Политика

Казакевіч: «На стратэгічным узроўні Беларусь ужо разглядаецца ў якасці сур’ёзнай праблемы бяспекі для краін NATO»

Беларусь згадалі ў Дэкларацыі саміту NATO як дзяржаву, што спрыяе вайне. Доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч тлумачыць, што значаць вынікі саміту для нашай краіны.

— Сама згадка была звязаная з падтрымкай Менскам Расеі ў вайне, адзначае ў інтэрв’ю Радыё Свабода дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. — Там згадваліся і іншыя краіны — Паўночная Карэя, Іран і Кітай. Захад акрэсліў асноўныя пагрозы для сябе. І калі асноўная пагроза — гэта вайна ва Украіне, то пагрозай з’яўляюцца і ўсе краіны, якія падтрымліваюць Расею ў гэтай вайне.

Андрэй Казакевіч

Таму гэта сапраўды сур’ёзна: гэта значыць, што ўжо на стратэгічным узроўні Беларусь разглядаецца ў якасці сур’ёзнай праблемы бяспекі для краін NATO.

Згадваюць, што Беларусь зацягваецца ў розныя гібрыдныя атакі супраць эўрапейскіх краінаў, той жа мігранцкі крызіс. Згадваюць, што Менск робіцца ўсё больш залежным ад Расеі. Краіны NATO даюць зразумець, даюць мэсэдж, што гэта ўжо сур’ёзна, што за гэтым сочаць і, адпаведна, гэта можа мець вельмі істотныя наступствы для Беларусі.

Аднак пры гэтым, трэба разумець, што ў беларускім выпадку ўсё канцэнтруецца вакол Расеі. Беларусь з’яўляецца вельмі залежнай ад Масквы ў палітычным плане. У эканоміцы прыблізна тое самае, бо асновай для эканомікі з’яўляецца гандаль альбо з Расеяй, альбо праз Расею. Інвестыцыі, які ідуць у вытворчасць, стымулююцца вайной ва Украіне і попытам у Расеі, прамымі інвестыцыямі з Расеі ці рознымі праграмамі фінансавання ВПК і памежных галінаў.

Таму, напэўна, цяжка чакаць, што беларуская ўлада мае магчымасць неяк змяніць свае стасункі з Масквой. Ды і Расеі важна захаваць хаця б аднаго надзейнага саюзніка ў рэгіёне.

Але ўсё гэта азначае, што далей пры планаванні, пры распрацоўцы сваёй замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі краіны NATO будуць улічваць Беларусь у якасці крыніцы пагрозы, патэнцыйнага праціўніка, як саюзніка Расеі, як суагрэсара. І ў пэўнай перспэктыве гэта можа мець вельмі істотныя нэгатыўныя наступствы, — тлумачыць эксперт.

Пра гэтым, каментуючы ўдзел у саміце Святланы Ціханоўскай, палітолаг заўважае:

— Добра, што беларускія дэмакратычныя сілы могуць быць прадстаўленыя на такіх пляцоўках і прынамсі ўдзельнічаць у камунікацыях з сусветнымі лідарамі. Ёсць магчымасць актуалізаваць беларускае пытанне, паказаць, што ёсць альтэрнатыва для Беларусі. Гэта таксама дае магчымасць дэмакратычным сілам лепш разумець, як усё працуе. Сама прысутнасць і ўключанасць у дыскусіях на палях такіх самітаў вельмі важная.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(6)