Быкаў-100

Навумчык: «Ідэолагі ўлічылі асабістую нелюбоў да Быкава Лукашэнкі, які ня можа дараваць і праз дваццаць гадоў пасьля сьмерці»

Публіцыст — пра помсту класіку ад рэжыму і немагчымасць выкрасліць імя Быкава са свядомасці беларусаў.

— Улады фактычна праігнаравалі 100-годзьдзе Васіля Быкава, — піша Сяргей Навумчык. — Некалькі выставаў (адна зь якіх зачынілапся неўзабаве пасьля адкрыцьця), кароткія інфармацыі ў некалькіх выданьнях — вось, бадай, і ўсё.

Сяргей Навумчык

Нават расейскі дзяржаўны канал «Культура» зрабіў прысьвечаную Быкаву рэтраспэктыву — паказалі экранізацыі твораў, запісы інтэрвію, архіўную перадачу з удзелам Генадзя Бураўкіна і Ўладзімера Някляева (паэты, чые імёны кіраўнікі і дыктары цяперашняга БТ могуць вымавіць хіба што абліваючыся халодным потам).

Гэта сьведчыць, што, хаця інфармацыйная палітыка рэжыму робіцца з улікам пажаданьняў Масквы, у тэме Быкава лукашэнкаўскія ідэолягі мелі пэўную свабоду і маглі б даць хаця б нейкія нейтральныя сюжэты, прывязаўшы іх, як яны гэта раней рабілі, да тэмы «великой Победы». Пра падтрымку ім Пазьняка і БНФ, ягоны ўдзел у нацыянальным руху я ўжо не кажу, хаця бяз гэтага партрэт Быкава апошняга пэрыяду ягонага жыцьця няпоўны.

Але ў выпадку зь юбілеем ідэолягі рэжыму пажадалі быць, як кажуць, «сьвяцей за Папу Рымскага», не рызыкуючы раззлаваць Маскву. А па-другое — улічылі асабістую нелюбоў да Быкава Лукашэнкі, які не дараваў яму нэгатыўных ацэнак пры жыцьці і ня можа дараваць і праз дваццаць гадоў пасьля сьмерці.

Ёсьць і больш важная прычына.

Проза Васіля Быкава — ня проста лепшае, што калі-небудзь было напісана на беларускай мове. Быкаў узьняў беларускую літаратуру да ўзроўню эўрапейскіх, сусьветных шэдэўраў. І калі яшчэ дзесяцігодзьдзі ці нават стагодзьдзі ніхто з нашых літаратараў не наблізіцца да ўзятага Быкавым узроўню — пакаленьні нашых нашчадкаў могуць ганарыцца тым, што ў нас быў (і ёсьць!) Быкаў.

А гонар — гэта зусім ня мала. Уласна, ідэя шмат якіх твораў Быкава ў гэтым і палягае: чалавек паміж жыцьцём і сьмерцю выбірае сьмерць, але захоўвае гонар.

Для нацыі ж гонар азначае жыцьцё.

Будзе памылкай сказаць, што для рэжыму Лукашэнкі нацыянальны гонар — пустое месца. Якраз наадварот. Адрозна ад часткі беларусаў, рэжым вельмі добра ўсьведамляе значнасьць для разьвіцьця (а ў крытычныя часы — і для выжываньня) нацыі мае яе мова, яе гістарычныя сымбалі, постаці яе выбітных творцаў, яе асьветнікаў і яе герояў.

Менавіта таму ў першыя ж дні свайго прэзыдэнцтва — 94-м Лукашэнка напусьціў АМАП на ўдзельнікаў адзначэньня гадавіны бітвы пад Воршай, зьняважыў у 95-м нелегітымным «рэфэрэндумам» Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і «Пагоню», запусьціў працэс ліквідацыі беларускага школьніцтва. Працэс наступу на нацыянальныя каштоўнасьці не спыняўся — проста ў нейкія часы ўлада менш ціснула на грамадзкую ініцыятыву; дзяржаўнага ж спрыяньня не было ніколі.

Зь нядаўняга — ліквідацыя Таварыства беларускай мовы імя Скарыны, забарона твораў Дуніна-Марцінкевіча, зьдзек над памяцьцю паўстанцаў 1863-га году, прызнаньне Рады БНР экстрэмісцкай арганізацыяй, татальнае вынішчэньне з дзяржаўных бібліятэк і спальваньне кніг па беларускай гісторыі і арышты за наяўнасьць «непажаданых» кніг у бібліятэках прыватных — усё гэта частка мэтанакіраванай стратэгіі. Мэта яе — вынішчыць усё беларускае, зрабіць зь беларусаў рускіх.

Паўтараю: гэтая палітыка Лукашэнкам праводзілася з першых дзён прыходу ва ўладу. Проста спачатку яна выклікала супраціў толькі нацыянальна сьвядомай часткі грамадзтва. Большасьць жа цалкам задавальняла формула «Нацыянальны гонар узамен на танныя нафту і газ». «Амаль як у Бібліі — заваюйце нас, але накарміце нас», — горка заўважыў у тыя гады Быкаў.

Замоўчваньне імя Быкава, зьневажаньне ягонай памяці — цалкам у рэчышчы гэтай антынацыянальнай, і, па сутнасьці, антынароднай палітыкі.

Але вось якая дзіўная акалічнасьць.  Нам, школьнікам 70-х гадоў, нічога не казалі імёны Латоўскага, братоў Луцкевічаў, Крэчэўскага, Бадуновай, Серады, Захаркі, іншых заснавальнікаў і дзеячоў БНР. Не «праходзілі» мы ў школе і творы Гарэцкага, Мрыя, Дудара, Кляшторнага, іншых расстраляных бальшавіцкай уладай літаратараў. Ды і вершы нашых сучасьніц Натальлі Арсеньевай і Ларысы Геніюш большасьці з нас былі невядомыя — першая жыла ў эміграцыі, другая пад няспынным наглядам КДБ.

Сёньня ж гэтыя імёны вядомыя тысячам маладых беларусаў, іх шануюць, іх творы чытаюць, сьпяваюць «Магутны Божа» Арсеньевай, які зрабіўся духоўным гімнам беларусаў. А вось прозьвішча ўсясільнага генэрала-чэкіста Цанавы згадваецца пераважна толькі ў сувязі зь ягоным допытам Ларысы Геніюш, падчас якога выбітная паэтка не адраклася ні ад Беларусі, ні ад сумленьня, ні ад ніводнага свайго радка.

Таму ёсьць у мяне прадчуваньне, што, як бы не шчыравалі ідэалягічныя халуі, выкрэсьліваючы імя Быкава з тэлепраграмаў — вынішчыць яго з народнай памяці не атрымаецца. А вось свае імёны ў адзін шэраг побач з Цанавам яны ўпішуць дакладна.

Ня самае лепшае, што можна пакінуць уласным унукам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)