Калі ў мяне пытаюцца: Света, чаму ты не пішаш нешта важнае, чаму ты не дапаможаш нам перажыць гэты цяжкі, чорны, складаны перыяд? А я проста звычайны чалавек, такі самы, як і ўсе. І гэта не я пішу кніжкі, яны самі пішуцца.
Курс: «Беларусь варта пакінуць сабе самой. Проста не чапайце нас»
Пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец) — пра падзел беларусаў на «тых, хто з’ехаў» і «тых, хто застаўся». І чаму немагчыма адняць Беларусь.
Пасля падзей 2020 года беларускае грамадства рэзка падзялілася не толькі з-за палітычнай пазіцыі. Прапаганда — дый не толькі яна — спрабуе яшчэ больш адсячы адно ад аднога тых, хто і так падзелены межамі, беларусаў, якія вымушаныя былі з’ехаць, і тых, хто застаецца ў краіне.
— Мне здаецца, што гэта страшэннае глупства, — гаворыць літаратарка ў перадачы Перетрем с Халезиным. — Я не вялікая аматарка тэорый змовы, але думаю, што гэтым падзелам займаюцца ворагі нацыі.
Калі ёсць такі дыскурс улады, то зразумела, што простыя людзі будуць яму паддавацца, бо ім трэба тут жыць звычайным чалавечым жыццём — але чаму я павінна яму паддавацца?
Сама пісьменніца выехала з Беларусі яшчэ ў 2006-м — думала, што на два тыдні па працы, а атрымалася амаль на 20 год. І хоць, як сама яна кажа, «усё прапусціла, і 2006 год, і 2020», але Беларусь засталася значнай — і большай — часткай яе жыцця.
— Гэта ж мая радзіма, мая сям’я. Я ўжо думала сабе: ці не адымае твайго патрыятызму тое, што ты так любіш Польшчу? І вырашыла, што не адымае, бо Беларусь — як мая рука, як кроў. Яна баліць, страшэнна, вечна. А іншыя краіны — гэта так, какецтва. Таму я ніколі не параўноўваю беларусаў ні з кім.
Цяпер у нас у Беларусі перыяд апатыі. Калі цябе ў беларушчыну натыкалі носам, і ты разумееш: калі будзеш гэтым займацца, то табе капцы і ты шчасця не дасягнеш — таму ад беларушчыны трэба адпаўзаць. Я, калі сустракаюся з беларусамі за мяжой, бачу, што яны шчырыя беларусы, але іх дзеці не гавораць, не пішуць, не размаўляюць па-беларуску. І гэта зразумела. Бо галоўны вораг беларушчыны — звужэнне, заганянне сябе ў якую-небудзь традыцыю («я селянін, я пяку дранікі» і г.д).
Пісьменніца распавяла, што шмат размаўляе з чытачамі, каб даведацца, як адчуваюць сябе людзі цяпер у Беларусі. «І ведаеце што? Там усё ў парадку, Беларусь жыве», — сцвярджае яна, параўноўваючы беларусаў з вадой, якая заўжды знойдзе сабе шлях.
Што да самаадчування, яго Святлана Курс падзяляе на дзве розныя часткі:
— Як прыватны чалавек, адчуваю сябе геніяльна, але як грамадзянін — х**ва. Украіна, Беларусь, несправядлівасць, кроў, вайна — бессэнсоўная, подлая, незразумелая. Як можа нармальны чалавек адчуваць сябе шчаслівым?!
Пісьменніца разважае, у чым прынцыповая розніца паміж расейцамі і беларусамі:
— Рускім патрэбная веліч. Я ж чытаю гэтых «патрыётаў», піша такі, напрыклад: ну так, у 1937-м годзе майго бацьку спачатку доўга білі і расстралялі, але гэта ж усё было для краіны. Яны для велічы жывуць. А тут Украіна сабралася адабраць гэтую веліч, Грузія… Уцякаюць з-пад рукі, як блыха. Ясна, што трэба такую блыху <прыбіць> тапкам.
Уцякаючыя краіны пазбаўляюць рускіх людзей экзістэнцыяльнага сэнсу. А чалавек жа можа пазбыцца ўсяго: кватэры, грошай, дзяцей сваіх нават можа адправіць на гэтак званае «СВО», але сэнсу жыцця — не.
Беларусь жа варта пакінуць сабе самой. Бо мы ўмеем насалоджвацца жыццём, умеем быць вялікімі, маленькімі, сціплымі і гордымі, і кім заўгодна. Проста не чапайце нас.
Беларусы — вельмі шляхетныя людзі, яны не ўваходзяць у чужыя межы і не пускаюць нікога ў свае. Як сказаў нябожчык Міхал Анемпадыстаў, «я, да жалю, ня пан, я, на шчасце, ня хам» — гэта абсалютны маніфест.
Добра выхаваны чалавек нічога не будзе іншым прад’яўляць: ён дачакаецца, калі яго заўважаць, падзякуе, што яго заўважылі, але адначасова ён не будзе залежаць ад чужой думкі.
Уявіце, якая гэта сіла — быць беларусам, цягнуць траўму, якая не лечыцца, бо ні аднаго пакалення ў нас не пражыло нармальна. Мы выжываем таму, што маем кепскае суседства — інакш маглі б не выжываць, а жыць. А чаму наогул выжываем? Таму што мы вельмі моцны народ.
Лукашэнкаўская дзяржава — вядома, не беларуская, гэта канструкт «рускага свету». А каб мы адбыліся, пасля 250 гадоў вось гэтага ўсяго хаджэння туды-сюды, нам патрэбная ўласная дяржава. Пакуль што мы вычэкваем, каб перажыць і выйсці з цяперашняй страшнай сітуацыі. І я хацела б урэшце ўбачыць Беларусь, як у 90-ыя, толькі з грашыма. Каб уся краіна была, як Валожыншчына ці Маладзечыншчына пры Генадзю Карпенку.
Читайте еще
Избранное