Общество

Ізраільскі бізнэсмен стаў іранскім шпіёнам дзеля дарагой ва ўтрыманні беларускі. Хто гэтая фатальная лэдзі?

73-гадовы ізраільцянін Моці Маман даў іранцам завербаваць сябе. Іранцам патрэбны былі забойствы ізраільскіх разведчыкаў, а Моці былі патрэбны грошы для ўтрымання маладзейшай на 36 гадоў жонкі-беларускі. Наша ніва сабрала ўсё, што вядома пра гэтую жанчыну, якая ледзь не выклікала міжнародны скандал.

Тут і далей фота з сацсетак сям'і Маман

Гэтую беларускую жонку Моці (Мардэхая) зваць Наталля Маман. Жанчына родам з Брэста. Невядома, якая адукацыя ў Наталлі, але большую частку сваёй прафесійнай кар'еры яна аддала Мінскаму заводу вінаградных вінаў. Як можна разумець — брэсцкаму філіялу. Працавала там начальніцай аддзела.

Наталля Маман злева

Як лёс звязаў маладую Наталлю з Брэста з пажылым Моці з Ашкелона? Гэтая частка гісторыі невядомая.

Але пара яшчэ не адсвяткавала нават драўлянае вяселле: яны распісаліся ў 2020, калі жанчыне было трошку за 30.

Да таго Наталля насіла прозвішча свайго першага мужа, В. Камінскага, з якім у яе агульны малы сын.

З Моці ж яна знаёма як мінімум з вясны 2019 — тады на старонцы ізраільцяніна ў фэйсбуку сталі з'яўляцца фота берасцейкі.

Імаверна, з першым мужам Наталля разышлася не вельмі прыгожа і мірна. Базы Белпола ведаюць дэталі сямейных драм: Наталля абвінавачвала першага мужа ў вымаганні істотнай сумы грошай за дазвол на вываз сына ў Ізраіль.

Але гісторыя ў любым разе развязалася: апошнія годы і Наталля, і яе сын жылі ў Ізраілі. Яна часам прыязджала ў Беларусь разам з другім каханнем.

Моці Мамана цяпер дапытваюць ізраільскія спецслужбы. А Наталля прызналася сілавікам, што ведала пра іранскія ваяжы мужа і непакоілася з гэтай нагоды.