Тэма Эўропы — як для Вашынгтона, гэтак і Пэкіну — будзе далёка не на першым месцы, у тым ліку і вайна Расеі супраць Украіны, у тым ліку і тэма Беларусі. На жаль.
«На жаль, для Вашынгтона і Пэкіну тэма вайны ва Ўкраіне і тэма Беларусі будуць далёка не на першым месцы»
Публіцыст і прадстаўнік Рады БНР Сяргей Навумчык – пра замах на Трампа і яго наступствы.
– Думаю, параза Байдэна была перадвызначаная да замаху да Трампа, менавіта ягоным фізычным станам. Цяпер, мяркую, перамога Трампа хай і не 100% (такую ўпэўненасьць можа даць толькі Гасподзь), але амаль несумненная, – піша Навумчык. – Калі ж дэмакраты не заменяць Байдэна, Трамп будзе абраны зь верагоднасьцю 99%.
Чым можна патлумачыць выбар Трампам кандыдатуры Вэнса на пасаду віцэ-прэзыдэнта? Я спадзяваўся, што кандыдатам ад рэспубліканцаў будзе Нікі Хэйлі. Хэйлі валодае ўнікальным спалучэньнем унутрыпалітычнага (была губэрнатарам) і зьнешнепалітычнага досьведу (як экс-прадстаўніца ЗША ў ААН). Але яна сышла з дыстанцыі.
Спадзяваўся, што Трамп намінуе яе на віцэ-прэзыдэнтку. Цяпер застаецца спадзявацца, што ёй будзе прапанавана пасада дзяржсакратара.
Выбар Трампам кандыдатуры Вэнса, на маю думку, тлумачыцца суб’ектыўнымі і несубʼектыўнымі прычынамі.
Субʼектыўна — Трамп зрабіў свой выбар, сыходзячы з крытэрыю асабістай адданасьці. Яму патрэбны цалкам адданы чалавек, бо ён мае досьвед «здрады» з боку віцэ-прэзыдэнта Пэнса, які не падтрымаў Трампа ў апошнія дні ягонага прэзыдэнцтва (т.зв. штурм Капітолія).
Аб’ектыўна, мы бачым разьлік калі не самога Трампа, дык кіраўніцтва Рэспубліканскай партыі на пэрспэктыву. А менавіта — на тое, што наперадзе, у бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі, міжнародная палітыка будзе шмат у чым вызначацца глябальным супрацьстаяньнем ЗША і Кітая.
Гэтае супрацьстаяньне ў эканамічнай і палітычнай сфэрах ідзе ня першы год, наперадзе, мяркуючы па ўсім — супрацьстаяньне ваеннае.
І вось у гэтым сэнсе выбар менавіта Вэнса лёгка патлумачыць — ён быў адным з ініцыятараў заканадаўчых актаў, якія істотна абразалі апэтыты Кітаю на амэрыканскім, і ня толькі амэрыканскім рынку. Магчыма, рэспубліканцы рыхтуюць Вэнса кандыдатам на наступныя выбары.
Вэнса называюць «галоўным антыўкраінцам» Амэрыкі, і выглядае, што такая ацэнка недалёкая ад ісьціны. Ён дэманстратыўна гартаў кніжку казак, калі абмяркоўвалася пытаньне дапамогі Ўкраіне.
Але ёсьць два моманты. Першы — мы ведаем, што ён здольны мяняць сваю пазыцыю на 180 градусаў (калісьці ён в рэзка выступаў супраць Трампа). А другое — прэзыдэнтам часта даводзіцца рабіць зусім ня тое, што яны абяцалі на выбарах. Прыгадаем, што на першую сваю прэзыдэнцкую кадэнцыю Абама ішоў з намерам заняцца ўнутрыэамэрыканскімі праблемамі — а давялося, у значнай ступені, займацца міжнароднымі.
І, нарэшце, тое, з чым, магчыма, значная частка чытачоў не пагодзіцца. Прынята лічыць, што дэмакраты болей робяць для Ўкраіны, чым рабілі б рэспубліканцы.
Але (гэта маё асабістае меркаваньне) у 2022 годзе Байдэн мог зрабіць (прычым без усялякага ўзгадненьня з прарэспубліканскім Кангрэсам) тое, што аднойчы і назаўсёды скончыла б з Пуціным, а значыць і з Лукашэнкам: прымяніць тыя ваенныя працэдуры (у т.л. зачыніць неба), пра якія прасіў Зяленскі.
Але гэтага не было зроблена…
Увогуле, мы цяпер жывем у той час, калі, як гаворыцца, падзеі надзвычай цікавыя для будучых гісторыкаў — але вельмі цяжкія для сучасьнікаў. Усё можа зьмяніцца вельмі хутка, і таму рабіць прагноз — няўдзячная справа. Застаецца толькі, як і заўжды, спадзявацца на лепшае.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное