«Гэта было самае нешчаслівае пакаленне». Што Васіль Быкаў пісаў пра сваіх бацькоў
100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.
Васіль Быкаў і ягоная сястра Валянціна часта прыгадвалі, што ў дзяцінстве пабойваліся свайго бацькі Уладзіміра. Той быў нешматслоўны, суровы селянін, чый лёс, як і лёс ягонага пакалення, быў варты не аднаго рамана.
Дзве сусветныя вайны, бясконцыя змены ўладаў, рэпрэсіі і раскулачванне, нявольніцкая праца ў калгасе — гэта няпоўны спіс таго, што выпала на долю пакалення бацкоў Быкава.
Значна пазней у кнізе ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» Васіль Быкаў так і патлумачыць асаблівасці бацькавага характару:
— Бацька Уладзімер Хведаравіч у маладосьці нямала пабадзяўся па сьвеце і толькі на старасьці жыў у роднай вёсцы. Як цяпер пагляджу, гэта, можа быць, самае нешчасьлівае пакаленьне, якое за ўсё свае жыцьцё долі ня знала. Адно бязладзьдзе, рэвалюцыі, войны. Ды калектывізацыя. Ды барацьба з ворагамі народу... Голад, кроў і пакуты.
Уладзімір Быкаў нарадзіўся ў Бычках, там дажыў век і быў пахаваны. Але ладную частку жыцця ён вымушана правёў у чужых краях.
Зямлі ў Быкавых было мала, таму яму даводзілася кожнае лета выпраўляцца на працу ў Латвію на цагельныя заводы. Потым былі чатыры гады ў царскай арміі, праведзеныя ў Гродне.
У Першую сусветную вайну, на якую Уладзіміра Быкава пасля службы ў войску ізноў мабілізавалі, ён патрапіў у нямецкі палон. Працаваў у баўэра, што было нягоршым варыянтам для палонных.
— Бацька часта ўспамінаў свой палон добрым словам, што ў мяне, вечна галоднага падлетка, выклікала непаразуменьне і зайздрасьць, — пісаў Васіль Быкаў.
А падчас грамадзянскай вайны ў Расіі Быкаву-старэйшаму давялося ісці ваяваць пад Варшаву.
Свой адбітак на характары бацькі наклала і жыццё на савецка-польскай мяжы, якая праходзіла ў лічаных кіламетрах ад Бычкоў.
Маці пісьменніка Ганна паходзіла з суседняй вёскі Завулак, якая паводле Рыжскай дамовы 1921-га адыйшла да Польшчы. Там застаўся яе брат Лявон, пра якога яна нічога не ведала да 1939-га.
Ганну Рыгораўну дзеці прыгадвалі як добрую і спагадлівую. Быкаў гэтую мяккасць маці ацэньваў досыць неадназначна:
— Дужа мяккая і жальлівая, я ніколі ня чуў ад яе гучнага слова — усё з ласкай і добрасьцю. І я лічу, што гэта кепска. Жыцьцё — усё ж бязьлітасная рэч, для яго яшчэ ў дзяцінстве патрэбна загартавацца характарам. Я ж засвоіў ад маці занадта шмат мяккага, што мне неяк шкодзіла — на вайне і пасьля вайны. Асабліва ў войску, дзе ў пашане пэўная зьвераватасьць характару.
І менавіта свайму маўчуну-бацьку Быкаў абавязаны тым, што з малых гадоў захапіўся чытвом. Гэта ён прачытаў яму адно з апавяданняў Міхася Лынькова. А потым адвёў шасцігадовага Васіля ў школу.
Горкая іронія лёсу — бацькі Быкава заспелі час, калі іх сын здабыў шырокую вядомасць, пры іх жыцці былі напісаныя «Жураўліны крык», «Альпійская балада» і «Мёртвым не баліць» — але самі не прачыталі ніводнага ягона твора.
Альбер Камю свой апошні раман прысьвяціў маці, якая не магла яго прачытаць з прычыны свае непісьменнасьці, што, аднак, ня зьменшыла яе гонару за выдатнага сына.
Мая мама таксама не прачытала ніводнага радка з маіх твораў, і таксама праз сваю непісьменнасьць.
Бацька быў пісьменны, але на той час, як сын пачаў друкавацца, нічога чытаць ня мог, бо ня бачыў, а акуляраў ня меў. Прасіў каго пачытаць сынава апавяданьне, як сам калісь чытаў малому «Гой» Міхася Лынькова. Параўноўваў і казаў, што ў Лынькова было лепш — цікавей.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное