Филин

Ірына Марозава

«Кан’юнктуры для Лукашэнкі, каб здзелка наконт Калеснікавай атрымалася, я не бачу»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину — пра тое, ці дае беларускі бок сігнал Захаду да гандлю вядомымі палітзняволенымі, і ці адгукнецца, прынамсі, Германія.

Палітзняволеная Марыя Калеснікава, ад якой сям’я не мела звестак са снежня 2022 года, сустрэлася ў медчастцы калоніі з бацькам.

Зразумела, што пра міласэрнасць рэжыму гаворка не ідзе. А пра што тады?

Згадаем: нядаўна журналіст ВВС Сцівен Розенберг акурат задаваў пытанне Лукашэнку пра Калеснікаву — той сцвярджаў, што сям’я яе лёсам «не цікавіцца». Яшчэ раней прапагандыст Юрый Васкрасенскі агучваў запыт рэжыму «свабода часткі палітзняволеных у абмен на зняцце санкцый», аднак заявіў, што такія знакавыя вязні, як Бабарыка, Бяляцкі і Калеснікава, будуць памілаваныя ў апошнюю чаргу альбо даседзяць свае тэрміны да канца.

У такіх варунках ці можна расцэньваць прад’яўленне свету Марыі Калеснікавай (маўляў, глядзіце: вось ваша Маша, жывая і адносна здаровая), як новую прапанову Захаду да гандлю? І ці зацікавіць у прыватнасці Германію, дзе беларуская актывістка і музыкантка жыла 12 год, выкуп людзей такога ўзроўню?

— Я не перабольшваў бы значэнне гэтых фотаздымкаў, яны не выглядаюць як запрашэнне да гандлю, — зазначае ў каментары Филину палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

— Хутчэй за ўсё, насамрэч выкананае абяцанне, якое Лукашэнка даў Розенбергу — відаць, пасля таго, як гэтая гутарка адбылася, было дадзена распараджэнне. А далей ужо было пытанне ў тым, каб паказаць Калеснікаву ў адпаведным стане.

Прайшло ж некалькі тыдняў. Крыніцы «Нашай Нівы» сцвярджаюць, што месца, дзе адбылася сустрэча, — гэта шпіталь. Напэўна, яны падрыхтаваліся, прывялі Марыю, з іх пункту гледжання, у прымальны стан. Але я б тут асцярожна падыходзіў да ацэнкі яе стану: фотаздымкі (невядома нават, ці былі яны добраахвотнымі) не перадаюць, ні як яна размаўляе, ні як яна сябе паводзіць.

Акрамя таго, звяртае ўвагу Аляксандр Фрыдман, нават на найлепшых фотаздымках, якія ўлады праз канал Пратасевіча змаглі прадэманстраваць, бачна, што палітзняволеная моцна схуднела.

— Рыторыка, якую я назіраў у прапагандысцкіх каналах, — што Марыя Калеснікава нават у лепшым стане, чым магла б быць, улічваючы, што яна ўчыніла.

Відавочна, што ўсё гэта — пастаноўка. Інакш чаму б на спатканне са зняволеным у рэжымную ўстанову дазволілі пранесці тэлефон (я не ведаю добра беларускую пенітэнцыярную сістэму, але ў таго, хто ідзе на спатканне да вязня, мабыць, адбіраюць тэлефон, каб нічога не ўцекла ў знешнюю прастору)?

Пратасевіча ў гісторыі выкарыстоўваюць у якасці часткі прапагандысцкай гульні: каб усе бачылі, што адбываецца з тымі, хто не супрацоўнічае з рэжымам, ідзе да апошняга супраць яго, як гэта зрабіла Калеснікава, — і з тымі, хто на баку рэжыму, супрацоўнічае з ім, як гэта адбываецца з Пратасевічам. Такім чынам дадаткова прыніжаюць абодвух.

Але высновы наконт сігналу і запрашэння да гандлю, паўтаруся, я б рабіць не стаў. Кейс Калеснікавай паказвае, што ў пэўны момант ціск, калі пытанне ўздымаецца на міжнародным узроўні, дае плён.

Зрэшты, як мы бачым, у іншых выпадках ціск альбо не працуе, альбо ён недастаткова моцны (датычна Віктара Бабарыкі і Алеся Бяляцкага, напрыклад), альбо рэжым не лічыць патрэбным людзей паказваць, бо гэта будзе гол ва ўласныя вароты.

Прыгадаем прапагандысцкі фільм з Юрасём Зянковічам. Тут улады досыць няўдала згулялі, бо мэта была — паціснуць на амерыканскую адміністрацыю, каб схіліць яе да перамоваў у кантэксце Зянковіча, а ўсе звярнулі ўвагу не на тое, што ён распавядае (хоць ён вельмі стараўся і гаварыў тое, што патрэбна рэжыму), а на тое, як ён выглядае. І ў гэтым сэнсе рэжым вучыцца на сваіх памылках.

— Цікава, як амбасада Германіі ў Беларусі адрэагавала на публікацыю фота. Дыпламаты  напісалі ў сацсетках, што вельмі радыя за Марыю, якая змагла ўбачыцца  з бацькам, але «Беларусь абавязана выконваць мінімальныя гуманітарныя стандарты ў адносінах да зняволеных», да якіх належыць і права на наведванне і медабслугоўванне. Гэта можна лічыць афіцыйнай пазіцыяй Германіі, што гандль не пройдзе?

— Гэта агульная пазіцыя, тыя фармулёўкі, што яны абавязаныя казаць у такім выпадку. Што ж да гандлю і перамоваў — яны вядуцца іншым чынам, ідуць за кулісамі і мы пра іх не ведаем.

Матывацыю рэжыму менавіта да абвяшчэння гандлю я пакуль таксама не бачу. На пятніцу анансаванае нейкае відэа з Калеснікавай — не ведаю, што там запісалі, але па-першае, напэўна будуць рабіць як мінімум мантаж, і па-другое, узважваць і прымаць рашэнне, ці мае сэнс увогуле нешта паказваць.

Але што б там ні пабачылі, нават калі ўявіць нешта «пакаяльнае», а можа, нават і зварот да нямецкіх уладаў, як тое рабілі з Зянковічам, і тады стане зразумела, што беларускі рэжым распачынае гульню ў гэтым напрамку — гэта прынцыпова сітуацыю не змяняе.

Чаму? Бо трэба паглядзець на сітуацыю яшчэ і з нямецкага гледзішча.

Няма падстаў думаць, каб нямецкі бок у гэтую гульню ўключыўся. Канешне, Калеснікава — чалавек вядомы, яна доўгі час жыла і працавала ў Германіі, але, наколькі разумею, яна не з’яўляецца грамадзянкай Германіі.

А ў нямецкім кантэксце патлумачыць уласнаму грамадству, чаму Германія актыўна заступаецца, удзельнічае ў нейкіх здзелках альбо нават плоціць грошы, каб выцягнуць менавіта гэтага чалавека, будзе досыць цяжка.

Аляксандр Фрыдман прыгадвае сёлетні абмен зняволенымі паміж Захадам і Расіяй — у ім, мяркуе аглядальнік, тэарэтычна быў шанец і для Марыі Калеснікавай. Але нават тады абмен расіяніна, якога асудзілі ў Германіі за забойства чалавека, на расійскіх жа зняволеных, выклікаў у краіне досыць супярэчлівую рэакцыю.

— Калі гаворка ішла пра грамадзян Германіі — гэтая гісторыя зразумелая. А вось наконт расійскіх зняволеных, сярод якіх першапачаткова быў і Навальны, былі адмоўныя водгукі: маўляў, што мы там робім, чаму мы выцягваем вязняў і заахвочваем рэжым браць закладнікаў надалей?

Таму сёння кан’юнктуры для Лукашэнкі, каб такая здзелка атрымалася, шчыра кажучы, я не бачу. Калі ён пажадае палепшыць стасункі, зрабіць жэст добрай волі — гэта заўважаць. Але гэта не тая гульня, на якую ён гатовы ісці.

Лукашэнка жадае за такіх людзей, як Калеснікава, нешта сур’ёзнае атрымаць. А паведамленне «мы заўважылі і спадзяемся, што вы будзеце вызваляць людзей надалей» відавочна не тое, чаго ён чакае.

Хоць у мяне ёсць адчуванне, што ў кантэксце інаўгурацыі Трампа можа быць памілаваны і накіраваны ў Злучаныя Штаты Зянковіч. Паглядзім, ці спраўдзіцца яно.