Общество

Людзям масава піша «Паважаны Акрэсціна». Што адбываецца?

«Вашы дзеянні зафіксаваны на экстрэмісцкім рэсурсе». Людзям у інстаграме масава пішуць з ананімных акаўнтаў з настойлівай парадай адпісацца ад недзяржаўных каналаў. Наша ніва паспрабавала разабрацца, хто можа стаяць за рассылкай, як яны здабылі звесткі, а таксама як можна абараніць сябе.

Што адбываецца?

Напрыканцы снежня 2024 года беларусам пачалі прыходзіць паведамленні на электронныя скрыні і ў інстаграм. Там казалі — маўляў, вы падпісаныя на «экстрэмістаў», адпішыцеся. І подпіс «Паважаны, Акрэсціна». Далучана таксама спасылка на канал з базамі акаўнтаў.

Прыклад рассылкі. Фота з фэйсбук-старонкі Андрэя Стрыжака

Усіх, каго датычылася рассылка, аб'ядноўвае толькі адно — яны падпісаныя ў інстаграме на старонкі медыя ці прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Інстаграм дазваляе лёгка збіраць звесткі з усіх публічных старонак.

Як і ў выпадку з мінулай атакай такога кшталту, аналізаваліся толькі інстаграм-акаўнты.

Як праводзіцца рассылка?

Людзям пішуць з акаўнтаў у інстаграме і электронных поштаў, спецыяльна створаных пад гэтую акцыю.

Да гэтых акаўнтаў нічога не прывязана, імёны абраныя адвольна. На сайце, створаным пад мэйл, працуе толькі паштовы сервер. Метаданых у базах таксама няма.

Адкуль звесткі ў тых, хто рассылае іх?

У выкладзеных базах ёсць імя акаўнта і яго апісанне, а таксама ўсе звесткі з акаўнта. У некаторых выпадках пазначаны таксама тэлефоны і мэйлы.

Прадстаўнікі «Кіберпартызанаў» кажуць, што простым парсінгам — то-бок, сканаваннем старонак — выцягнуць адразу ўсе гэтыя звесткі было б немагчыма. Яны схіляюцца да думкі, што пасля парсінгу звесткі праганяліся праз нейкую базу спецслужбаў Беларусі (у некаторых выпадках у акаўнтах не пазначаліся тыя звесткі, якія ёсць у выкладзенай базе).

Чалавек, пазначаны як кантактны акаўнт у канале з базамі, сказаў, што яго мэта — «папярэдзіць звычайных людзей». Ён адмовіўся расказваць, якім чынам здабытыя кантактныя звесткі людзей. І адзначыў, што яму складана сказаць, якія ёсць рызыкі для тых, хто на нешта падпісваецца, але «ў сілавых структурах амаль напэўна ёсць розумы, якія могуць здабываць яшчэ больш звестак».

Мы не ведаем дакладна, якім менавіта чынам здабытыя тэлефоны і мэйлы. Таксама мы не можам адназначна сказаць, робяць гэта спецслужбы або нейкі энтузіяст, які з імі супрацоўнічае.

Як абараніцца?

Па-першае, калі вы перажываеце за сваю бяспеку, праглядзіце свае падпіскі і адпішыцеся ад усяго, што можа быць для вас небяспечным.

Па-другое, закрыйце сваю старонку ў інстаграме — так будзе складаней здабыць пра вас звесткі ў наступны раз.

Таксама вы можаце стварыць ананімную старонку ў інстаграме і чытаць навіны праз яе. У такім выпадку лепш гэта зрабіць праз браўзер тэлефона ці камп'ютара — каб яе знішчыць, будзе дастаткова пачысціць кэш браўзера. Калі вы хочаце зрабіць яе ананімнай, то скарыстайцеся прынцыпамі з нашага гайда.

Важна разумець, што ў любой сацсетцы большасць вашых дзеянняў будзе даступная каму заўгодна. Гэта агульны прынцып іх працы і ўвогуле канцэпцыя існавання сацыяльных сетак.

Калі вы хочаце зрабіць рэвізію ўласнай бяспекі, то перачытайце яшчэ раз нашы гайды, размешчаныя пад артыкулам.