Заклікі ў імя «традыцыйных каштоўнасцяў» перамяжаюцца з ініцыятывамі пракуратуры па крымінальным пераследзе за «прапаганду чайлд-фры», а пад стымуляваннем нараджальнасці маюцца на ўвазе перадусім грашовыя дапамогі, якія дзяржава адной рукой бацькам дае, а другой імкнецца скараціць, і ўпікае ва ўтрыманскіх настроях. Дый з жытлом не ўсё так проста: колькасць кватэр для шматдзетных сем’яў увесь час змяншаецца.
«Нават дзіўна, што не даходзіць да публічных успамінаў, як бабулі і прабабулі нараджалі проста ў полі»
Антырэкорд па нараджальнасці за апошнія 70 год — лагічны вынік не толькі дэмаграфічнай ямы, але перадусім дзеянняў беларускіх уладаў.
У Беларусі — рэкордна нізкая нараджальнасць. Паводле закрытай справаздачы Міністэрства аховы здароўя, якую ўдалося атрымаць ініцыятыве BELPOL, на 1 студзеня мінулага года ў нашай краіне было 83 575 дзяцей ва ўзросце да 1 года, а на пачатак 2024 года – 76 872.
Як падлічылі «Белыя Халаты», нараджальнасць летась складала 6,96 на 100 тысяч насельніцтва. І гэта, сведчаць медыкі, найгоршы паказчык за ўвесь час назіранняў — з 1955 года.
Між тым, нядаўна прадстаўнікі Мінпрацы аптымістычна заявілі, што прагнозы станоўчыя: «Беларусь пачне выходзіць з дэмаграфічнай ямы да 2030 года», бо пачне нараджаць пакаленне 2000-х.
Такое меркаванне выказаў намеснік міністра Валерый Кавалькоў на адзіным дні інфармавання ў Мінску. Чыноўнік паўтарыў тэзісы пра дзярждапамогу і выплаты сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей — у тым ліку аплочваемы 3-гадовы водпуск, які «Беларусь, адна з нямногіх краін, можа сабе дазволіць», ільготныя крэдыты на жытло і г.д.
І запэўніў, што па ўсіх сацыялагічных апытаннях, дзеці і сям’я — адна з галоўных каштоўнасцяў для беларускай моладзі.
Але па сутнасці атрымліваецца, што нічога новага беларускія ўлады дзеючым і патэнцыйным бацькам не прапануюць: усё той жа бізун і пернік.
Пры гэтым, як адзначаў акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі, ніхто не кампенсуе бацькам выдаткі не грашовыя, але часовыя — той час, які неабходна выдаткаваць на навучанне, лячэнне, развіццё і, між іншым, «патрыятычнае выхаванне», якое дзяржава ўскладае на сем’і.
У такім ракурсе трохгадовы водпуск па доглядзе за дзіцем — ніякая не перавага, а вымушаная неабходнасць, інакш у большасці выпадкаў сярэднестатыстычныя бацькі — не робаты, жывыя людзі, – не змогуць якасна выконваць і працоўныя, і сямейныя абавязкі.
Але гэты момант чыноўнікі лоўка абмінаюць, як і адсутнасць інфраструктуры (колькасць ясляў і дзіцячых садкоў банальна не паспявае за будоўляй жылля) і кадраў, прапісанага ў законе абавязковага водпуску бацькі па доглядзе за дзіцем, гендарны разрыў у заробках і многія іншыя нязручныя «але».
Затое з задавальненнем падключаюць прадстаўнікоў царквы да прапаганды «традыцыйных сямейных каштоўнасцяў», а ідэолагаў усіх масцей — да фармавання вобразу маці як галоўнай ролі жанчыны.
Нават дзіўна, што не даходзіць да публічных успамінаў, як бабулі і прабабулі нараджалі проста ў полі.
Але заклікі заклікамі, пагрозы пагрозамі, а грамадзяне чамусьці не праяўляюць патрэбнай «свядомасці» і нараджаць новых беларусаў ударнымі тэмпамі не хочуць. Адток актыўных людзей з Беларусі ў суседнія і не вельмі блізкія краіны таксама не спыняецца, у той час як высокакваліфікаваныя замежнікі не спяшаюцца масава ехаць у Беларусь.
Вынік несуцяшальны: на пачатак 2024 года, паводле звестак Белстата, у Беларусі пражывала ўжо меней за 9,256 мільёна чалавек — і толькі за апошні год «зніклі» амаль 45 тысяч чалавек. Гэта прыкладна ўвесь Ваўкавыск з парай вёсай, альбо Смалявічы і Мар’іна Горка разам… І калі нічога не зменіцца, мяркуе Леў Львоўскі, да канца стагоддзя насельніцтва ў нашай краіне застанецца 3-3,5 мільёны.
Аляксандр Лукашэнка марыў пра насельніцтва Беларусі ў 30 мільёнаў чалавек, але пакуль задача стаіць утрымаць — падобна, ужо і не 9,2, а мо і не 9 мільёнаў. Інакш яшчэ адна непрыемная для ўладаў рэч, неабходнасць падвышэння пенсійнага ўзросту, стане рэальнасцю.
Гэта зараз правіцель адмяніў абмежаванні на памер выплат працуючым пенсіянерам, за кошт якіх часткова закрываецца дэфіцыт работнікаў — а што далей, калі занятых у эканоміцы стане яшчэ менш, з чыіх падаткаў выплочваць тыя пенсіі?
Пакуль жа кірункі дэмаграфічнай палітыкі, прапісаныя ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі, выглядаюць спалучэннем прапагандысцкіх штампаў і чыноўніцкіх фантазій.
Бо ніякая адрасная сацыяльная падтрымка, «прыток працаздольнага насельніцтва з бліжняга замежжа», «карта беларуса» і іншыя ініцыятывы не спрацуюць без пачуцця базавай бяспекі і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні — а іх рэжым Лукашэнкі забяспечыць не здатны.
Читайте еще
Избранное