Фактычна Лукашэнка вядзе негалоснае спаборніцтва са Святланай Ціханоўскай. Ягонае самалюбства, трэба думаць, вельмі пакутуе ад таго, што Ціханоўская ездзіць па Еўропе, у Амерыку лётае, на высокім узроўні сустракаецца — і Лукашэнку трэба паказаць, што ён таксама мае шырокія міжнародныя кантакты.
Класкоўскі: «Чорны лебедзь» можа прыляцець у любы момант, і падзеі пачнуць развівацца зусім па іншым сцэнары
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі — пра перамовы Лукашэнкі з генсекам ААН і ці варта чакаць пасля іх новых «актаў гуманізму».
На палях саміту ШАС адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам. Адметна, як па-рознаму падалі інфармацыю аб ёй прэс-службы ААН і беларускага правіцеля.
Калі беларускі бок суха зазначыў, што «пад камеры» нічога сказана не было, то з двух абзацаў паведамлення на афіцыйным сайце ААН стала вядома значна больш.
Напрыклад, што сустрэча была па ініцыятыве Лукашэнкі. І невядома, аб чым ён жадаў пагутарыць, а вось яго візаві скарыстаўся магчымасцю, каб сказаць пра неабходнасць спыніць вайну ва Украіне на падставе Статута ААН, правы чалавека ў Беларусі і выказаць спадзеў, каб учорашняя амністыя «стала крокам на шляху да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод» у нашай краіне.
Навошта Лукашэнку спатрэбіліся гэтыя перамовы, і ці чакаць у выніку ад беларускага рэжыму больш істотных «праяў гуманізму», Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандрам Класкоўскім.
— Паказальна, што сустрэча адбылася на ініцыятыву Лукашэнкі — думаю, яму важна «засвяціцца» побач з міжнародным функцыянерам высокага рангу, — гаворыць аналітык.
— Ён увогуле паляцеў у Астану на саміт ШАС найперш, канешне, з піяраўскімі мэтамі, і стараўся па максімуме выкарыстаць магчымасць патусавацца ў кампаніі важных персон.
І хоць на сёння ААН выглядае даволі слабой, малаўплывовай арганізацыяй, у яе няма моцных вагароў — аднак разам з тым гэта ўсё ж такі глабальная структура і адна з нямногіх міжнародных арганізацый, у якой Беларусь з’яўляецца паўнавартасным удзельнікам (нават краінай — заснавальніцай ААН, што вельмі любяць падкрэсліваць ідэолагі.— Ф).
Не вельмі атрымліваецца, але, хай сабе пераважна ў краіны постсавецкай прасторы ды глабальнага Поўдня, ён лётае, з кітайскім лідарам вось сёння зноў сустрэўся.
А тут і Гутэрыш трапіўся на саміце ШАС і папоўніў тую абойму, якой беларуская прапаганда казырае, сцвярджаючы, што няма ніякай ізаляцыі і «нашага правадыра ў свеце паважаюць».
Дый калі казаць увогуле пра ўступленне Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацы, то гэта ў значнай ступені піяраўскі праект, бо сяброўства ў ШАС не дае Беларусі значных фінансава-эканамічных выгад. У межах ШАС ёсць Міжбанкаўскае аб'яднанне, але, думаю, там не разгоняцца мяшкамі адсыпаць грошы беларускаму рэжыму.
— Дарэчы, калі разглядаць піяраўскі чыннік: на вашу думку, ці варта чакаць пасля перамоў Гутэрыша і Лукашэнкі новых «актаў гуманізму» адносна палітвязняў, каб узмацніць сігнал Захаду аб так званай міласэрнасці беларускіх уладаў?
— Думаю, што Лукашэнка наўрад ці сам уздымаў на сустрэчы тэму палітвязняў і нядаўняга вызвалення некалькіх з іх. Бо ён разумее: ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычнага свету не паляпае яго па плячы і не скажа: малайчына, дзевяць чалавек выпусціў і досыць, астатнія хай сядзяць. Натуральна, толькі заікніся на тэму палітвязняў — скажуць: выпускай астатніх. Таму, мяркую, гэта прагучала на ініцыятыву Гутэрыша, і, магчыма, тут здарылася пэўная нечаканасць для беларускага боку.
Да Гутэрыша, як мне здаецца, у Лукашэнкі можа быць сантымент. Той лічыцца чалавекам левых поглядаў, ён жа шэсць гадоў узначальваў Сацыялістычны інтэрнацыянал, выказваў прапалестынскія погляды, нават Ізраіль на яго крыўдзіўся за тое, што нібыта апраўдвае ХАМАС.
І вось у Лукашэнкі, магчыма, была ілюзія, што гэта нейкая роднасная душа, чалавек з падобнымі да ягоных поглядамі. Але Гутэрыш мусіць у кожным разе дэклараваць дэмакратычныя прынцыпы і артыкуляваць тыя патрабаванні, якія прад’яўляе да беларускага рэжыму дэмакратычная супольнасць. У гэтым сэнсе Лукашэнка атрымаў халодны душ.
Людзі з атачэння Лукашэнкі не ўлічылі, што ў Гутэрыша таксама ёсць свая прэс-служба, якая «зліла» тое, пра што беларускія афіцыйныя медыі прамаўчалі.
Тут адбылося піяраўскае фіяска, прэс-служба Гутэрыша пасадзіла піяр-абслугу Лукашэнкі ў галёш. Іншая рэч, што беларусам, якія адсечаныя ад незалежных крыніц інфармацыі, канешне, будзе падавацца выгадная для беларускага кіраўніцтва версія.
Што да імавернасці далейшых крокаў па вызваленні палітвязняў, Аляксандр Класкоўскі гаворыць наўпрост: гэта залежыць не ад Гутэрыша, і ўсе ранейшыя «глыбокія заклапочанасці» з боку ААН былі беларускаму рэжыму як мёртваму прыпарка.
— Якія чыннікі паўздзейнічалі на рэжым у гэтым канкрэтным кейсе, калі выйшлі на волю дзевяць чалавек (дай бог, каб іх было болей), трэба разбірацца — пакуль што сітуацыя не вельмі ясная.
Можна меркавана казаць пра некалькі з такіх чыннікаў.
Відавочна, што Лукашэнка ўжо рыхтуецца да выбараў 2025 года і думае пра свой імідж, як яго трошкі «ачалавечыць», каб выглядаць не такім ужо крывавым дыктатарам, як яго малююць палітычныя апаненты.
Таму гучаць словы «мы, славяне, міласэрныя» і г.д. — хтосьці не паверыць, а для іншых гэта будзе станоўчым штрыхом.
Напэўна, працуе і жаданне хоць трошкі «склеіць» адносіны з Захадам. Колькі б Лукашэнка ні храбрыўся і ні казаў, што «санкцыі робяць нас мацнейшымі», канешне, яны ствараюць немалы дыскамфорт. Як і татальная залежнасць ад Расіі.
Мы памятаем, як у ранейшыя часы Лукашэнка адкрыта канфліктаваў з Крамлём, абвінавачваў Маскву ў імперскіх замашках. Гэтыя замашкі нікуды не падзеліся, проста цяпер «малодшы брат» не можа так узбрыкнуць. Але прамацванне варыянтаў, як трошкі пашырыць калідор для геапалітычнага манеўравання, напэўна мае месца. Даходзяць чуткі, што і з Парыжам ёсць неафіцыйныя каналы сувязі, і не толькі з ім — падспудная актыўнасць у гэтым кірунку ідзе.
І, нарэшце, самая папулярная версія — што Лукашэнку, мякка кажучы, паўшчуваў Кітай. Мы ведаем гэты сюжэт, што польскі прэзідэнт Дуда лятаў у Пекін і адкрытым тэкстам паскардзіўся старшыні Сі на бясчынствы беларускіх уладаў на мяжы — гібрыдныя атакі пры дапамозе нелегалаў.
Трэба сачыць за развіццём падзей, і калі выйдзе палітвязень Анджэй Пачобут, вызвалення якога дамагаецца Варшава, можна ўпэўнена казаць пра выхаваўчую ролю Пекіна.
У кожным разе нейкія новыя асобныя «акты гуманізму» магчымыя пад уздзеяннем названых ці падобных чыннікаў, але нейкіх цудаў у гэтым плане, мяркую, не будзе.
Лукашэнка ўжо загнаў сябе ў такую каляіну, калі не можа цалкам спыніць рэпрэсіі, адысці ад паліцэйшчыны — ён баіцца страціць уладу. Адчуваецца, што траўма 2020 году ў яго не зажывае.
Таму калі ён будзе узважваць: на адной шалі вагаў — паляпшэнне іміджу, адносін з Захадам, а на другой — захаванне ягонай улады, канешне, для яго будзе пераважваць другое. У гэтым плане вялікіх якасных зменаў, на жаль, не будзе.
Але гэта не значыць, што дэмакратычным сілам трэба складаць рукі — на мой погляд, трэба змагацца за кожнага палітвязня. Калі Лукашэнка не хоча перамаўляцца з Ціханоўскай ці іншымі, як ён кажа, «збеглымі», то дэмсілам трэба ўсяляк ангажаваць у гэту справу аўтарытэтных заходніх гульцоў.
Аргумент «гэтых выпусціць — новых набярэ» цалкам няслушны. У кожным разе канкрэтныя жыцці будуць выратаваныя. А там — не вечная ж гэтая ўлада, калі-небудзь яна ляснецца. «Чорны лебедзь» можа прыляцець у любы момант, і падзеі пачнуць развівацца зусім па іншым сцэнары.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное