Фрыдман: «Калі Лукашэнка жадае, каб на кампанію звярнулі ўвагу на Захадзе, то было б добра, калі б нехта зняўся з выбараў. А менавіта — ён»

Палітычны аглядальнік — пра палітычныя падзеі, з якіх пачаўся 2025 год. І спробы беларускага рэжыму знайсці прызнанне ў новай канфігурацыі сіл.

З пачатку 2025 года старшынства ў Еўразвязе перайшло да Польшчы, а Беларусь прыняла часовае старшынства ў ЕАЭС. Наколькі гэта важна, і якія яшчэ палітычныя падзеі могуць паўплываць на сітуацыю ў рэгіёне і на ўспрыманне Захадам беларускага пытання?

— Старшынства Польшчы — досыць важная рэч, але я б не перабольшваў яго значэнне, бо ў пэўнай ступені гэтае старшынства фармальнае, — гаворыць у эфіры Еўрарадыё гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. — Відавочна, што Польшча ў гэтыя паўгады скарыстаецца магчымасцю прасоўваць некаторыя тэмы — але ж мы ведаем, як прымаюцца рашэнні ў Еўразвязе.

Варшава можа прапанаваць нейкую тэму, але наколькі яе падтрымаюць іншыя — пытанне адкрытае. І ўсё ж для дэмакратычнай Беларусі гэта важная падзея, бо Польшча ва Усходняй Еўропе ў прынцыпе і ў Беларусі ў прыватнасці зацікаўленая куды больш, чым Венгрыя.

Для Лукашэнкі гэтая падзея непрыемная ў тым сэнсе, што зараз ён праводзіць свае «выбары» і відавочна разлічвае на паляпшэнне стасункаў з Еўропай. І старшынства Польшчы, той краіны, якая асабліва крытычна ставіцца да яго рэжыму, тут не вельмі прыемнае, ён гэта разумее.

Што да старшынства Беларусі ў ЕАЭС, асаблівых навін ад перамены складовых, на думку Аляксандра Фрыдмана, чакаць не выпадае. Хіба што беларуска-армянскі канфлікт, у цэнтры якога знаходзяцца асабістыя дрэнныя стасункі Пашыняна і Лукашэнкі, можа мець пэўнае развіццё.

— ЕАЭС знаходзіцца ў сітуацыі стагнацыі, гэта звязана з працэсамі, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы, — адзначае аглядальнік. — Тая вайна, якую Расія працягвае весці супраць Украіны, і тыя санкцыі, якія ўведзены супраць Расіі і Беларусі, вядома, уплываюць на працэсы эканамічнай інтэграцыі на постсавецкай прасторы.

Таму такія краіны, як Казахстан, Таджыкістан, паводзяць сябе ў прарасійскіх інтэграцыйных праектах досыць асцярожна — і думаю, такая тэндэнцыя працягнецца ў гэтым годзе.

Пры гэтым, мяркуе Аляксандр Фрыдман, пры ўсіх вонкавых закліках да сумеснай працы і інтэграцыі па розных накірунках, насамрэч і беларускі правіцель усведамляе непрыемную рэчаіснасць: ва ўяўленні Расіі і асабіста Пуціна Беларусь — умоўна самастойная краіна, і такой яна можа існаваць толькі пакуль краіна цалкам арыентаваная і падкантрольная РФ.

Што ж да стасункаў Беларусі з Украінай, аглядальнік заклікае не ўкладваць асаблівы сэнс і спадзевы на навагоднюю прамову Уладзіміра Зяленскага, дзе прагучала «Жыве Беларусь»:

— Не трэба мець сур’ёзных ілюзій: стаўленне Зяленскага да Беларусі адмоўнае. У мяне складваецца ўражанне, асабліва пасля 2022 года, што сённяшнія ўлады ў Кіеве не робяць адрозненняў паміж Беларуссю і Лукашэнкам.

Што тычыць заяў Лукашэнкі датычна Кіева і ўкраінскіх уладаў, то як яны рэагуюць: альбо ігнаруюць, альбо ў пэўны момант, калі ён дасягае апошняй кроплі і няма цярпення маўчаць, ідуць досыць жорсткія тырады ў адказ.

А што тычыць прамовы Зяленскага — гэта такі кпін супраць Лукашэнкі, каб той ведаў сваё месца. То бок, было сказана не тое, што спадабаецца беларусам, а тое, што дакладна не спадабаецца Лукашэнку — хоць беларуская прапаганда і вырашыла гэтыя непрыемныя для сябе словы «не ўбачыць».

Зяленскі добра разумее, якой рыторыкі ад яго чакае Захад. Таму і ўзгадвае дэмакратычны кантэкст і што Беларусь будзе вольнай — што гэта не толькі ўкраінскі «эгаізм», а больш шырокае мысленне, развагі пра дэмакратызацыю іншых краін.

Калі б Зяленскі яшчэ дадаў бы, што верыць у дэмакратычную будучыню РФ — ліберальныя еўрапейскія палітыкі сказалі б, што гэта наогул выдатна.

Дарэчы, сам Лукашэнка ў першы працоўны дзень новага года звярнуўся не толькі да сваіх давераных асоб і падначаленых з заклікам правесці выбары як «свята».

читайте также

Правіцель таксама абвінаваціў апазіцыю ў тым, што ўжо «настрапалілі Захад супраць усіх, а яшчэ ж нехта з кандыдатаў можа зняцца» і прапанаваў падумаць яшчэ раз пра запрашэнне замежных назіральнікаў. Ці гэта працяг зайграванняў з Захадам?

— Калі Лукашэнка жадае, каб на гэтую кампанію звярнулі ў вагу на Захадзе і змянілі да яе стаўленне, то сапраўды было б добра, калі б нехта зняўся з гэтых выбараў. А менавіта — ён, — каментуе Аляксандр Фрыдман.

Калі б прагучала навіна, што Лукашэнка здымаецца з «выбараў», гэтая кампанія магла б стаць адной з галоўных падзей у Еўропе, а магчыма, нават і ў свеце. Але гэта, канешне, з галіны фантазій і ілюзій.

У рыторыцы ж мне падаецца важным наступнае.

Кампанію яны праводзяць досыць гнутка, напэўна, ёсць шэраг розных сцэнараў. І я б не выключаў, што нехта можа зняцца, бо ёсць два абсалютна невядомыя, нават у беларускіх маштабах, і маргінальныя кандыдаты: Сыранкоў і Хіжняк. І адзін з іх, а магчыма абодва, могуць зняцца на карысць Лукашэнкі.

Здымаць Канапацкую — на сёння гэта было б досыць дзіўна, бо яе пазіцыянуюць як кандыдата, які мусіць прадэманстраваць нейкую альтэрнатыву, дадаткова легітымізаваць «выбары».

Лукашэнка бачыць досыць адназначнае стаўленне да выбараў. Яму гэта не падабаецца і ён шукае развязку ў кантэксце сённяшняй геапалітычнай сітуацыі. Усё ж магчыма, што пачнуцца нейкія перамовы, будзе новая геапалітычная канфігурацыя — і яму патрэбнае прызнанне ў ёй.

Ён пра гэта кажа паміж радкоў: падабаюся я вам, не падабаюся, але мяне абралі, працуйце са мной, у вас іншай альтэрнатывы няма.

І я не выключаю, што з Лукашэнкам пасля «выбараў» будуць размаўляць. Але не як з дэмакратычна абраным легітымным кіраўніком дзяржавы, а з тым, хто там кантралюе ўладу цалкам, у каго ў руках знаходзяцца ўсе рухавікі ўлады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(56)