Але выпадак Украіны прадэманстраваў для Расіі, што свядомасць людзей — гэта тое, што вызначае будучыню. І ў той сітуацыі, калі Беларусь стала важным плацдармам у ажыццяўленні расійскай агрэсіі ва Украіне, падвысілася і значэнне сферы свядомасці, сферы масавых уяўленняў.
Ластоўскі: «Уплыў расійскага інтэрнету на моладзь можа быць нашмат большым, чым праз ініцыятывы кшталту глобусаў і падручнікаў»
Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі — пра альтэрнатыўную прарасійскую карціну свету і як яна можа адбіцца на свядомасці беларусаў.
У інтэрнет-краме Oz.by карыстальнікі заўважылі глобус з палітычнай картай свету «па-расійску». На ім абазначаны расійскімі не толькі акупаваныя РФ часткі Украіны, але нават асобныя тэрыторыі, якія цяпер знаходзяцца пад украінскім кантролем. А яшчэ — «незалежнымі» пазначаныя Абхазія і Паўднёвая Асеція (афіцыйна, між іншым, не прызнаныя беларускім рэжымам).
На першы погляд, гэта выглядае як частка анекдоту пра клей для 1 класа і сшыткі ў колцы альбо альтэрнатыўная матэматыка ад беларускіх уладаў, паводле якой Лукашэнку падтрымліваюць блізу 90% насельніцтва.
А з іншага боку, дасведчаныя людзі пасмяюцца, аднак той-сёй прыме «новыя межы» як факт адлюстравання палітычнай сітуацыі ў свеце. А калі прыгадаць, што раней Расія і Беларусь дамовіліся аб выпуску супольных падручнікаў па гісторыі для школ і ВНУ — не выклікае сумневаў, што і тут будзе прасоўвацца версія, ідэалагічна слушна з гледзішча Крамля, і гэта ўжо зусім не смешна.
Пра тое, наколькі небяспечныя для адукацыі і наогул для беларусаў такія альтэрнатыўныя гісторыя з геаграфіяй, і што можна ім супрацьпаставіць, Филин пагутарыў з акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксеем Ластоўскім.
— Сказаць дакладна, наколькі гэта паўплывае на свядомасць школьнікаў ці больш шырокай грамады, складана — усё ж гэта патрабуе вялікай сістэмы вымярэння, — зазначае гісторык.
— Але безумоўна, што Расія зараз прыкладае шэраг намаганняў для таго, каб утрымліваць Беларусь у сваёй сферы ўплыву, не толькі палітычна, але і культурна, інтэлектуальна — тое, што мы называем эўфемізмам «рускі мір».
Раней было не так прынцыпова, наколькі ў Беларусі па-рознаму глядзяць на геаграфію ці гісторыю: лічылася, што Лукашэнка вызначае геапалітычныя прыярытэты.
І мы бачым, што Расія больш сістэматычна пачала з гэтым працаваць.
Наконт глобуса з пазначанымі «расійскімі» тэрыторыямі — гэта досыць кур’ёзная рэч. У дадзеным выпадку, мяркую, трэба звярнуць увагу на тое, як геаграфія выкладаецца. Але казус паказвае, што такія рэчы наогул сталі магчымымі, таму што да 2022 года ўсё ж уявіць падобнае было немагчыма — з боку беларускіх уладаў не было нават афіцыйнага прызнання Крыма расійскім, хоць фактычна супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі здзяйснялася.
Аднак большы націск, як мне падаецца, робіцца ўсё ж на гісторыю — тут вядзецца больш сістэматычная праца па прасоўванні «рускага міру».
Можна згадаць дзейнасць фонда «Историческая память» пад кіраўніцтвам Аляксандра Дзюкава. Гэтая фундацыя шчыльна працуе на Беларусі ўжо апошнія 10 гадоў і, па словах самога Дзюкава, яго галоўнай мэтай ёсць перагляд таго, што ён называе «міфамі» беларускай гісторыі, рэвізія і пазбаўленне ўсіх тых паваротаў, сюжэтаў, якія маглі б надаваць ёй антырасійскі накірунак.
Асаблівая ўвага надаецца антырасійскім паўстанням, перадусім паўстанню 1863-1864 гадоў, якое ў Беларусі традыцыйна называецца паўстаннем Кастуся Каліноўскага — яно стала галоўным накірункам для рэвізіі гісторыі.
Тут мы бачым больш мэтанакіраваную актыўнасць: не проста даследчыя праекты, публікацыі кніжак — Расія праз свае структуры пачынае ўплываць на тое, што цяпер пішуць у падручніках гісторыі (а за апошнія гады прайшла новая хваля публікацыі школьных і ўніверсітэцкіх падручнікаў).
Але наколькі такая дзейнасць вызначальная і змяняе сферу адукацыі — ёсць пэўныя сумневы.
Па-першае, калі мы кажам пра падручнікі — усё ж у выкладанні захоўваецца значная роля настаўнікаў, і многія з іх і раней выкладалі гісторыю іншым шляхам, а не наўпрост як было напісана ў падручніках. І цяпер, на мой погляд, таксама не адразу ўсё лёгка і хутка зменіцца.
Па-другое, на сёння школьная адукацыя не з’яўляецца адзінай крыніцай гістарычных ведаў для моладзі.
Як сведчаць вынікі сацыялагічных даследаванняў, у малодшага пакалення беларусаў ёсць шмат альтэрнатыўных крыніц.
У першую чаргу маю на ўвазе не медыя ці забаўляльную індустрыю, кіно — але інтэрнет, асабліва папулярныя фарматы: YouTube-каналы, Instagram, TikTok для малодшага пакалення з’яўляюцца такой самай, калі не больш важнай, крыніцай ведаў, чым школьныя ўрокі.
Можна перажываць на гэты конт, бо гэтыя веды несістэмныя і без усякага кантролю — але, з іншага боку, я не бачу магчымасцяў і для дзяржавы кантраляваць цалкам інтэрнет. Хіба толькі на правах «малодшага партнёра» пераняць досвед Кітая. Але гэта ў любым выпадку складана.
Са свайго боку, сучасныя падлеткі і моладзь, якія жывуць у больш плюралістычнай інфармацыйнай прасторы, могуць атрымліваць інфармацыю з розных крыніц.
Больш пытанне ў тым, наколькі якасны гэты кантэнт у сегменце, які запатрабаваны ў моладзі. Калі тут няма іншых версій гісторыі і геаграфіі, карыстальнікі хутчэй будуць арыентавацца на тое, што прасоўвае Рунет, які ў Беларусі, магчыма, з’яўляецца дамінантным.
І вось, дарэчы, уплыў расійскага інтэрнету на моладзь важна разумець і не недаацэньваць — ён можа быць нашмат большым, чым праз ініцыятывы кшталту глобусаў і падручнікаў.
Читайте еще
Избранное