Филин

Ірына Марозава

Котаў: «Паказаць, што Беларусь не знаходзіцца ні ў якой міжнароднай ізаляцыі»

Анатоль Котаў — пра тое, хто адгукнецца на запрашэнне беларускіх дыпламатаў.

Кіраўнік міністэрства замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў анансаваў падчас лекцыі ў Акадэміі кіравання, што ў Мінску ў лістападзе бягучага года плануюць правесці міжнародную канферэнцыю па супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі.

«Лічу, што краіны Глабальнай большасці і Захаду, калі прымуць наша запрашэнне, маглі б выпрацаваць узгодненыя прынцыпы для пабудовы справядлівага сусветнага парадку», — заявіў Рыжанкоў.

Удзел у мерапрыемстве, паводле слоў кіраўніка айчыннага знешнепалітычнага ведамства, папрэдне пацвердзілі «шэраг міністраў з краін  Еўрасаюза» — зрэшты, якія гэта краіны, колькі іх, і ці маюцца на ўвазе дыпламатычныя альбо сілавыя ведамствы, не паведамляецца.

Што адбываецца — Мінск робіць яшчэ адну спробу размарозіць стасункі з Захадам, альбо збярэ суседзяў па СНД ды ў чарговы раз прадставіць Беларусь як заслону нелегальнай міграцыі, а еўрапейскія краіны абвінаваціць у нежаданні супрацоўнічаць і «бесчалавечным стаўленні» да мігрантаў? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітолагам Анатолем Котавым.

Анатоль Котаў

— Тут, напэўна, ёсць некалькі мэтаў. Па-першае, а можа нават галоўнае, паказаць, што Беларусь не знаходзіцца ні ў якой міжнароднай ізаляцыі — вось жа, бачыце, прыедуць замежнікі размаўляць пра нелегальную міграцыю, — зазначае суразмоўца.

— І напэўна ж нехта прыедзе. Я б падзяліў магчымых гасцей з Еўрапейскага Саюза на дзве катэгорыі. Для пачатку, тыя, на каго можна спадзявацца, хто і так з Мінскам падтрымлівае больш цесныя адносіны, чым іншыя еўрапейскія краіны — перадусім Вугоршчына і, мабыць, Славакія, з улікам увогуле іх стаўлення да таго, што адбываецца ў Беларусі і ў рэгіёне. Але гэта не тыя асобы, не тыя краіны, якія вызначаюць палітыку ўсяго Еўрасаюза.

Аднак можа быць і друга катэгорыя прадстаўнікоў еўрапейскіх краін — гэта тыя, хто прыедзе ў Мінск, каб паразмаўляць у якасці кантакцёраў ці, фактычна, нават пасярэднікаў. Нібыта на канферэнцыю, на міжнародную падзею — а насамрэч будуць спрабаваць размаўляць аб чымсьці, акрамя афіцыйна заяўленай тэмы. Такое таксама практыкуецца, і тут можна не тое каб спадзявацца, але асцярожна меркаваць, што прыедуць госці з Аўстрыі.

Наўрад ці хтосьці яшчэ з міністраў замежных спраў ЕС прыедзе на гэтую канферэнцыю — прынамсі так бачыцца зараз. Бо краіны-суседкі на ўзроўні міністраў наўрад ці будуць удзельнічаць — па сутнасці, для іх гэта значыць ехаць на паклон да тых, хто і стварае напружанасць, спрыяе нелегальнай міграцыі.

Таксама наўрад ці дашле сваіх прадстаўнікоў Нямеччына, якая хоць і не мяжуе з Беларуссю, але наўпрост пакутуе ад нелегальнай міграцыі, якую таксама і з Беларусі накіроўваюць у нямецкім кірунку.

То бок, я чакаў бы ў ліку ўдзельнікаў канферэнцыі міністраў з Вугоршчыны, Славакіі і, з пэўнай доляй верагоднасці — Аўстрыі. Прытым кожная краіна будзе дзейнічаць са сваіх прычын: у адных свае інтарэсы і сваё бачанне беларускіх падзей, якое, на жаль, не супадае з агульнаеўрапейскай палітыкай, у другіх, магчыма, жаданне абмеркаваць, якім чынам усё ж выйсці з сістэмнага крызісу.

— Як, на вашу думку, могуць адрэагаваць на канферэнцыю па бяспецы краіны-суседкі, тая ж Польшча, дзе спробы нелегальнага перасячэння мяжы хоць і зменшыліся, але не спыняюцца?

— Напэўна, ніводная з суседніх дзяржаў не будзе задаволенай з прычыны візіту Славакіі і Вугоршчыны, бо яны выступаюць са сваёй павесткай і фактычна падтрымліваюць існаванне дыктатарскіх рэжымаў. Хоць і прыкрываюць гэта словамі, што яны нібыта супраць вайны і за мір, але мір у такім уяўленні трошкі дзіўны.

А міністр замежных спраў з іншай еўрапейскай краіны мусіць камунікаваць з агульнаеўрапейскай пазіцыі, якая даволі простая: Беларусь і Расія — дзве краіны, якія спрыяюць і зарабляюць на нелегальнай міграцыі.

Безумоўна, зазначае Анатоль Котаў, такія словы не спадабаюцца прадстаўнікам беларускага рэжыму. Таму задача перад беларускай дыпламатыяй нетрывіяльная — нібыта і запрасіць Захад да дыялогу аб еўразійскай бяспецы, і зрабіць гэта такім чынам, каб прыехалі хаўруснікі, а краіны, якім ёсць што прад’явіць уладам Беларусі, ад візіту ў Мінск адмовіліся.

Напрыклад, летась канферэнцыя «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, які трансфармуецца» сабрала некалькі соцень дэлегатаў з прыкладна 30 краін — Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Вугоршчыны, Ірана, Кітая, М’янмы і іншых дзяржаў-удзельніц СНД, АДКБ, ШАС. Еўрапейскія краіны, а таксама ЗША і Канада, на мерапрыемстве былі прадстаўленыя сумнеўнымі «экспертамі», «аналітыкамі», экс-палітыкамі. Словам, сапраўдны цвет дэмакратыі і гаранты бяспекі ў рэгіёне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(9)