«Людзі прагматычна зыходзяць з таго, што можна трошкі запляміць сваё сумленне. Але трэба разумець, што яны закладнікі»

Экспертка ў галіне рэлігіі, палітыкі і праваабароны Наталля Васілевіч — пра вынікі «выбараў».

— Вядома, што ад царкоўных людзей, ад хрысціян больш высокія чаканні нейкай радыкальнасці ў адстойванні справядлівасці, праўды, але бывае так, што ў шэрагу сітуацый не адразу можна ўзважыць, што ты страчваеш, а што атрымліваеш у выніку таго ці іншага дзеяння, — разважае Наталля Васілевіч на Еўрарадыё. —Многія, хто ўдзельнічаюць нават у фальсіфікацыях выбараў, лічаць, што гэта частка правільных палітычных паводзінаў. Раз улада такая, значыць трэба ёй дапамагчы.

Маўляў, нічога такога: дзесьці там трошачкі падмануць, дзесьці схлусіць, ведаць, што адбываецца штосьці несправядлівае, але ўсёй праўды мы не ведаем усё роўна, а дзе справядліва, у Амерыцы таксама ўсё не так як трэба, а ў Еўропе…

І праз гэтыя наратывы людзі здымаюць з сябе маральную адказнасць і сапраўды думаюць, што робяць правільныя рэчы.

Ёсць людзі іншага кшталту, якія разумеюць, што гэта вымушаная мера, якім проста прыйшлі і сказалі ісці на тое ж датэрміновае галасаванне, бо ты займаеш пасаду, ты бюджэтнік ці ты прэс-сакратар епархіі.

Альбо ты неяк засвяціўся ў 2020 годзе на пратэстах і цяпер, каб забыліся пра твой удзел у тых падзеях, табе трэба апраўдацца перад уладамі. Матывацыя ў людзей розная.

Трэба разумець, што большасць тых, хто знаходзяцца ў Беларусі, у гэтым плане з’яўляюцца закладнікамі. Іх вымушаюць, прымушаюць, ім пагражаюць, ім абяцаюць розныя праблемы.

І святары таксама з’яўляюцца часткай гэтага грамадства. Яны нясуць адказнасць не толькі за сябе, але і за свае супольнасці. І, напрыклад, зараз праходзіць перарэгістрацыя, таму прыходзяць да ксяндза і кажуць: «Ага, не хочаш ісці галасаваць датэрмінова, значыць, займаешся нейкай палітычнай прапагандай, аспрэчваеш асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі РБ, як напісана ў новым законе аб свабодзе рэлігіі. Значыць, будуць пытанні да перарэгістрацыі вашай супольнасці».

І яны разумеюць, што лепш схадзіць на тое галасаванне.

Апісваючы цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, экспертка параўноўвае яе з тым, што было да 2020 года.

— Зараз проста няма гэтага акна магчымасцяў, калі пратэстныя дзеянні могуць прывесці да нейкіх вынікаў. Большасці людзей здаецца: ад майго дзеяння ўсё роўна нічога не залежыць, гэта нічога не зменіць у цэлым, проста пацярплю я, пацерпіць мая парафія, мая канфесія, блізкія людзі. Так і працуюць рэпрэсіі.

Так яно працавала і да 2020 года. Чаму грамадства было настолькі дэпалітызаванае? Таму што не верыла, што ёсць магчымасць нешта змяніць.

І цяпер мы зноў у 2025 годзе апынуліся ў той жа сітуацыі — пасля вынішчэння грамадскай супольнасці, незалежных СМІ і нават блогераў, актыўных людзей і палітычных дзеячаў — мы зноў знаходзімся ў той кропцы, калі людзі ў Беларусі не вераць, што іх дзеянне ці супрацьдзеянне можа рэальна прынесці нейкі вынік.

Яно каштуе вельмі дорага, а ніякага выніку не прыносіць. І людзі прагматычна зыходзяць з таго, што можна трошкі запляміць сваё сумленне, але атрымаць нешта за гэта.

Хаця павінна сказаць, што добрыя прыклады ёсць. Нават у сённяшняй Беларусі ёсць прыклады супраціву, калі людзі супрацьстаяць сістэме. Такія выпадкі ёсць, на жаль, я не магу пра іх расказваць.

Гэта вернікі, якія не ўключаюцца ў гэты працэс, стараюцца захоўваць сваё сумленне чыстым.

Гэта былі безальтэрнатыўная выбары, фактычна «нявыбары». Лукашэнка таксама ведае, што гэта фэйк і што гэтыя лічбы спусціліся зверху. Яму лягчэй так жыць.

Гэтыя 86% Лукашэнку патрэбныя для таго, каб супакоіць тую ўнутраную трывогу, якая ўзнікла пасля 2020 года. Але ён ведае, што ён перамог не на выбарах, што ён утрымлівае ўладу сілай, за кошт страху, за кошт пагрозаў, за кошт таго, што людзі вымушаныя.

Ён разумее, што калі людзям даць права выражаць сваё меркаванне і сваё жаданне, яны, канешне, выразяць яго па-іншаму, — кажа Васілевіч.

Дарэчы, яна ўзгадала, як кіраўнік Свята-Елісавецінскага манастыра выпадкова расказаў праўду пра тое, колькі вернікаў падтрымалі Лукашэнку ў 2020 годзе:

— На выбарах 2020 года такія альтэрнатыўныя невялічкія мітынгі арганізоўваў і праводзіў сын Андрэя Лемяшонка Дзмітрый. І сам Лемяшонак старэйшы, расказваючы пра гэта ў інтэрв’ю, прагаварыўся вось аб чым.

Ён кажа, што ніхто не выходзіў тады ў падтрымку Лукашэнкі, а па ўсім горадзе былі «бэчэбэшнікі». Тыя ж, хто не выходзілі за БЧБ, думалі, як бы ім адсядзецца і паглядзець, хто пераможа.

І толькі, маўляў, мой сын Дзмітрый і 20 чалавек з манастыра — адзіныя, хто хадзілі па горадзе ў падтрымку Лукашэнкі.

Такім чынам ён як бы засведчыў, што ва ўсім горадзе Мінску ў жніўні і верасні 2020 года было толькі 20 вернікаў, гатовых падтрымліваць Лукашэнку, — адзначыла Васілевіч.