Каб задобрыць электарат ростам заробкаў — магчыма, такія амбіцыі ёсць. Але мне падаецца, што ў палітычным рэчышчы галоўная задача — хаця б захаваць да студзеня тое, што маецца, каб не адбылася ўспышка інфляцыі. І гэта задача больш рэалістычная, чым падштурхнуць заробкі яшчэ вышэй.
Крук: «У палітычным рэчышчы галоўная задача — хаця б захаваць да студзеня тое, што маецца, каб не адбылася ўспышка інфляцыі»
Сярэднія заробкі ў РБ зніжаюцца. Перыяд «беларусы ніколі не жылі так добра» сканчаецца? Эканаміст — пра тое, ці будуць улады улагоджваць электарат.
Сярэдні заробак у Беларусі скарачаецца другі месяц запар. Гэта вынікае са звестак, апублікаваных Белсатам. У верасні 2024-га заробак па краіне ў сярэднім склаў 2314 рублёў, на 27 менш, чым у жніўні, і на 41 рубель ніжэй за ліпеньскі ўзровень.
Пры тым, пачынаючы з лютага бягучага года, заробкі няспынна раслі. Што з імі адбываецца цяпер — падзенне тлумачыцца натуральнымі прычыныамі (напрыклад, сезоннасцю), альбо заканчваецца чарговы «беларускі эканамічны цуд»?
Аб чым сведчаць лічбы сярэднебеларускай зарплаты і ці пойдуць улады на тое, каб перад выбарамі задобрыць электарат, Филин распытаў магістра эканомікі, старэйшага навуковага супрацоўніка BEROC Зміцера Крука.
— Нейкіх далёка ідучых высноў я б пакуль не рабіў, — гаворыць эканаміст. — Зніжэнне заробкаў — гэта могуць быць і сезонныя ваганні, і іншыя чыннікі — напрыклад, у Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу былі тэхнагенныя праблемы ў ліпені—пачатку жніўня. Безумоўна, на ўсю эканоміку гэта паўплываць не магло, але як адзін з фактараў запавольвання росту заробкаў магло мець эфект.
Казаць, што гаворка ідзе пра сфармаваны трэнд — «адмоўны рост» — пакуль не выпадае, дадае Зміцер Крук. І тлумачыць, у чым сумневы:
— Базавая перадумова, якая падштурхоўвала рост заробкаў у апошнія два гады — недахоп кадраў з-за вялікага адтоку людзей — нікуды не падзелася. Таму пакуль я б сказаў, што, магчыма, гэты новы трэнд толькі пачынае праяўляцца — і яго рухаючая сіла ў тым, што фінансвае здароўе кампаній ужо знаходзіцца на такой мяжы, што прывабліваць працоўную сілу больш высокімі заробкамі няма магчымасці. Але ўпэўненасці ў гэтым няма, сігналы пакуль не настолькі пераканаўчыя.
Другая важная выснова — што падмуркам для рэальных заробкаў з’яўляецца заніжаная інфляцыя, якая штучна кіруецца праз дырэктыўнае цэнавае рэгуляванне. Адпаведна, на гэты бок трэба таксама ўважліва глядзець — не толькі на намінальныя зарплаты, але і на дынаміку інфляцыі, бо ў пэўны момант яна можа пад корань падсячы тыя высокія заробкі.
А што далей? Калі разглядаць сітуацыю ў сярэднетэрміновай перспектыве, гаворыць эканаміст, то канфлікт паміж недахопам кадраў і паслабленым фінансавым здароўем прадпрыемстваў нікуды не падзенецца — ён настолькі відавочны, што і на афіцыйным узроўні, хай не голасна, але праблему вызнаюць. І рана ці позна заробкі расці перастануць — не выключана, што і вельмі хутка.
— То бок, галоўнае пытанне ў тым, калі гэта адбудзецца і колькі часу зойме, але што так адбудзецца — амаль напэўна.
— Беларускія ўлады, як правіла, падвышаюць заробкі перад выбарамі. На вашу думку, ці пойдуць на такі крок і цяпер, альбо, што называецца, «у пана атамана няма такога залатога запасу»?
— Магчыма, пойдуць на падвышэнне, але я сказаў бы, што ў значнай ступені яны ўжо гэта здзейснілі. Бо калі параўнаць цяперашнія рэальныя заробкі са студзенем 2022-га года, да расейскага нападу на Украіну, — яны на 20% ужо вышэйшыя, чым было тады, то бок, накачка ўжо адбылася.
І з палітычнага гледзішча ім дастаткова толькі падтрымаць гэты ўзровень — тым больш, калі мы бярэм спажывецкія настроі, людзі ў значнай ступені ацэньваюць эканамічную сітуацыю даволі пазітыўна.
Читайте еще
Избранное