Навумчык: «І пратэсты ў беларусаў мірныя — што супраць катаваньняў, што супраць вялікадзяржаўнага інтэлектуальнага прыніжэньня»

Публіцыст — пра тое, як Быкава зрабілі «лучшим автором русской военной прозы».

— Паслухаў лекцыю аднаго маскоўскага літаратара пра Быкава, — піша Сяргей Навумчык. — Літаратара апазыцыйнага, «інагента», антыпуцінца, словам, «весь набор, все дела». Нібыта слушна казаў, дакладна назваў сутнасьць выбару, перад якім Быкаў ставіць сваіх герояў: так ці інакш, чалавека чакае сьмерць, цяпер ці праз паўстагодзьдзя, і таму важна, кім і як ён пакіне гэты сьвет.

Сяргей Навумчык

Але: прамоўца безапэляцыйна далучае Быкава да «русской литературы», называе яго «лучшим автором русской военной прозы», дзеяньне твораў якога адбываецца «в Белоруссии».

Вядома, пры ўсёй унівэрсальнасьці тэмаў — важны і рэгіянальны калярыт. Шолахаў пісаў «пра Дон», Твардоўскі — «пра Смаленшчыну», Астафьеў і Распуцін — «пра Сібір», Бажоў — «пра Ўрал», Трыфанаў — гэта Масква, Акуджава ўвогуле Арбат. Бродзкі — той «на Васильевский остров я приду умирать».

Пачынаць, канешне, варта з Гогаля — ён пра Маларосію пісаў (пакуль не пажыў у Піцярбургу і не загаласіў «Русь, куда несёшься ты?..»). Ну а Быкаў — гэта, ясна, «песни партизан, алая заря, молодость моя, Белоруссия».

Так ці інакш, усе разам яны — «великая русская литаратура».

А вось пра ўкраінскіх літаратараў масквічы як пра расейскіх ня кажуць — бо ім імгненна ўзгадаюць Бучу. І ня толькі ўзгадаюць — могуць і па фэйсу, могуць і дамагчыся выгнаньня з ўнівэрсытэцкай кафэдры.

Пратэсты ж беларусаў 2020-га, падаўленыя пры падтрымцы Расеі — неяк забыліся. Тэма вельмі хутка выпала з майнстрыму. Ды й беларусы — людзі ціхія, рахманыя. Мірныя людзі, і пратэсты мірныя — што супраць катаваньняў, што супраць вялікадзяржаўнага інтэлектуальнага прыніжэньня. Ды й увогуле, цяпер — ніякіх пратэстаў.

Дарэчы, нават у беларускіх камэнтатараў сустракаю ўзгадкі, што Быкаў пісаў па-руску, а потым перакладаў на беларускую. Гэта — няпраўда. Ягонай роднай мовай была беларуская.

Працуючы ў 1950-х-60 у газэце, у «Гродненскай праўдзе», Быкаў перакладаў чужыя журналісцкія матэрыялы з расейкай на беларускую (газэта выдавалася на двух мовах). Вучыць беларускую мову адмыслова Быкаву не было дзе, ды й не было патрэбы — гэта была яго мова.

Сваю прозу, ва ўсякім разе тую, якую пачаў друкаваць, ён пісаў па-беларуску адразу. І калі вы пачытаеце «Сотнікаў» і «Сотников», вы пераканаецеся, што мова ў беларускім арыгінале багацейшая. Можна нават знайсьці полацка-вушацкія т.зв. дыялектызмы ў апісаньнях прыроды, якая звычайна мае ў Быкава важную сэнсавую нагрузку. Пра гэта мне калісьці добра гаварыў Барадулін, таксама родам з Вушаччыны (думаю, ня мне аднаму, і спадзяюся, што ня толькі гаварыў, але недзе і запісаў, ён жа вёў дзёньнік).

І якраз таму, што перакладчыкі на расейскую спрашчалі ягоную мову, Быкаў зь нейкага моманту (зь сярэдзіны-канца 60-х) пачаў перакладаць свае аповесьці на расейскую сам.

Так што Быкаў такі ж расейскі пісьменьнік, як Альбэр Камю альбо Генрых Бёль. Ці Коба Абэ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(36)