Общество

Гурневіч: «Беларушчына, як вядома, не для слабакоў»

Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч – пра ўражанні ад аўтабіяграфічнай кнігі «Родная Еўропа» лаўрэата Нобелеўскай преміі Чэслава Мілаша.

– Я вельмі люблю чытаць успаміны ўраджэнцаў нашых земляў або памежжа (Мілаш на ім гадаваўся), якія абралі сабе не беларускую ідэнтычнасць, а польскую або расейскую, – піша Гурневіч. – Я чытаю іх як сканер, у пошуках схаваных знакаў, якія яны выпадкова пакінулі сваім беларускім чытачам. І амаль заўсёды знаходжу.

Дзмітрый Гурневіч

Некалькі гадоў таму я прачытаў два тамы ўспамінаў Андрэя Грамыкі, былога міністра замежных справаў СССР, ураджэнца Гомельшчыны. Кніга проста стэрыльная ад любой згадкі пра беларускасць.

Але Грамыка ўсё ж лажануўся. У адным месцы ён апісваў, што жыхары яго вёскі танчылі пад «Левониху». І адразу ўсё зразумела, Андрэйка. Здаў сябе як шклотару.

У тую хвіліну я рагатаў як Мефістофель.

Пад гэтым кутом ва ўспамінах Мілаша згадак пра Беларусь каля дзесятка. Але іх тон яскрава сведчыць, што ў нобелеўскім лаўрэаце не было нічога беларускага. Для яго гэтыя людзі і гэтая культура былі чужыя (хаця ён ведаў беларускую).

Ставіўся ён да беларусаў як да лузераў гісторыі. Але нідзе я не адчуў, каб ён ім спачуваў ці прызнаваў суб’ектнасць. Вот, боўтаюцца пад нагамі, неяк так. І я веру, што Мілаш піша гэта шчыра.

Гэта мы сёння, пасля беларускай школы, прачытаўшы десяткі кніг па тэме, сотні гадзінаў на ютубе пра гісторыю, бачым усё інакш, уласнай оптыкай. Але тады ўсё выглядала інакш.

Гадоў больш як 25 таму, калі я быў яшчэ вучнем налібацкай школы, то хадзіў да старых налібачан паслухаць іх аповеды пра мінулае. Самая вялікая ўдача была ў амаль 100-гадовай бабы Ганны. Яна размаўляла на чысцюткай беларускай, нібыта з твораў Коласа.

Але калі я спытаў, на якой мове размаўлялі налібачане 100 год таму, то яна адказала:

— На гэтай во, што мы і цяперака з табой гаворым, польскай тут ніхто не гаварыў.

— Па-беларуску? — удакладніў я.

— Можа. Мо гэта яна цяпер завецца беларускай, мы ўперад (раней) так яе не называлі. Казалі, што гэта простая мова, — кажа баба Ганна.

Я тады не мог паверыць, што такое можа быць. Ты ўсё жыццё жывеш у гэтай краіне і не ведаеш, як называецца мова, на якой ты размаўляеш.

А гэта быў канец 90-х. Таму не верыць Мілашу ў 30-ыя ў мяне няма падстаў.

Праўда аднойчы Мілаш мяне здзівіў, калі апісваў паланізацыю літоўцаў і ролю ў гэтым беларусаў. Цытую:

«Літоўскі этнічны элемент у ходзе гісторыі сціскаўся. У адрозненні ад арыстакратыі, якая прыняла польскую шляхецкую культуру, літоўскія сяляне не паланізаваліся. Іх дэнацыяналізацыя адбывалася на двух узроўнях: з усходу і поўдня літоўскія тэрыторыі падгрызалі беларусы, так як мора часам паглынае зямлю. І толькі пасля таго як насельніцтва прыняло славянскую мову, жыхары вёсак зведвалі польскі ўплыў», — піша Мілаш.

Іншым разам ён расказвае як працаваў на Польскім радыё ў Вільні, 1930-ыя. Мілаш і яго начальнік давалі ў эфір выступы беларускіх хораў. Гэта вельмі не падабалася польскім нацыяналістам і яны страчылі даносы ў каталіцкім часопісе «Rycerz Niepokolanej». І тут Мілаш ізноў піша пра беларусаў: «Беларускія песні — гэта адзін з самых самых шчымлівых дакументаў фальклору ў Еўропе, але нават так нельга тады было раскрываць, што беларусы ўвогуле існуюць», — піша Мілаш.

У тых людзей, хто абраў беларускую свядомасць, мусіла быць вельмі моцная матывацыя. Мачыма ў гэтым касмічным узроўні іх апантанасці і ёсць сакрэт таго, што беларусы выжылі як нацыя.

Гэта нешта з шэрагу натуральнага адбору, бо беларушчына, як вядома, не для слабакоў. Хаця бывалі розныя.

Мой адвясковец Язэп Фарботка нарадзіўся ў 1893 годзе. Ён пісаў па-беларуску вершы, збіраў беларускі фальклор, ездзіў з дэлегацыяй БНР у Кіеў, разам з Янам Булгакам стварыў «Віленскі фотаклуб», перакладаў на беларускую «Пана Тадэвуша».

Але ягоны сын, які памёр 2 гады таму ў Лодзі ва ўзросце пад 90 год, не мог і не хацеў верыць, што бацька быў беларусам. Пра ўсё гэта ён казаў мне асабіста:

— Ды не, гэта проста быў кароткі эпізод у студэнцкія часы. Тата быў палякам. Проста калі ў 30-ыя ў Віленскім універсітэце была нейкая антыбеларуская кампанія польскіх нацыяналістаў, ён заступаўся за беларусаў і запісаўся ў дакументах беларусам, каб падтрымаць. — казаў сын.

Я пярэчыў сыну Фарботкі, пры чым тут 30-ыя? Ён у 1919 ствараў Беларускі тэатар у Менску, сябраваў з Купалам, ваша маці, а яго жонка, дачка беларускага паэта Альбэрта Паўловіча.

— Не, не, тата быў польскім патрыётам, і пасля пераезду з Менска ў Вільню ў 1920-ым, адрынуў беларускасць — працягваў сын.

Але і адзіны нашчадак Фарботкі выпадкова даў неасцярожны сігнал як той Грамыка з «Лявоніхай». Расказваючы, што засталося ад калекцыі бацькі, ён загадаў пра падпісаную яму кімсці «Гісторыю беларускай літаратуры» Максіма Гарэцкага з пячаткай нейкага Беларускага дапаможнага камітэту ў Вільні часоў нямецкай акупацыі, недзе 1942 год. Язэп Фарботка сапраўды 1930-ыя хаваў сваю беларускасць у шафе, тусаваўся з польскай супольнасцю, бо беларускасць была як стыгма і цягнула ў бездань.

Але дзякуючы той кніжы Гарэцкага мы ведаем, што не ўсё так проста і ўсёй праўды мы не ведаем.

Зрэшты, пісаў я калісьці артыкул пра дзеяча даваеннай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Мікалая Дварэцкага. Пасля вайны ён жыў каля Гданьска, жыў як паляк. І толькі паміраючы, літаральна за хвіліны да смерці, паклікаў дачку і сказаў ёй, што ён беларус.

Дзеці толькі пасля даведаліся, кім быў іх бацька і чаму хаваў беларускасць. Бо за такую нацдэмаўшчыну ў сацыялістычнай ПНР маглі абвесціць беларускім нацыяналістам і зламаць жыццё. А мінімум — зрабіць «стукачом», узамен за «спакойнае жыццё».

Дзеці памяталі як да бацькі прыяжджалі сябры, як яны выпівалі і пасля хадзілі на доўга ў лес, нібыты дзеля таго, каб іх ніхто не чуў. І дзеці ўзгадалі, што гэта адбывалася штогод у другой палове сакавіка. Прывітанне, 25 сакавіка.

Такіх гісторый я ведаю мора. У выпадку з Дварэцкім сын пасля смерці бацькі пачаў вучыць беларускую, а яму было ўжо за 50. Знайшоў бацькавыя вершы на беларускай і выдаў іх кнігай.

Нічога падобнага з Мілашам не было. Ніякіх схаваных сігналаў пра яго беларускасць я не знайшоў. Ня варта яго цягнуць і ў спаланізаваныя беларусы. Беларусам называў Мілаша Ежы Гедройць, але гэта быў звычайны тролінг, каб высмяяць яго недахопы.

І беларусы тут для Гедройця выступалі сінонінам мілашаўскіх «недахопаў», сярод якіх павольнасць. А вось гэта акурат ужо закадаваны сігнал ад Гедройця і камплімент беларусам. Бо шчырасць Мілаша ў гэтай кнізе, яго мудрасць, тонкая адчувальнасць і адсутнасць жадання ляпіць з сябе таго, кім ён не ёсць, вельмі каштоўныя чалавечыя рысы.

…Але ж я разява, праміргаў такі шыкоўны сігнал з кніжкі Мілаша. Вось ён піша пра Вільню свайго дзяцінства, пра пачатак працы Гарадскога кінатэатра, ужо пасля таго як горад далучыла да сябе Польшча.

«Барацьба за месцы адбывалася па-дзікунску. Самымі жаданымі былі месцы на галерэі, побач з балюстрадай. Яны давалі магчымасць глядзець на лысіну музыканта зверху і даваць яму дасціпныя падказкі. Нярэдка ў поўнай цішыні быў чутны дыялог (і тут Мілаш пераходзіць на беларускую):

— Антук!

— А.

— Плюнь.

— Ня плюну.

Усяго 3,5 словы па-беларуску. Але што яны даюць? Паказваюць, што ў памяці Мілаша выпадковыя віленчукі сто год таму размаўлялі па-беларуску. І для яго гэта было настолькі натуральна, што ён не лічыў нават патрэбным тлумачыць гэты момант чытачу.