Филин

Юлія Кот

«Міграцыйны крызіс штучна справакаваны лукашэнкаўскім рэжымам. Але гэта не значыць, што кожная дэталь гэтага крызісу плануецца і рэжысуецца»

Палітолаг Пётр Рудкоўскі ў каментары Филину — пра тое, што стаіць за абвастрэннем на беларуска-польскай мяжы.

Польшча вырашыла ўсё ж не адкрываць пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю, і ў гэтым няма нічога дзіўнага. Бо толькі было прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск распавёў, што такая магчымасць разглядаецца, як з беларускага боку колькасць нелегальных спроб перасячэння мяжы вырасла ў разы, а мігранты сталі больш агрэсіўнымі. Апошні напад на памежніка адбыўся літаральна днямі, 3 чэрвеня, вайсковец быў моцна траўмаваны. А а 6-га стала вядома, што адзін з параненых раней польскіх вайскоўцаў памёр у бальніцы.

Выглядае на тое, што такі адказ беларускі рэжым даў наўмысна. Але навошта яму эскалацыя?

Некаторыя аналітыкі лічаць, што цяперашняя актыўнасць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы — гэта праверка, як Польшча рэагуе на падобныя правакацыі, і ў залежнасці ад рэакцыі ўладаў і вайскоўцаў магчыма больш сур’ёзнае сутыкненне. Ёсць і іншыя версіі: прыкладам, што Мінск і Варшава ў чарговы раз не дамовіліся наконт вызвалення Анджэя Пачобута, і калі польскі бок быў гатовы рабіць крокі насустрач, беларускі рэжым успрымае любыя кампрамісы як слабасць, а таму — б’е першым.

А магчыма, рэч у тым, што беларускім уладам папросту не патрэбная нармалізацыя стасункаў з суседзямі? Па-першае, гэта складае нязручнасці беларусам для выезду за мяжу, а па-другое, пакуль падтрымліваецца градус напружанасці, можна расказваць пра «ляскат гусеніц танкаў НАТА» і ківаць Крамлю: маўляў, не можам мы ваяваць, ахоўваем заходнія рубяжы ды прыкрываем спіну галоўнага саюзніка. Ці гэта ўжо канспіралогія?

У чым усё ж можа палягаць прычына цяперашняй эскалацыі на беларуска-польскай мяжы, Филин абмеркаваў з доктарам філасофіі, палітолагам Пятром Рудкоўскім. Той не схільны бачыць алармісцкія сцэнары ў нядаўніх падзеях:

Пётр Рудкоўскі

— Думаю, што гэта супадзенне, — мяркуе Пётр Рудкоўскі. — Ясна, што сам міграцыйны крызіс штучна справакаваны лукашэнкаўскім рэжымам (хутчэй за ўсё, у паразуменні з Крамлём). Але гэта не значыць, што кожная дэталь гэтага крызісу плануецца і рэжысуецца.

Калі мігранты дабіраюцца да мяжы з ЕС, дзейнічае логіка стыхіі: мігранты самі робяць усё магчымае, каб «прарвацца». Нешта падобнае мы назіраем і на іншых напрамках (балканскі, італьянскі), з той розніцай, што там гэта дзеецца без удзелу аўтакратаў.

Павелічэнне колькасці спроб нелегальнага перасячэння мяжы назіраецца з канца красавіка — пачатку траўня. Няцяжка здагадацца, што гэта звязана з пацяпленнем надвор'я. Нешта падобнае было і ў мінулым годзе, адно што агульныя маштабы былі меншымі.

Што да ранення польскага памежніка, што мела месца 3 чэрвеня, — гэта... ну, можа, не «штодзённасць», але рэгулярнасць памежных рэалій. Ад пачатку бягучага года гэта ўжо восьмы такога кшталту  выпадак. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(8)