Карбалевіч: «Можна ўявіць, у якім псыхалягічным стане знаходзіцца Лукашэнка»
Іранскі сыгнал для Менску. Пра што ліквідацыя Хамэнэі кажа Лукашэнку — аналізуе на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
Лукашэнка заўсёды вельмі хваравіта ставіцца да любой інфармацыі пра трагічны лёс дыктатараў. Бо прымярае сытуацыю на сябе. Аднак цяпер рэакцыя афіцыйнага Менску на падзеі вакол Ірану даволі асьцярожная і стрыманая. Бо кіраўніцтва Беларусі не зацікаўленае канфліктаваць з ЗША з прычыны перамоўнага працэсу.

Атака Ізраілю і ЗША на Іран, зьнішчэньне палітычнага і вайсковага кіраўніцтва гэтай краіны сьведчыць пра тое, што адміністрацыя Дональда Трампа перабудоўвае сьвет у адпаведнасьці з сваімі ўяўленьнямі.
І адным з кірункаў гэтай перабудовы, падобна, зьяўляецца дэмантаж дыктатарскіх рэжымаў у сьвеце. Прычым, ставіцца мэта ня столькі дэмакратызацыі аўтакратычных краін, колькі зьмена палітыкі гэтых дзяржаў з дапамогай зрынаньня дыктатараў.
Спачатку амэрыканцы захапілі кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура, прымушаючы новае кіраўніцтва гэтай краіны мяняць палітычны курс адпаведна зь інтарэсамі ЗША. Цяпер у выніку атакі зьнішчана кіраўніцтва Ірану на чале з аяталом Алі Хамэнэі.
На чарзе — Куба?
Як Лукашэнка ўспрымае падзеі ў Іране
На гэтым тле можна ўявіць, у якім псыхалягічным стане знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Падчас ягонай сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром так званай «саюзнай дзяржавы» Сяргеем Глазьевым 16 лютага ён спрабаваў патлумачыць, чаму не паляцеў у ЗША на запрашэньне Дональда Трампа для ўдзелу ў паседжаньні Рады міру. Маўляў, у незалежных мэдыя пішуць, што нібыта ён спужаўся паўтарыць лёс Нікаляса Мадура.
«Я нікога не баяўся і баяцца не зьбіраюся. Гэта поўнае глупства», — сказаў тады Лукашэнка.
Даўно вядомы элемэнт палітычнага стылю нязьменнага кіраўніка Беларусі: сьцьвярджэньне ў выглядзе адмаўленьня. То бок, калі ён нешта настойліва абвяргае, то гэтую сытуацыю якраз трэба разумець дакладна наадварот.
Зьвяртае на сябе ўвагу нейкая дзіўная, не да рэшты вытлумачальная сымпатыя Лукашэнкі да дыктатараў усіх часоў і народаў. Зразумела, гуляюць ролю аднолькавыя ўяўленьні аб сыстэме дзяржаўнага ладу, формах і мэтадах кіраваньня, дапушчальных сродках дзеля дасягненьні мэты. Але, відаць, не толькі гэта.
Ёсьць яшчэ нейкая містычная, нават фатальная сувязь, якую здольныя растлумачыць толькі сацыяльныя псыхолягі. Беларускі ўладар ня можа схаваць свайго захапленьня дыктатарамі часта на шкоду ўласнай рэпутацыі. Магчыма, гэта і называецца роднасьцю душ або цягай да людзей з падобнымі псыхалягічнымі асаблівасьцямі.
Таму зразумела, што Лукашэнка заўсёды вельмі хваравіта ставіцца да любой інфармацыі пра трагічны лёс дыктатараў. Бо прымярае сытуацыю на сябе. Паводле ягоных уяўленьняў, любая ўлада — рэч сакральная, і замах на яе — блюзьнерства.
Таму Лукашэнка звычайна зацята абараняе ўсіх дыктатараў, дзейных і зрынутых. У свой час ён адмыслова лётаў у Югаславію, каб абараніць тамтэйшага аўтакрата Слабадана Мілошавіча. Прапаноўваў палітычны прытулак таму ж Мілошавічу, іракскаму дыктатару Садаму Хусэйну, зрынутаму прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу, Нікалясу Мадура. А былога кіраўніка Кіргізстану Курманбека Бакіева прытуліў у Беларусі, даў яму беларускае грамадзянства.
Пасьля забойства дыктатара Лібіі Муамара Кадафі ў 2011 годзе Лукашэнка раптам пачаў фармаваць тэрытарыяльную абарону, якая закліканая была бараніць яго ад народнага паўстаньня. Пасьля захопу сёлета амэрыканцамі Мадура беларускі ўладар заклапаціўся праверкай гатоўнасьці вайсковых падразьдзяленьняў, арганізацыяй вайсковых збораў цывільных запасьнікоў.
Наўрад ці ўсё гэта забясьпечыць паратунак у крытычнай сытуацыі. Хутчэй гэтыя дзеяньні нагадваюць спосаб псыхалягічнай саматэрапіі. Бо, маўляў, трэба ж нешта рабіць, нельга сядзець склаўшы рукі.
Чаму рэакцыя Менску такая стрыманая
Аднак цяпер рэакцыя афіцыйнага Менску на падзеі вакол Ірана даволі асьцярожная і стрыманая. Яна тлумачыцца лёгікай, што ня варта сварыцца з Дональдам Трампам, які дзень таму вельмі камплімэнтарна выказаўся наконт уладара Беларусі: «Я вельмі паважаю іх лідэра... Мне вельмі падабаецца іх лідэр».
Афіцыйная рэакцыя беларускіх уладаў адрозьніваецца ад пазыцыі Расеі. Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірана.
МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала абстрактная заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве ёсьць асуджэньне атакі на Іран, але Ізраіль і ЗША не названыя як агрэсары, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Такая асьцярожнасьць абумоўлена ня толькі тым, што Менск не зацікаўлены цяпер канфліктаваць з ЗША, зь якімі адбываецца перамоўны працэс, а Лукашэнка прэзэнтуе сябе амаль што трампістам.
Існуе яшчэ адзін аспэкт, на які цяпер мала зьвяртаюць увагу. Якія прэтэнзіі і патрабаваньні ЗША да Ірану? Вашынгтон патрабуе ад Тэгерану дэмантажу праграмы распрацоўкі ядзернай зброі і ракет далёкага дзеяньня. А Беларусь якраз цяпер разьмяшчае (ці плфянуе разьмясьціць) на сваёй тэрыторыі расейскую ядзерную зброю і ракетны комплекс «Арэшнік».
Менавіта на разьмяшчэньне апошняга апошнім часам акцэнтуе ўвагу прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, апэлюючы да Эўропы і ЗША. Аналёгія з іранскай сытуацыяй вельмі празрыстая.
А Расея цяпер, аслабленая вайной з Украінай, лёгка «здае» сваіх саюзьнікаў: Сірыю, Вэнэсуэлу, Іран. Гучаць прагнозы імавернага хуткага падзеньня дыктатарскага рэжыму на Кубе.
Гэтым і тлумачыцца такая асьцярожнасьць афіцыйнага Менску. Ані Лукашэнка, ані МЗС Беларусі пакуль ніяк не адрэагавалі на гібель Хамэнэі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное