Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Калі дыялог з афіцыйным Менскам будзе ісці, ён мусіць прыводзіць да нейкіх устойлівых змен, а не сітуацыйных вынікаў, якія могуць быць перайграныя ў будучыні»

Стасункі Беларусі і Польшчы — на мінімуме. Ці магчыма падняць іх з дна? Палітолаг Андрэй Казакевіч — пра галоўныя тэмы і высновы беларуска-польскага экспертнага форуму.

На мінулым тыдні ў Варшаве адбыўся другі экспертны беларуска-польскі форум імя Рамана Скірмунта, які сабраў з абодвух бакоў экспертаў у розных галінах грамадскага жыцця, палітыкі, міжнароднай бяспекі.

  • Якія асноўныя пытанні абмяркоўвалі на мерапрыемстве?
  • Якім эксперты бачаць бягучы ўзровень стасункаў Беларусі і Польшчы?
  • Чаму такія сустрэчы варта працягваць?

Пра гэта Филин даведаўся ад аднаго з арганізатараў форуму, дырэктара інстытуту «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча.

— Прысутнічала каля 50 чалавек, гэта эксперты і па беларуска-польскіх стасунках, і па больш шырокіх кірунках, як супрацоўніцтва Беларусі з Еўразвязам. Прыкладна 20 з іх непасрэдна ўдзельнічалі ў дыскусіях як выступоўцы і каментатары, — акрэслівае суразмоўца маштаб мерапрыемства.

Удзельнікі прааналізавалі дынаміку двухбаковых стасункаў паміж  Беларуссю і Польшчай — на жаль, станам на сёння, зазначылі эксперты, можна казаць пра найменшы, найгоршы іх узровень за ўвесь час незалежнасці Беларусі.

Эксперты ўлічвалі і факты (у тым ліку гандаль, міграцыю, лічбы па чэргах на мяжы, бязвіз і г.д.), і рыторыку  (узаемныя абвінавачанні ў парушэнні паветранай прасторы ў другой палове 2023 года, узаемнае ўвядзенне абмежавальных захадаў, асноўныя выказванні афіцыйных асоб).

— Для Беларусі, у прыватнасці, вельмі паказальнай стала новая вайсковая дактрына, дзе Польшча канкрэтна ўзгадваецца ў якасці варожай краіны і крыніцы магчымых вайсковых пагроз («Прэтэнзіі Польшчы на рэгіянальнае лідарства, канфрантацыйная палітыка краін Балтыі абумоўліваюць тэндэнцыю непрыхаванага ўмяшальніцтва з іх боку ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь»), краіны, дзе таксама рыхтуюцца «незаконныя ўзброеныя фарміраванні» супраць Беларусі — там дастаткова жорсткія фармулёўкі, — зазначае Андрэй Казакевіч.

У меншай ступені, але тое самае можна бачыць і ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі(«Тэндэнцыі, што намеціліся па змяненні балансу сіл блізу межаў Рэспублікі Беларусі, мілітарызацыя суседніх краін, схаваныя і відавочныя пагрозы прымянення ваеннай сілы ствараюць перадумовы для парушэння стратэгічнай стабільнасці ў рэгіёне Усходняй Еўропы»).

— Таксама мы зрабілі аналіз згадак пра Польшчу ў выступах Аляксандра Лукашэнкі, і пра Беларусь — у прамовах польскіх афіцыйных асоб.

Можна канстатаваць, асабліва калі глядзець, як камунікаваў з Варшавай афіцыйны Менск цягам года, што да лета бягучага года гэта была вельмі жорсткая, часта нават абразлівая, рыторыка (дастаткова згадаць, што ў кастрычніку Лукашэнка назваў кіраўнікоў Польшчы «халуямі Вашынгтона»).

І гэты момант дадаткова паказвае, наколькі кепскія сёння стасункі паміж дзвюма краінамі.

Зрэшты, нагадвае палітолаг, прынамсі на ўзроўні выказванняў гэтая агрэсіўнасць крыху зменшылася пасля гібелі польскага памежніка, наступнага крызісу і пагроз польскага боку наогул закрыць транзіт тавараў праз беларуска-польскую мяжу. З гэтага моманту ў публічным полі пачалася некаторая дээскалацыя — хоць да нармальнай сітуацыі ўсё яшчэ вельмі далёка.

— Мы ведаем, што ў польскіх палітыкаў ёсць выразная і кансалідаваная пазіцыя датычна беларускіх уладаў. Што да польскай экспертнай супольнасці, ці ёсць такое ж адназначнае стаўленне, альбо існуюць розныя ацэнкі і меркаванні?

— Калі зыходзіць з таго, што выказвалася на форуме — а там былі прадстаўленыя не ўсе, але асноўныя эксперты, якія займаюцца беларуска-польскай праблематыкай, працуюць з МЗС і іншымі структурамі, — то бачная дастаткова кансалідаваная пазіцыя. І яна не вельмі спрыяльная для афіцыйнага Менску.

Большасць аналітыкаў адзначыла, што ні на якія хуткія і аднабаковыя саступкі ў цяперашняй сітуацыі польскі бок не мусіць ісці, і што калі ёсць жаданне наладзіць двухбаковыя стасункі, то захады мусяць насіць комплексны характар і дасягаць доўгатэрміновага эфекту.

Напрыклад, Мінск павінен прыняць рашэнне, якое цалкам здымае памежны крызіс — а не проста на нейкі перыяд зменшыць колькасць мігрантаў, якая ў любы момант можа быць зноў павялічаная.

Ці, калі гаворка пра вызваленне палітвязняў, у прыватнасці, Пачобута, — каб гэта адбывалася, па-першае, у фармаце, годным для самога Пачобута, а па-другое, каб гэта не прыводзіла да з’яўлення новых палітвязняў: польскіх грамадзян і людзей, якія прадстаўляюць польскую меншасць у Беларусі.

Калі рэзюмаваць — на думку фактычна ўсіх экспертаў, калі дыялог з афіцыйным Менскам будзе ісці, ён мусіць прыводзіць да нейкіх устойлівых змен, а не сітуацыйных вынікаў, якія могуць быць перайграныя ў будучыні.

Пры гэтым іншыя эксперты зусім не падтрымлівалі ідэю дыялогу, лічачы нерэалітычнай і маніпулятыўнай. 

— Такія форумы будуць ладзіцца і далей? Наколькі важна мець падобную экспертную пляцоўку, на што змогуць паўплываць яе ўдзельнікі?

— Так, гэта ўжо другі форум, і плануецца, што ён будзе праводзіцца кожны год. Думаю, галоўная мэта — у тым, каб лепш зразумець пазіцыю другога боку.

На гэтым форуме было добра бачна: нягледзячы на тое, што многія беларускія эксперты жывуць у Польшчы, і ў прыватнасці ў Варшаве, усё адно не так шмат кропак, дзе яны могуць перакрыжоўвацца з польскімі экспертамі.

А таму не заўсёды ёсць добрае разуменне логікі таго, як бачаць польскія эксперты — а адпаведна, і польскія ўлады — сітуацыю ў Беларусі, як яны атрымліваюць інфармацыю, чаму выступаюць за тыя ці іншыя меры… Такія форумы дазваляюць гэта значна лепш зразумець і абмеркаваць.

Прычым тое самае справядліва і для польскага боку. Не трэба перабольшваць нашую ўзаемную інфармаванасць аб тым, што адбываецца ў абедзвюх краінах — а цягам форуму за 1-2 дні можна атрымаць інфармацыі і разумення часам больш, чым за месяцы чытання публікацый у медыя. Таму, на маю думку, ва ўсіх удзельнікаў было адчуванне, што гэта карысна і мае сэнс.

Андрэй Казакевіч дадае, што хоць дамінуючым пунктам у абмеркаванні была бяспека і рызыкі — але не толькі яны.

— Таксама разглядалася на адмысловай панэлі пытанне міграцыі, адаптацыі і развіцця беларускай супольнасці ў Польшчы — бо там хапае праблем і з атрыманнем прававой дапамогі, і з інтэграцыяй у соцыум, прававым статусам многіх людзей, дакументамі. Гаварылі і пра інфармацыйную сферу: якім чынам у беларускіх і польскіх СМІ прэзентуюць адпаведна Польшчу і Беларусь.

Хачу згадаць апошні, але вельмі важны пункт у абмеркаваннях — гэта пытанне гісторыі.

На форуме мы паспрабавалі больш глыбока закрануць праблему рэпрэзентацыі Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы: якія сёння ёсць трэнды ў беларускай афіцыйнай гістарыяграфіі, у падручніках, і якія праблемы гэта можа выклікаць у двухбаковых стасунках.

Бо тэндэнцыі мы бачым не самыя лепшыя, узмацняецца негатыўная рыторыка. У радыкальных версіях польская ўлада апісваецца як «акупацыйная», сцвярджаецца пра палітыку «этнацыду», апраўдваецца пакт Молатава-Рыбентропа і г.д.

Але ёсць пытанні і да другога боку, як выкладаецца гэты перыяд у польскай гістарыяграфіі, якое меса  там адводзіцца Беларусі. Тут асноўная праблема — што беларусы фактычна ігнаруюцца, у адрозненне ад украінцаў і немцаў, і гаворка не столькі пра фармаванне негатыўнага або пазітыўнага вобразу, а хутчэй, пра адсутнасць беларусаў у папулярных выданнях, у падручніках па гісторыі — што таксама, на наш погляд, не з’яўляецца нармальнай з’явай.

Натуральна, хацелася б, каб беларуская прысутнасць мела належнае адлюстраванне.