Франак Вячорка – пра ўключэнне у «спіс тэрарыстаў»: «Гэта прыклад «гуманізму» ў выкананні Лукашэнкі»

Дарадца Святланы Ціханоўскай у экспрэс-каментары «Салідарнасці» пракаментаваў уключэнне яго ў «спіс тэрарыстаў».

КДБ унёс Франака Вячорку, а таксама пяцярых беларускіх палітзняволеных, у спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» — на сёння ў ім ужо больш чым 1170 пазіцый.

Як адрэагаваў сам новаабвешчаны «тэрарыст» (а раней, з гледзішча беларускіх сілавых ведамстваў, яшчэ і «экстрэміст», і «стваральнік экстрэмісцкага фарміравання» і фігурант крымінальнай справы ажно па 9 артыкулах, асуджаны завочна да 20 гадоў зняволення), і як гэтае рашэнне адаб’ецца на ягонай працы?

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

— Пра тое, што я стаў тэрарыстам, я даведаўся з тэлеграм-каналаў, — распавёў Франак Вячорка ў экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Адрэагаваў спакойна. Мне здаецца, лукашэнкаўскі рэжым ужо так далёка зайшоў, што здзіўляцца няма чаму. Сістэме трэба адпрацоўваць план па рэпрэсіях — адпрацоўваюць.

Але ж гэта паказвае усю абсурднасць, усю нікчэмнасць лукашэнкаўскага рэжыму. Мабыць, ім карціць адпомсціць, але ня ведаюць, як, дык выдумляюць нягеглыя прысуды, дадаюць у тэрарыстычныя спісы.

На мяне гэта не паўплывае. Буду рабіць, што і рабіў. Гэта яшчэ адзін прыклад трансгранічных рэпрэсій, які можна будзе прыкласці да справы Лукашэнкі ў Гаазе — такі прыклад «гуманізму» ў выкананні Лукашэнкі.