Политика

Ірына Верабейчык

«Групоўка, якая больш запэцкалася і якой бліжэй «рускі мір», будзе тарпедаваць усе крокі, якія могуць прывесці да адлігі»

Палітолаг Анатоль Котаў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» – пра перадвыбарчыя вучэнні беларускіх сілавікоў.

Пакуль іншыя еўрапейскія краіны рыхтуюцца да Калядаў, Беларусь па-свойму працягвае падрыхтоўку да «выбараў». Сілавікі зноў адпрацоўваюць рэакцыю на «магчымыя ўскладненні абстаноўкі ў краіне падчас электаральнай кампаніі» — сёння МУС распачало ў Мінску, у абласных і раённых цэнтрах маштабныя вучэнні, якія працягнуцца тры дні.

Як паведамляецца, падчас камандна-штабных вучэнняў пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў РБ Івана Кубракова магчымае перасоўванне спецтэхнікі, перакрыццё вуліц, а таксама выкарыстанне піратэхнікі.

Вучэнні 19 лістапада, фота МУС

З другога боку, адначасова ўлады імкнуцца прадэманстраваць Захаду нібыта лібералізацыю і аслабленне рэпрэсій, — дзеля чаго палітычны пераслед не спынілі, але амаль што прыбралі інфармацыю аб ім з публічнага поля, а таксама вызвалілі чарговую групу палітвязняў.

Але ці не супярэчаць такія дзеянні адно другому, і ці не перагнуць сілавыя структуры палку ў пошуках «экстрэмістаў»? Бо нават прыхільнікі рэжыму наўрад ці павераць у стабільнасць і перагорнутую старонку, калі ўжо за два месяцы да «выбараў» бачаць на вуліцах спецтэхніку і ўзброеных міліцыянераў…

— Так, гэта сведчыць пра пэўны брак каардынацыі ўнутры рэжыму, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг Анатоль Котаў, — і пра тое, што ўжо сфармаваліся нейкія групы, якія маюць розныя інтарэсы.

Анатоль Котаў

Ёсць тыя, каму больш даспадобы пэўная лібералізацыя, калі можна так сказаць — гэта якраз пра выхад на свабоду часткі палітвязняў, пра нейкі дыялог з Захадам і размарозку кантактаў, што можа прывесці да хаця б частковага зняцця санкцый з рэжыму.

Аднак ёсць і тыя, каму гэта ўсё не падабаецца. Перадусім больш прарасійскае крыло, больш набліжанае да Міністэрства ўнутраных спраў. Для іх лібералізацыя азначае, што іх могуць у любы момант зрабіць адказнымі за рэпрэсіі, калі гэта будзе прызнана мэтазгодным.

Відавочна, што яны робяць усё магчымае, каб адстойваць свой курс, які выключае нейкую адлігу. Таму можа складвацца ўражанне, што адна рука не ведае, што робіць другая — і гэта насамрэч так.

Групоўка, якая больш запэцкалася і якой бліжэй «рускі мір», будзе тарпедаваць усе крокі, якія могуць прывесці да адлігі — таму адныя выпускаюць, іншыя саджаюць. І ў такім дзіўным балансе мы падыходзім да таго, што ў Беларусі называецца выбарамі.

— Ці не можа гэты баланс быць парушаны, калі сілавая групоўка перагне палку з запалохваннем? Многія аналітыкі зазначаюць, што сістэма палюе ўжо і на сваіх, лаяльных.

— Праблема ў тым, што гэта можна назваць нармалізацыяй рэпрэсій.

На жаль, за гэтыя гады людзі прызвычаіліся ўжо, што па некага прыходзяць, некага хапаюць, у некага адціскаюць бізнес. Мы дайшлі да стадыі, калі рэпрэсіі не ўспрымаюцца, як нешта недазваляльнае — горш за ўсё, што яны ўспрымаюцца ўжо як частка нармальнага, паўсядзённага жыцця. І перагнуць палку ў іх ужо даволі цяжка.

Літаральна сёння была высунутая ініцыятыва аб тым, каб старшыні райвыканкамаў прызначалі кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў. Што таксама можна назваць рэпрэсіямі, бо фактычна гэта азначае масаваю канфіскацыю прыватнага бізнесу.

І ў нармальнай краіне, у нармальнай рэчаіснасці гэта выклікала б сур’ёзныя пратэсты. Але ў сучаснай Беларусі, на жаль, такога не будзе. Усё, што адбывацца, на жаль, збольшага нагадвае 30-ыя гады мінулага стагоддзя, калі людзям ужо ўсё роўна, што робяць улады, і няма аніякай рэакцыі на гэта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(11)