Политика

Ірына Марозава

Магда: «Сітуацыя вакол манеўраў беларускай арміі блізу ўкраінскай мяжы ёсць трагікамічнай»

Украінскі палітолаг Яўген Магда — пра нязграбны манеўр і «міралюбнасць» беларускіх уладаў.

Прыканцы чэрвеня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў аб актывізацыі ўкраінскай выведкі, запуску беспілотнікаў і іншых «актыўнасцях» ля мяжы. Мінабароны аператыўна адправіла на баявое дзяжурства дывізіён РСЗА «Паланэз».

Амаль адразу ў гэтым раёне пачалася раптоўная праверка боегатоўнасці войска. Начальнік Генштаба Павел Муравейка заявіў аб прыбыцці ўкраінскага спецназу да мяжы, мініраванні і нарошчванні інжынерных загарод —і зрабіў выснову, што трэба сцягнуць вайскоўцаў і ўзбраенні, каб «своечасова адрэагаваць» на нейкія правакацыі.

Нягледзячы на гэтую рыторыку, Украіна дамаглася вызвалення пяці сваіх грамадзян, якія знаходзіліся ў беларускіх турмах і СІЗА — прычым беларускія ўлады гэта ніяк публічна не пракаментавалі.

На парадзе ў Мінску 3 ліпеня Лукашэнка сцвярджаў, што пасля «абвастрэння на мяжы» нібыта тысячы добраахвотнікаў тэлефанавалі ў ваенкаматы і выказалі гатоўнасць абараняць Беларусь. А менш чым праз два тыдні, 13 ліпеня, раптоўна сказаў, што напружанасць ліквідаваная, і даручыў адвесці войскі з паўднёвых межаў

– Сам напружанасць стварыў, сам напружанасць зняў, — адрэагавалі  ўкраінскія каналы. Але гэта ўсё ж не дае адказу на пытанне, дзеля чаго наогул спатрэбілася нагнятаць напружанасць, пагражаць уяўным дыверсантам мерамі ў адказ, ганяць туды-сюды вайскоўцаў і тэхніку, а потым здаваць назад?

— Сітуацыя вакол манеўраў беларускай арміі блізу беларуска-украінскай мяжы насамрэч ёсць трагікамічнай, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг, дырэктар Украінскага інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Трагікамічнасць палягае ў тым, што ў гэтых манеўрах багата імітацыі, піяру і гульні на крыві.

У сакавіку-кастрычніку 2022 года з тэрыторыі Беларусі па тэрыторыі Украіны ляцелі сотні ракет, і ва Украіне пра гэта не забылі.

Таму, калі Лукашэнка пачынае расказваць пра сваю міралюбівасць, гэта выглядае досыць смешна, з аднаго боку, а з другога — гэта смех са слязамі на вачах, бо ягоная «міралюбнасць» каштавала мноства людскіх жыццяў.

Аднак, калі вярнуцца ўласна да цяперашняй сітуацыі, Лукашэнка баіцца ўцягвання сваёй арміі ў вайну супраць Украіны. Ён баіцца таго, што Масква яго да гэтага прымусіць (а трэба адзначыць, што пасля 24 лютага 2022 года шлейка, на якой Крэмль трымае Лукашэнку, робіцца ўсё карацейшай, таму ён вымушаны дзейнічаць так, каб свой павадок крыху аслабіць).

Менавіта гэта, мяркуе палітолаг, ёсць прычынай імітацыі беларускім рэжымам «небяспекі» на беларуска-украінскай мяжы, дзеля адбіцця якой спатрэбілася падцягнуць «Паланэзы», «Іскандэры» (апошнія акурат расійскія, якімі абстрэльвалі Украіну).

Але кожны, хто ў цвярозай памяці, хто ведае суадносіны сіл беларускай і ўкраінскай арміі і ведае ўзровень боегатоўнасці беларускай арміі, усведамляе, што для Беларусі ўдзел у агрэсіі супраць Украіны ёсць авантурай.

А ва Украіны няма ніякай ані патрэбы, ані зацікаўленасці ці неабходнасці ў тым, каб на тысячу кіламетраў павялічваць фронт у супрацьстаянні з Расіяй, бо Беларусь на сёння падпарадкаваная Расіі.

— Таму, калі Лукашэнка прыязджае і гаворыць, што нібыта «дамовіліся», «пасля пэўнай нашай працы ўкраінцы адвялі войскі» — гэта піяр для ўнутранага спажыўца.

Ён нагадвае радкі афіцыйнага гімну Беларусі: «Мы, беларусы, мірныя людзі». Гэта праўда, і ва Украіне ведаюць, што беларусы — звычайныя беларусы — ваяваць не хочуць, таму што заўжды між украінцамі і беларусамі былі нармальныя добрасуседскія стасункі. Адпаведна, мы будзем і далей гэтага прытрымлівацца.

Але ў Беларусі мусяць дакладна разумець, што падобныя правакацыі не паляпшаюць стасункі паміж нашымі краінамі. І тое, што на сёння захаваліся дыпламатычная стасункі — гэта добрая воля Украіны, і гэта таксама трэба разумець. Таму Лукашэнка ў сваіх дзеяннях будзе ўсё ж такі абмежаваны, і на мой погляд, сітуацыя далей будзе больш-менш стабільнай.

Баявых дзеянняў за захаванне Лукашэнкі ва ўладзе на беларуска-украінскай мяжы не будзе, гэта для мяне зразумела. А якімі будуць наступствы ці іншыя крокі — жыццё пакажа.

Я разумею, што змены ў Беларусі цяпер моцна залежаць ад агульнай сітуацыі ў свеце, і перадусім ад развіцця ўкраінска-расійскай вайны. Таму хацеў бы, каб грамадзяне Беларусі ўсведамлялі: толькі параза Расіі можа выклікаць рэальную змену ўлады ў Беларусі — такой улады, якая будзе не падпяваць Крамлю, а адстойваць інтарэсы вашай цудоўнай і цікавай краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)