з боку ваенных начальнікаў.
Тады людзей на ўзводы нават не дзялілі, не было каго. Добра, калі пісар пасьпее перапісаць прозьвішчы, а то ідуць безыменнымі. I гінуць. Таму столькі ў нас цяпер «неизвестных солдат», пропавших без вести».
Такі быў улік. У пяхоце не было ніякага ўліку. Во кулямёты ўлічвалі, гарматы, танкі. Нават снарады начальства лічыла, бо за іх адказнасьць мела. А за людзей адказваў адзін Гасподзь Бог...
З кнігі ўспамінаў «Доўгая дарога дадому»
Як тут не параўнаць напісанае чвэрць стагоддзя таму з тым, што зараз адбываецца ва Украіне. Можем повторить?
Пісаў Быкаў і пра калектывізацыю. За што яму прылятала ад рознага кшталту крытыкаў і даносчыкаў не менш, чым за праўду пра вайну. Як, напрыклад, за «Знак бяды».
Пісьменнік меў тут ці не асабісты рахунак. У ягоных Бычках шэсць з дванаццаці сем’яў былі раскулачаныя. Іх выслалі з Беларусі, часцей за ўсе на верную смерць — у Сібір. Напоўніцу зведала калгаснага «шчасця» і сям’я Быкава:
— Памятаю такія моманты... Бацька пойдзе ўвосень на канчатковае разьмеркаваньне і прынясе гадавы заробак — паўторбы жыта. Вось і ўсё, што мы зарабілі за год, усёй сям’ёй працуючы ў калгасе. Такі заробак. Але ж яшчэ з нас і пастаўкі: мяса, воўну, яйкі, малако, масла, грашовы падатак, страхоўка, яшчэ пазыка і рознае іншае, не пералічыць. Дзе ўзяць грошы? Што прадаць, каб сплаціць?