Латушка: Увязваць вырашэнне пытання Беларусі са зменамі ў Расіі – стратэгічная памылка

Прадстаўнік НАУ і АПК Павел Латушка — пра тое, чаму небяспенка чакаць, пакуль нешта здарыцца ў Расіі, каб дзейнічаць па Беларусі.

Павел Латушка выступіў на міжнароднай канферэнцыі па пытаннях бяспекі GLOBSEC. У сваёй прамове ён прапанаваў надаваць больш увагі Беларусі і не чакаць, пакуль адбудуцца змены ў Расіі. Ён патлумачыў, чаму звярнуў на гэта ўвагу.

Павел Латушка

— Калісьці ў мяне адбылася сустрэча ў міністэрстве замежных спраў Францыі, дзе адзін з дыпламатаў мне шчыра прызнаўся, што Захад зрабіў памылку, бо не спрагназаваў удзел Лукашэнкі ў вайне, і якую ролю ён будзе адыгрываць у кантэксце агрэсіі Расіі супраць Украіны, да чаго прывядуць яго дзеянні супраць беларускага народа, — сказаў Павел Латушка ў інтэрв’ю Свабода Premium. — Я адказаў, што гэта як шакалад есці: з аднаго боку, салодка, што вы гэта прызнаеце, з другога — горка, што так позна.

Калі мы сёння ўявім сітуацыю дэмакратычнага ўраду ў Беларусі, наўрад ці магчыма было б уявіць вайну ў тым маштабе, якую вядзе Расія супраць Украіны. А, магчыма, гэтай вайны магло і не быць.

У заходнікаў ужо ёсць завучанае правіла, яно існуе ў наратывах. Хутчэй за ўсё, яно абапіраецца на меркаванне палітолагаў, што спачатку трэба вырашыць пытанне Расіі, а пазней вырашыцца пытанне Беларусі.

Такі падыход палітык лічыць стратэгічнай памылкай:

— Калі мы ўяўляем самы лепшы сценар, калі Украіна перамагае (чаго мы ёй і жадаем), гэта можа прывесці да палітычных зменаў у Расіі. Але можа і не прывесці.

Калі разглядаем сярэдні варыянт нейкай дамоўленасці, якая дае магчымасці акумуляваць рэсурсы расійскай арміі, то ці будзе гэта сапраўды той час, калі можна дамагчыся зменаў унутры Беларусі?

Я лічу, што менавіта зараз, калі расійская ўвага скіравана перад усім у бок Украіны, калі Расіі не хапае рэсурсаў, што пацвярджаюць дзеянні УСУ ў Курскай вобласці, гэта ўсё дэманструе, што хутчэй зараз час дамагацца зменаў у Беларусі. Як бы гэта не гучала тэарэтычна.

Бо з іншага боку, калі мы будзем чакаць гэтых падзей (зменаў у Расіі – С.) і дачакаемся, то можа так адбыцца, што за гэты час будзе шмат зроблена, каб змяніць ментальнасць беларускага грамадства, змяніць нашыя погляды да дэмакратыі, дзяржаўнасці, незалежнасці, ідэнтычнасці. Над гэтым працуе расійская прапаганда.

читайте также

Латушка таксама адказаў на пытанне, ці не баіцца ён, што ў выпадку зменаў у Беларусі, Пуцін пашле войска ў нашу краіну.

— Ці ў стане сёння расійская армія ўвайсці на тэрыторыю Беларусі, аддаць туды дзясяткі тысяч салдат, каб узяць пад кантроль Беларусь? Дзве тысячы салдат, якія ўжо знаходзяцца ў Беларусі, недастаткова, каб гэтага зрабіць.

Зразумела, ёсць інфільтрацыя, расійскія спецслужбы, якія сядзяць у розных беларускіх структурах. Але ці гатовы нават Лукашэнка аддаць сваю ўладу Пуціну? Не.

Ці ўзброеныя сілы Беларусі будуць абдымацца з расійскімі? Таксама не. Ёсць частка элітаў, якая дзяржаўна арыентаваная (можа быць не дэмакратычна і не нацыянальна). Таму казаць, што гэта стоадсоткавая сітуацыя, калі Расія ўвядзе войскі і возьме Беларусь пад кантроль, — памылкова.

Расія ўзяла кірунак на эвалюцыйную інкарпарацыю Беларусі — яна не хоча ваенных дзеянняў, але будзе паступова, крок за крокам, як гэта робіцца зараз на нашых вачах, забіраць нашу суверэннасць, незалежнасць, самастойнасць і ідэнтычнасць. І вось гэта — галоўная пагроза. Чакаць гэтага? Можам. І тады да 2030 года гэта адбудзецца.