«Сітуацыю з Курскам Лукашэнка можа праецыраваць на сябе: калі што здарыцца, ці магу я разлічваць на Пуціна?»

Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі — пра вызваленне палітвязняў і «чорнага лебедзя».

— Для Лукашэнкі самае галоўнае — гэта ўтрыманне ўлады. І ён будзе імкнуцца захоўваць уладу, пакуль будзе стаяць на сваіх нагах ці дыхаць, — падкрэсліў экс-дыпламат Валер Кавалеўскі на Еўрарадыё. — Набліжаецца 2025 год. Ёсць значныя сумневы, датычныя не толькі легітымнасці Лукашэнкі, але і яго суб'ектнасці.

І гэта аб'ектыўная рэальнасць, якая існуе на міжнароднай арэне — Лукашэнку не ўспрымаюць як суб'ект, як самастойнага палітыка.

Праз гэта ўспрыманне Лукашэнкі Беларусь таксама разглядаюць як сатэліт Расіі, такую напалову правінцыю РФ. Лукашэнка гэта разумее, яму трэба неяк вырашаць пытанне са сваёй суб'ектнасцю.

Таму мы бачым цэлы шэраг крокаў за апошні час, якія прызваныя ўмацаваць успрыманне яго нейкай дадатковай суб'ектнасці. Гэта і бязвізавы рэжым, і інтэнсіўныя кантакты з Кітаем, Іранам ды Паўночнай Карэяй.

Хаця ў гэтага ёсць і сваё вымярэнне, нібыта Лукашэнка спрабуе далучыцца да такой сусветнай восі зла, якая супрацьстаіць Захаду. Але Лукашэнку вельмі важна паказаць, што ўсё ж такі ён здольны прыслухоўвацца, здольны прымаць суверэнныя рашэнні пра ўнутрыпалітычную праблематыку.

Яшчэ досыць непрацяглы час таму існавала меркаванне, што ён нават не можа вызваляць палітычных зняволеных без таго, каб не аглянуцца на Маскву. Таму што з пункту гледжання Масквы, гэта будзе спроба пэўнай нармалізацыі ці змякчэння гэтай канфрантацыі з Захадам.

І ў гэтым сэнсе Лукашэнка таксама мог улічваць такі адмоўны фактар, што я буду выпускаць палітзняволеных, а Масква будзе на гэта нейкім чынам рэагаваць.

Працягваючы разважаць, палітык кажа, што цяпер сітуацыя для беларускага дыктатара змянілася і расійскі фактар перастаў настолькі моцна на яго ўплываць.

— Сёння, па-першае, ёсць выбары 2025 года, да іх трэба рыхтавацца.

Па-другое, Расія аслабла, яна не паказала класных вынікаў ва Украіне. Больш за тое, зараз на яе тэрыторыю ўвайшлі ўкраінскія войскі і досыць паспяхова там замацоўваюцца.

Тут я звярнуў бы ўвагу на тое, што загад аб вызваленні 30 палітвязняў Лукашэнка падпісаў акурат 16 жніўня. Гэта дата найбуйнейшага Маршу супраць фальсіфікацый, які адбыўся чатыры гады таму ў Беларусі.

Цікавае супадзенне: тут можна спрабаваць інтэрпрэтаваць, які месэдж Лукашэнка спрабаваў паслаць. Тым не менш, гэта здарылася. Больш за тое, адсылка ішла менавіта на тых людзей, якія цяжка хворыя ці сталага ўзросту.

Мы да канца яшчэ не ведаем усіх імёнаў, але тут ёсць таксама і сувязь з гуманітарным спісам, складзеным праваабаронцамі, які досыць актыўна прасоўваўся як першы крок, каб вызваляць палітычных зняволеных.

На мой погляд, Лукашэнка працягне гэтыя крокі. Зразумела, што ў маштабах тысяч чалавек, якія знаходзяцца ў турмах як палітычныя зняволеныя, і на фоне працягу рэпрэсій, канешне, яны могуць разглядацца як вельмі дробныя.

Яны не мяняюць кантэксту, але яны дазваляюць людзям выйсці на  волю.

Наогул, мне здаецца, у пэўным сэнсе Лукашэнка хацеў бы рэалізаваць ідэю таго, каб зрабіць з Беларусі другі Азербайджан. Там таксама вельмі жорсткі рэжым, вельмі моцная дыктатура, людзей арыштоўваюць і садзяць у турмы і працягваюцца рэпрэсіі, але тым не менш у Азербайджана ёсць неблагія адносіны з Захадам.

Мы не чуем назвы Азербайджана як такога злоснага парушальніка правоў чалавека.

І бачым, што побач з працэсам вызвалення людзей працягваецца працэс рэпрэсій: новыя арышты, пагаршэнне ўмоў для тых самых «хімікаў», якіх пераводзяць у калоніі.

Сітуацыя, думаю, будзе працягвацца ў гэтым ключы, але ўсё ж ёсць і прыкметы таго, што працэс вызвалення будзе працягвацца.

Паслабленне Расіі, якое ўзгадвае Кавалеўскі, для Лукашэнкі наогул можа стаць «чорным лебедзем».

— На маю думку, вымалёўваецца такая сітуацыя, якая можа стаць патэнцыйным «чорным лебедзем» для Лукашэнкі. Ён адчувае, што Пуцін зноў дэманструе сваю няздольнасць вырашаць падобныя крызісы.

Мы гэта бачылі год таму, калі Прыгожын ішоў на Маскву. Мы бачым гэта сёння, калі Пуцін няздольны эфектыўна адрэагаваць. Упершыню ад Другой сусветнай вайны на тэрыторыю Расіі ўвайшлі замежныя войскі — і няма ні нармальнай рэакцыі, ні эфектыўнага адказу.

І Лукашэнка можа праецыраваць гэтую сітуацыю на сябе: калі што здарыцца, ці магу я разлічваць на Пуціна?

Бо ўсе ведаюць, што ад 2020 года беларускі дыктатар трымаецца ва ўладзе менавіта дзякуючы штыкам і грошам з Крамля.

І сёння сітуацыя выглядае даволі невыразна, няма вызначанасці ў тым, ці Пуцін здольны вырашаць такія крызісы. А яны ж могуць з'яўляцца і ў іншых месцах.

Бо калі Пуцін няздольны вырашаць праблемы хутка і эфектыўна, гэта таксама закранае і інтарэсы Лукашэнкі, — мяркуе Кавалеўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)