Кныровіч — пра забарону на вываз бульбы: «Гэта не рашэнне, а заплатка, каб перажыць выбары і не хваляваць народ»

Бізнесмен — пра тое, з чым звязаная забарона на вываз бульбы з Беларусі. І жахлівыя лічбы ўраджайнасці.

Беларускі ўрад абмежаваў на тры месяцы вываз бульбы з краіны. Разавы дазвол па ўзгадненні з Мінсельгасхарчам і выканкамамі будзе выдаваць міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Што адбываецца: з-за неўраджаю традыцыйная для беларусаў сельгаскультура можа стаць дэфіцытнай?

— Калі б гэтай гісторыі не адбылося, то яе варта было б прыдумаць, бо абмежаваць пастаўкі бульбы з Беларусі — як абмежаваць пастаўкі пяска з Сахары, — іранічна пракаменатаваў гэтую навіну бізнесмен Аляксандр Кныровіч у эфіры Еўрарадыё.

Аляксандр Кныровіч

Ён правёў гістарычныя паралелі з Савецкім Саюзам, які ў 1970-я закупаў збожжавыя культуры ў Канадзе — пры тым, што ў ранейшыя часы Расійская імперыя стагоддзямі была адным з галоўных сусветных пастаўшчыкоў збожжа.

— Такім вялікім гаспадаром быў Савецкі Саюз, і такой «эфектыўнай» — савецкая эканоміка, — канстатуе бізнесмен. — І ў нас цяпер адбываецца тое ж самае.

Ураджай бульбы ўпаў з савецкіх часоў у 3,5 разы — калісьці было прыкладна 13,5 мільёнаў тон, а летась сабралі бульбы калі 4 мільёнаў тон, і ў гэтым годзе будзе яшчэ трохі меней.

Таму мы дайшлі да таго, што забараняем пастаўкі бульбы за межы краіны, у тым ліку ў Расею, і міністр Багданаў будзе выдаваць аднаразовыя ліцэнзіі.

Чаму так адбылося? У гэтага ёсць адна вялікая прычына: дзеянні самога спадара Багданава (міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю РБ — С.). Калі ён разам з Лукашэнкам уводзіў дзяржрэгуляванне цэн — ён жа не ведаў, як працуе сельская гаспадарка, для яго гэта стала навіной, як і для самога Лукашэнкі.

Адбылося ж наступнае. Рост цэн забаронены, арыентуюцца пры гэтым на цэны кастрычніка мінулага года — і да новага ўраджаю можна павялічыць цэны толькі на 3,5%. У гэты ж самы час дакладваюць: заробкі выраслі на 17% і больш, цэны на ўсё астатняе таксама істотна падраслі. <Улады> зрабілі вырошчванне бульбы ў Беларусі — стратным. Трэба ж было папрацаваць 30 год, каб гэтага дасягнуць.

У той самы час у Расеі таксама склаўся дэфіцыт бульбы з унутраных прычын: ёсць танкі, але няма бульбы. Атрымалася дзіўнае становішча. Экспарт жа нерэгуляваны, і ў нас адбыўся вялікі дыспарытэт паміж коштамі, па якіх можна прадаць бульбу ў Расеі, і тымі коштамі, рэгуляванымі дзяржавай, па якіх яе прадаюць унутры Беларусі.

У гэтага ёсць толькі адзін нармалёвы выхад: адпусціць цэны. Яны трохі вырастуць, але не будзе тады гэтых дзівосаў.

Па-першае, не будзе такіх аб’ёмаў экспарту, бо ён стане нявыгадны, па-другое, мы зробім гэты сектар прывабным на наступны год, і па-трэцяе, пойдзе імпарт, які дапаможа вырашыць гэтую праблему.

Улады ж забаранілі вываз бульбы на тры месяцы. Але ў Беларусі не збіраюць бульбу ў лютым. І яны будуць вымушаныя падоўжыць гэтую забарону. Бо цяпер гэта не рашэнне, а такая заплатка, каб перажыць выбары і не хваляваць народ, што чамусьці раптам у снежні ў народу няма бульбы.

Магчыма, корань праблемы ў якасці беларускай бульбы, якая ўжо ўзімку губляе таварны выгляд, а ўвесну з ёй справы зусім сумныя? Часткова гэта так, згаджаецца Аляксандр Кныровіч, і звяртае ўвагу на некалькі аспектаў:

— Калі палезці ўглыб, то ў нас бульба і з’явілася 300 гадоў таму, гэта не беларуская культура, а «амерыканшчына» да нас прыехала — гэта першы момант. І другі — усё ж такі ў хатніх гаспадарках вырошчвалі бульбу перадусім для таго, каб пракарміць не чалавека, а скаціну. Паглядзеўшы, колькі яе было патрэбна, то суадносіна 1:10 — кілаграм для чалавека, а дзевяць для дамашняй жывёлы, для тых самых свінак, якія былі ў беларускіх вёсках (і якіх цяпер амаль не стала).

Канешне, калі мы вырашалі праблему голаду ў 1920-30-ыя, то было, канешне, не да смаку той самай бульбы. Але зараз мы жывём у дваццаць першым стагоддзі і, на жаль, якасць беларускай бульбы насамрэч не такая, як у іншых краінах, дзе з гэтага робяць сапраўдны брэнд.