Безумоўна, гісторыя вайны для Беларусі — трагічная. Але іншая рэч, як пра гэта распавесці. Мы памятаем прыклады творчасці Васіля Быкава, дзе паказаныя складанасці маральнага выбару, і гэта больш моцна ўздзейнічае, чым проста пералік тых жудасцяў, якія здзяйснялі на нашай зямлі акупанты.
Ластоўскі: «Гэта нейкае фантасмагарычнае адлюстраванне рэчаіснасці»
Дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі — пра тое, чаму перапісванне падручнікаў не перапраграмуе свядомасць беларусаў.
З падручніка па гісторыі для 11 класа прыбралі партрэт Кастуся Каліноўскага, паўстанне 1863 года і перыяд БНР апісаныя «максімальна нейтральна», а ў прадстаўленні гісторыі Заходняй Беларусі адчувальныя новыя ідэалагічныя наратывы і антыпольскі дыскурс. Пра гэтыя і іншыя змены гаворыцца ў даследаванні «Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі», якое прадставіў нядаўна Беларускі інстытут публічнай гісторыі.
Але рабіць высновы, што ўсё прапала і беларускі рэжым начыста перапісаў гісторыю, прынамсі, у школьных падручніках, таксама не выпадае, гаворыць акадэмічны дырэктар інстытута, гісторык Аляксей Ластоўскі.
— Нельга сказаць пра поўнае перапісванне з прарасейскіх пазіцый — застаецца беларускацэнтрычная версія гісторыі, проста некаторыя акцэнты змененыя пад яўным ціскам. Але так ці інакш падручнікі, якія прыходзяць у беларускія школы, вучаць гісторыі Беларусі, — зазначыў даследчык у гутарцы з Филином.
Што да выдання пра «генацыд беларускага народа», якое ініцыявала Генпракуратура РБ (летась выйшлі дапаможнікі на гэтую тэму для малодшых, сярэдніх і старэйшых класаў), то іх увогуле цяжка назваць падручнікамі, гаворыць гісторык.
— Гэта не педагагічны інструмент ад самага пачатку: ён не разлічаны ні на дзіцячую псіхіку, ні на іх кампетэнцыі, не мае інструментаў засваення ведаў. Але ж гэта і не асобны прадмет, мяркуецца, што настаўнікі будуць скарыстоўваць матэрыялы адтуль для выкладання іншых прадметаў — і тут ужо пытанне, што менавіта яны будуць браць і як расказваць.
І другі момант — што ў тых дапаможніках вельмі шмат скажэнняў інфармацыі, якія не адпавядаюць гістарычнай навуцы. Гэта нейкае фантасмагарычнае адлюстраванне рэчаіснасці. Напрыклад, у расказе пра лагер Трасцянец — яго гісторыя добра даследаваная, аднак супрацоўнікі пракуратуры ўзялі нейкія галівудскія клішэ аб лагеры смерці, як ён мусіў функцыянаваць, і наклалі іх на сапраўдныя падзеі.
У прыватнасці, згадвае Аляксей Ластоўскі, яшчэ ў савецкі час спецыяльная камісія налічыла агулам 206,5 тысяч чалавек, якія загінулі ў Трасцянцы (хоць нямецкія гісторыі лічаць гэтыя лічбы завышанымі). Але беларуская Генпракуратура пайшла ў іншы бок і пачала прасоўваць версію пра 460 тысяч ахвяр, «накруціўшы» маштаб трагедыі ў разы, каб пацвердзіць наратыў пра яе недаацэненасць.
— Іх дзіўная логіка ў тым, што чым больш ахвяраў, тым лепш, — канстатуе гісторык. — Заўсёды, калі пачынаецца размова пра тое, што здзяйсняўся генацыд, чамусьці лічыцца, што большыя лічбы ахвяраў нібыта даюць большае маральнае права выказвацца і патрабаваць павагі (і кампенсацыі). Гэта, дарэчы, не толькі беларуская логіка, падобная дыскусія ідзе датычна Галадамору ва Украіне.
У нашым выпадку былі ўзятыя высновы першай камісіі, якая працавала ў Мінску адразу пасля вызвалення і ў якой таксама стаяла задача «накруціць» колькасць загінулых. Але гэтыя дакументы добра вядомыя гісторыкам, і амаль адразу яны былі адкінутыя як нерэлевантныя, бо падчас падрыхтоўкі да Нюрнбергскага трыбуналу не вытрымалі б ніякай крытыкі. А беларуская Генпракуратура падняла гэтыя старыя лічбы і пачала іх наноў прасоўваць — такія маніпуляцыі не адпавядаюць прынцыпам гістарычнай навукі.
З гэтай жа мэтай скажэння рэчаіснасці пракурорскія работнікі прыраўнялі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года да калабарантаў, прыпісалі выкарыстанне «нацысцкіх» лозунгаў і сімвалаў.
— Сам гэты прыём, параўноўваць палітычную апазіцыю з калабарантамі — вельмі даўні, — гаворыць Аляксей Ластоўскі. — Я добра памятаю фільм «Дзеці хлусні», створаны яшчэ Азаронкам-старэйшым — цяпер гэты сямейны падрад працягваецца. Аднак мы бачым, што гэта ўсё не спрацавала, таму зараз падобныя наратывы прасоўваюцца ўжо на іншым узроўні. І ўсё роўна, на маю думку, людзі адчуваюць, што гэта хлусня.
Хоць сямейная памяць пра вайну ўжо сціраецца, жывых сведкаў засталося вельмі мала, але падзеі 2020 года — свежыя. Вельмі многія добра памятаюць, колькі людзей выходзілі на пратэст, ведаюць, хто быў, хто з’ехаў. І калі казаць, што гэта «нацысты» — усе разумеюць, што гэта палітычнае клішэ і прапагандысцкі прыём.
Казаць пра нейкія нацысцкія метады, параўноўваць дзеянні гітлераўскіх карнікаў, якія палілі вёскі, з палітычнымі пратэстамі 2020-га — на мой погляд, кожны, у каго ёсць хоць нейкае разуменне рэчаіснасці, убачыць, што гэта проста агалцелая прапаганда.
А ў нашых дзяцей усё ж такі ёсць здаровы сэнс, яны карыстаюцца велізарнай колькасцю крыніц інфармацыі, і школа ўжо даўно не валодае манаполіяй на веды. Таму, канешне, дзяржава вельмі хацела б усё «адфільтраваць», каб «няправільная» інфармацыя не паступала да маладога пакалення — але я не ведаю, як гэта магчыма зрабіць. Ёсць кітайскі досвед абмежавання інфармацыі, але і ён не стоадсоткавы.
У Беларусі яго паўтарыць яшчэ больш складана, бо людзі іншыя, інакш выхаваныя. Таму я не думаю, што прапагандысцкія лозунгі, якія супярэчаць логіцы і фактам, будуць аказваць такі моцны ўплыў, што дзеці пачнуць гэтаму верыць. Я сам маю досвед выкладання ва ўніверсітэце да 2022 года — дзеці прыходзілі вельмі цікавыя, разумныя, часам у іх былі тэарэтычныя прабелы ў ведах, але камунікацыя была цалкам адэкватная.
Падмяніць фальшыўкай памяць будзе вельмі складана, падкрэслівае Аляксей Ластоўскі: нават за 30 год праўлення Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што падручнікі гісторыі не раз перапісвалі, дамінуе ў іх нацыянальны наратыў, паводле якога будуецца ўся гісторыя беларускай дзяржаўнасці.
— Як на маю думку, то самае галоўнае, што павінны разумець школьнікі і студэнты, якія вучаць гісторыю Беларусі — што гэта гісторыя незалежнай дзяржавы, якая мае ўласную лінію развіцця. І што існаванне незалежнай, самастойнай дзяржавы Рэспубліка Беларусь мае гістарычнае абгрунтаванне.
Прынамсі падручнікі, нават пры ўсіх мадыфікацыях апошняга часу, гартуюць менавіта гэта — усведамленне сябе грамадзянінам незалежнай Рэспублікі Беларусь. І гэта ўжо нямала, бо Расія, думаю, хацела б парушыць гэтыя ўяўленні і прасунуць зусім іншыя ідэі.
Читайте еще
Избранное