Ecoom — гэта проста прапагандысцкая структура. Што самае дзіўнае, у іх дагэтуль няма свайго сайту, і яны з’яўляюцца толькі падчас нейкіх электаральных кампаній, каб выканаць тую самую ролю, што выконваюць і цяпер. Пераканаць насельніцтва, што большасць людзей падтрымлівае Лукашэнку.
Карбалевіч: Улады спрабуюць закруціць «спіраль маўчання», пераканаць усіх, што большасць — на іх баку
Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч — пра тое, хто і навошта імітуе даследаванне грамадскай думкі ў Беларусі.
Больш як тры чвэрці беларусаў давяраюць правіцелю і лічаць, што праз год эканамічная сітуацыя ў краіне «стане яшчэ лепшай». Прынамсі так сцвярджае кіраўнік аналітычнага цэнтру ECOOM Сяргей Мусіенка, прыводзячы лічбы апытання «Фактары ўстойлівага развіцця», што праводзілася ў кастрычніку 2024 года.
Хаця, на добры толк, да кожнай часткі папярэдняга сказу трэба дабаўляць слова «нібыта». Нібыта аналітычны цэнтр, які нібыта зладзіў чарговае апытанне (а робіць ён гэта амаль заўсёды пад «выбары») і нібыта атрымаў пераканаўчыя вынікі.
Якія менавіта? Што 80,4% беларусаў давяраюць Аляксандру Лукашэнку (не давяраюць — 13,6%), больш за 75% лічаць, што эканамічная сітуацыя налета застанецца такой жа, як цяпер, альбо палепшыцца (12% — што пагоршыцца). І амаль 80% упэўненыя, што іхняе жыццё ў будучыні зменіцца да лепшага ці прынамсі не пагоршыцца.
«Калі людзі жывуць з такім адчуваннем — значыць, насамрэч нармальнае самаадчуванне ў грамадстве ў цэлым», — робіць высновы Сяргей Мусіенка. У чым чытаецца не надта тонкі і не надта прыхаваны маніпулятыўны заклік выбіраць «стабільнасць».
Навошта ўлады ствараюць ілюзію народнай любові і ці мае значэнне, колькі адсоткаў «за» намаляваныя ў падобных апытаннях, Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Радыё Свабода Валерам Карбалевічам.
— Пачнем з таго, што ў беларускім экспертным асяроддзі цэнтр Ecoom на чале з Мусіенкам не лічыцца ўвогуле сацыялагічнай структурай, — звяртае ўвагу аналітык. — Ва ўладаў ёсць такія структуры, якія можна назваць сацыялагічнымі — напрыклад, Інстытут сацыялогіі Акадэміі навук.
Валер Карбалевіч нагадвае пра такі сацыялагічны феномен: людзі часта схіляюцца да большасці і пераймаюць пэўныя паводзіны альбо стаўленне да чаго-небудзь таму, што ўсе навокал, як быццам, гэта робяць — каб не аказацца ў меншасці і не атрымаць помсту альбо ізаляцыю.
— Псіхалагічна людзі, якія хістаюцца, альбо не маюць вызначанага меркавання, нейтральныя — глядзяць, на чыім баку большасць, і схіляюцца туды. У сацыялогіі гэты эфект называецца «спіраль маўчання».
І ўлады спрабуюць цяпер гэтую спіраль закруціць, пераканаць усіх, што большасць — на іх баку, таму вы павінныя ў адпаведнасці з гэтым думаць, дзейнічаць і прымаць нейкія рашэнні.
У Беларусі гэта не ўпершыню. Кожны раз напярэдадні ці падчас прэзідэнцкіх выбараў Мусіенка вылязае на паверхню, на інфармацыйны экран — і прыводзіць свае лічбы, якія, у прынцыпе, потым аказваюцца падобнымі на тыя, што дае афіцыйны Цэнтрвыбаркам. То бок, Ecoom працуе ў звязку з ЦВК, і нічога цікавага ў іхніх лічбах няма — гэта тыя лічбы, якія хацела б убачыць улада.
— Вы кажаце, нічога цікавага ў лічбах няма. Няўжо яны самі не маюць значэння? Прыкладам, у 2021 годзе той жа Ecoom налічыў даверу Лукашэнку ў 66,5%, цяпер крыху больш за 80%, а чаму тады не ўсе 99? Ці ўсё ж імкнуцца захоўваць ілюзію плюралізму?
— У Беларусі лічба каля 80% ідзе з 1994 года, вакол яе хістаюцца ўсе паказнікі прэзідэнцкіх выбараў і падтрымкі Лукашэнкі. Хістанні гэтыя невялікія, па-мойму, адзін раз было 76%, але ў цэлым вакол гэтай лічбы ўсё будуецца.
Мяркую, што прыкладна на такія лічбы арыентуецца Цэнтрвыбаркам, што датычна вынікаў «выбараў». Праўда, прапагандысты ўжо называюць і 90% — але ж можна будзе потым сказаць, што гэта выбарчая кампанія дала свой плён, і атрымалася звыш 90%.
Цяпер многія спрачаюцца, ці захоча Лукашэнка даць большыя лічбы, чым былі ў Пуціна, альбо большыя, чым даў ЦВК у 2020-м. Тут цяжка нешта прагназаваць, бо шмат залежыць ад нейкіх зусім выпадковых рэчаў. Але ніжэй за 80% дакладна не будзе. Таму Мусіенка і вылез з гэтымі паказчыкамі, каб зацвердзіць у масавай свядомасці парадак лічбаў.
Читайте еще
Избранное