История

Андрэй Кныш

«Дзяды, прадзяды, прыходзьце к нам!»

Як беларусы шануюць памерлых продкаў. І што павінна быць за памінальнай вячэрай.

«Дзяды, прадзяды, прыходзьце к нам!» Малюнак з часопіса «Tygodnik Ilustrowany»

У першую суботу лістапада беларусы адзначаюць адно з самых старажытных святаў — Восеньскія або Змітраўскія Дзяды. У гэты дзень мы памінаем памерлых продкаў, якія, як лічылася з сівых часоў, акурат на Дзяды адведваюць сваіх жывых нашчадкаў.

Традыцыйна да гэтага дня беларусы прыбіраліся ў хатах, ішлі на могілкі і ў царкву. А напрыканцы дня накрывалі на стол адмысловую вячэру.

У нашыя дні, калі многія сем’і раз’яднаныя вымушанай эміграцыяй і турмамі, гэтае сямейнае свята набывае новы сэнс. Не ўсе з нас у гэтую дзядоўскую суботу змогуць адведаць магілы сваіх блізкіх. Але многія, хто апынуўся ў выгнанні, могуць падрыхтаваць да Дзядоў святочны стол. Нагадаем, што на ім павінна быць. І што даўней за памінальнай вячэрай рабілі нашыя продкі.

Традыцыйна на памінальным стале мусіла быць не менш за сем страваў. Магло быць і больш, але галоўнай умовай была іх няцотная колькасць. Зрэшты, гэтае правіла залежала ад пэўнай мясцовасці.

Без чаго не абыходзіўся стол на Дзяды: куцця, бліны, мяса, яечня і клёцкі. Каб душы продкаў змаглі «прысутнічаць» на вячэры, для іх адчынялі фортку або засланку ў печы. На стале для іх ставіўся асобны посуд, у які кожны з прысутных клаў па кавалку кожнай стравы.

Часта сярод тых пачастаункаў былі стравы, якія памерлыя любілі пры жыцці. І, канечне ж, дзядам ставілі асобную чарку гарэлкі.

Адмысловая вячэра пачыналася з таго, што старэйшы ў сям’і запрашаў дзядоў за стол. Важна адзначыць, што пад «дзядамі» меліся на ўвазе ўсе памерлыя — і стары, і малады, хто ў якім веку памёр. У тым ліку і маленькія дзеці.

читайте также
читайте также 7 фактаў пра Дзяды

За такім сталом гаварылі толькі пра памерлых — гэта іх вечар. Згадвалі іх добрым словам, расказвалі пра іх розныя сямейныя гісторыі, згадвалі пра іх гісторыі. Гэта важны момант для маладзейшых удзельнікаў вячэры, якія многіх са сваіх продкаў ведалі толькі з такіх гісторый.

Дзядоўскі стол на ноч не прыбіралі. Такім чынам душам продкаў давалі магчымасць пабыць за ім у цішыні. Дзеля гэтага і само застолле не было шумным.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(32)