Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Можна чакаць ускладнення сітуацыі з атрыманнем польскіх віз»

Андрэй Казакевіч — пра стасункі Мінска і Варшавы. І чаму прымальныя ўмовы для пачатку дыялогу не знойдзеныя.

Стасункі Беларусі і Польшчы ў апошні год складваюцца, мякка кажучы, не лепшым чынам. Як быццам міралюбівыя заявы Лукашэнкі аб гатоўнасці пачаць дыялогі рэальнымі дзеяннямі не падмацоўваюцца, міграцыйны крызіс паменеў у маштабах, але не знік, Анджэй Пачобут не вызвалены — зрэшты, і межы пакуль не зачыненыя канчаткова. Затое ў абедзвюх краінах перыядычна ўспыхваюць «шпіёнскія» скандалы з узаемнымі абвінавачаннямі.

Вось і цяпер пасля прапагандысцкага фільма пра нібыта спробу вярбоўкі беларускага дыпламата польскімі спецслужбамі МЗС РБ уручыў паслу Польшчы ноту пратэсту. Польскі ж бок ціха працягвае ўмацаванне мяжы — а таксама павялічвае консульскі збор на атрыманне беларусамі нацыянальных віз.

Што адбываецца ў дачыненнях дзвюх краін і ці магчымы ў такіх варунках пачатак дыялогу, Филин абмеркаваў з дырэктарам інстытута «Палітычная сфера», доктарам паліталогіі Андрэем Казакевічам.

— Пакуль што мы бачым проста працяг напружаных стасункаў, таго фармату адносін, які склаўся пасля 2020 і асабліва 2021 года, калі пачаўся міграцыйны крызіс, — зазначае суразмоўца. — З таго часу стасункі ў большай ці меншай ступені, але заўсёды напружаныя, і знаходзяцца нейкія падставы, каб адзін аднаго ў нечым абвінаваціць. Зараз беларускія ўлады абвінавачваюць у шпіёнскай дзейнасці, у спробе вярбоўкі свайго прадстаўніка —  можа быць, гэта і мае нейкія фактычныя падставы, але цалкам верагодна, што не.

Андрэй Казакевіч

У мінулым годзе таксама гучалі абвінавачанні ў розных, скажам так, несяброўскіх захадах. У прыватнасці, у парушэнні паветранай прасторы верталётамі, пабудова абарончых збудаванняў, перадыслакацыя войскаў ля беларуска-польскай мяжы, — гэтага ўсяго хапае.

Але былі і пэўныя крокі да дээскалацыі, нагадвае Андрэй Казакевіч, — прынамсі сімвалічных, калі ўлады запрашалі прыехаць кагосьці з польскай адміністрацыі і паразмаўляць, перадусім пра Пачобута, але не толькі.

— Мы бачылі, як у сувязі з парламенцкімі выбарамі ў Польшчы беларускія ўлады, а часам і сам Лукашэнка, спрабавалі заігрываць з новай уладай: маўляў, яны не такія шалёныя, як ПіСаўцы, то, можа, давайце размаўляць.

Але відавочна: пакуль што нейкія прымальныя ўмовы для таго, каб паляпшаць стасункі, не знойдзеныя. Беларускім уладам хацелася б, каб іх проста прынялі такімі, якія яны ёсць (ну можа, яшчэ выпусцілі б пару палітзняволеных, у тым ліку Пачобута), а з боку Польшчы мусіць быць зняцце санкцый, паляпшэнне магчымасцяў для праезду транспарту цераз мяжу, і гэтак далей. Аднак у польскага боку ёсць значна больш прэтэнзій да беларускай улады, якія яны хацелі б зняць і якія пакуль што не знаходзяць водгуку.

Акрамя таго, крызіс стасункаў зацягнуўся, і польскімі ўладамі ўжо шмат што зроблена для таго, каб фактычна выбудаваць абарону, пэўны мур супраць беларускіх уладаў. Таму яны пачуваюцца даволі бяспечна, і пашырана такая думка: чакаць мы можам бясконца, беларускія ўлады не ёсць настолькі важным элементам, каб на яго занадта многа ўвагі звяртаць.

— Як пагаршэнне стасункаў паміж краінамі, на вашу думку, адаб’ецца на звычайных людзях, на ўзаемных паездках беларусаў і палякаў? Бо да 31 снежня 2024 года для палякаў дзейнічае бязвіз, і можна меркаваць, што ён будзе падоўжаны, як рабілася раней — а разам з тым ёсць рызыкі пераследу за «шпіянаж». Мноства беларусаў едзе ў Польшчу працаваць, вучыцца, закупацца — а для іх ускладняюць умовы. Ці зменшыцца колькасць паездак, ці адно з апошніх вакенцаў у Еўропу працягне дзейнічаць?

— Думаю, што гэтая дынаміка — і беларускі бязвіз, і выдача польскіх нацыянальных віз — гэта трэк, які ўжо зараз мала звязаны ўласна з двухбаковымі стасункамі.

Асабліва што датычыцца польскага боку. Гэта больш звязана з пытаннямі бяспекі — эскалацыі ў выніку ваенных дзеянняў, эскалацыі, звязанай з міграцыйным крызісам, павелічэннем актаў сабатажу па ўсёй Еўропе, у якіх падазраецца Расія (вядома ўжо пра некалькі дзясяткаў такіх выпадкаў).

У такіх умовах любая краіна ЕЗ мусіць так ці інакш пераглядаць сваю візавую палітыку ў дачыненні да Расіі і Беларусі — бо з гледзішча спецслужбаў, гэта непасрэдная пагроза, крыніца пранікнення небяспечных элементаў.

Спецслужбы, сілавыя структуры дзейнічаюць паводле сваіх алгарытмаў, і насамрэч яны прыблізна аднолькавыя ў розных краінах. Проста некаторыя краіны не бачаць для сябе пагрозы ў гэтым плане — напрыклад, Іспанія, Партугалія, дзе больш свабодны візавы рэжым для расейцаў і беларусаў, а вось памежныя краіны, канешне, бачаць больш праблем.

Таму можна чакаць і ўскладнення сітуацыі з атрыманнем віз. То бок, калі будзе пагаршацца ваенная абстаноўка ва Украіне, будуць працягвацца акты сабатажу, калі ўзмацніцца міграцыйны крызіс. 

Гэта цэлы комплекс праблем, які мае ўплыў на тое, ці з’явяцца новыя абмежаванні — і ўласна міждзяржаўныя стасункі будуць уплываць на іх ў меншай ступені, чым пытанні рэгіянальнай бяспекі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(15)