Побыт у шэлтары – часовы. Напрыклад, калі Грузія – канчатковае месца прызначэння, то пражыванне ў шэлтары дае магчымасць аглядзецца, выйсці на мясцовую дыяспару, атрымаць дапамогу ў пошуку сталага жытла. Гэта не санаторны варыянт, а менавіта месца часовага пражывання для тых, хто ўцякае ад рэпрэсій.
«Мы працуем дзеля таго, каб шэлтары для былых палітвязняў і рэпрэсаваных беларусаў функцыянавалі столькі, колькі спатрэбіцца»
Сузаснавальнік, кіраўнік фонда BY_help Аляксей Лявончык у інтэрв’ю «Салідарнасці» – пра дапамогу тым, хто вымушаны ўцякаць з Беларусі.
У сакавіку чатыры вядучыя арганізацыі па дапамозе палітычным рэпрэсаваным абвясцілі аб стварэнні «Службы хуткай гуманітарнай дапамогі». Такім чынам аб’ядналіся высілкі чатырох арганізацый: грамадскай кампаніі BY_Help, фонд BYSOL, ініцыятыва Dissidentby і фонд «Краіна для Жыцця».
Грамадская кампанія BY_Help пад кіраўніцтвам Аляксея Лявончыка займаецца ў тым ліку рэабілітацыяй былых палітычных вязняў у Беларусі і за межамі краіны.
У Польшчы і Грузіі працуюць шэлтары – месцы часовага пражывання для былых палітзняволеных і беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў.
– Праз усе нашыя шэлтары прайшлі больш за 200 чалавек, распавядае «Салідарнасці» Аляксей Лявончык. – Пра пяць шэлтараў мы не можам распавядаць публічна, бо такія ўмовы нашых партнёраў. Але ёсць шэлтары, пра якія можам весці гаворку: ва Уроцлаве і нядаўна адчынены ў Батумі.
Калі мы паглядзелі, як функцыянуюць першыя шэлтары, зразумелі, што попыт ёсць таксама ў іншых гарадах, як Польшчы, так і Грузіі, бо туды едуць палітычныя ўцекачы.
Попыт нават ёсць у Літве, але там хутчэй за ўсё мы арганізуем часовае месца пражывання – гэта будуць кватэры бо кошты абслугоўвання асобнага дома вышэйшыя за ўтрыманне некалькіх кватэр з камуналкай.
Таксама ёсць запыты з боку BYSOL, які эвакуюе людзей, і саміх уцекачоў, а таксама з боку дыяспар. Калі шэлтар у Батумі выйдзе на запаўняльнасць працэнтаў 75, мы рыхтуемся адкрыць яшчэ адзін шэлтар у Тбілісі.
Калі BYSOL вывозіць уцекачоў, нашая частка працы – знайсці жытло для гэтых людзей. Раней мы здымалі жытло для кожнага эвакуяванага, а пасля палічылі: навошта плаціць штораз за airnbnb, калі можна зняць нешта на доўгі тэрмін, і гэта будзе танней.
Тых, для каго часовым прытулкам будзе батумскі, ўроцлаўскі ці тбілісскі шэлтар, селяць у дамах. Мы не ператвараем іх у хостэл. Імкнемся стварыць месцы камфортнага пражывання для ўцекачоў двух катэгорый: былыя палітзняволеныя і больш шырокае кола рэпрэсаваных (сем’і палітзняволеных і людзі, якія ўцякаюць ад рэпрэсій, але не прайшлі праз турмы, альбо прайшлі, выйшлі і ім пагражае новая крыміналка).
Звычайна ў доме 4-5 спален і агульная прастора.
У нармальным рэжыме мы плануем засяляць па колькасці пакояў, калі людзі не знаёмыя паміж сабой. Для былых палітзняволеных прыватнасць пасля турмы вельмі важная. Людзям, якія ўцякаюць ад рэпрэсій, хочацца забяспечыць пэўны камфорт, бо дарога для іх была вельмі стрэсавая.
Мы стараемся не набіваць пад завязку ніводзін з нашых шэлтэраў. Калі гэта сям’я, канешне, паселім яе у адным пакоі. Ёсць пакоі большыя, для трох чалавек, ёсць меншыя – там, дзе толькі муж з жонкай могуць размясціцца. Кали гэта буддзе 3-4 чалавекі, то два пакоі будзем аддаваць.
У стандартным рэжыме функцыянавання ў нас максімум можа быць два чалавекі на пакой, калі яны знаёмыя, а незнаёмых мы селім у розных пакоях. Звычайна ў шэлтары жыве ад 4 да 8 чалавек.
Да аднаго месяца чалавек можа жыць у шэлтары, калі ён рэпрэсаваны. У выпадку з былымі палітзняволенымі тэрмін такі самы, апроч выпадкаў, калі ён (яна) падаўся на ўдзел у праграме рэабілітацыі. Тады тым можна жыць два месяцы.
Мы працуем дзеля таго, каб шэлтары для былых палітвязняў і рэпрэсаваных беларусаў функцыянавалі столькі, колькі спатрэбіцца
Пры засяленні ўцекачы атрымліваюць суправаджэнне, іншую падтрымку аказваюць нашыя калегі з «Службы хуткай гуманітарнай дапамогі».
Мы можам даць месца для пражывання, а таксама ўдзел у праграме медыцынскай рэабілітацыі для былых палітвязняў. «Краіна для жыцця» разам з мясцовай дыяспарай займаецца юрыдычнай падтрымкай, ініцыятыва Dissidentby займаецца дапамогай сем’ям.
То бок, чалавека вывез BYSOL, у Грузіі засяліў BY_Help, «Краіна для жыцця» патлумачыць, як зрабіць візу, каб выехаць у Еўропу. А калі чалавек паехаў у Арменію, і яго арыштавалі, бо ён у вышуку, мы можам дапамагчы яму вызваліцца, Dissidentby можа аказаць аднаразовую дапамогу, а BYSOL – адкрыць збор. Фактычна мы адно аднога дапаўняем.
Калі ў вас ёсць патрэба ў шэлтары, пішыце @Michas_help.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное